Як зрабіць вучэбны занятак эфектыўным?

Пад такою назваю на базе СШ № 2 г.Ма­ларыты прайшла навукова-практычная канферэнцыя педагагічных работнікаў. 48 педагогаў з 25 устаноў адукацыі раёна ў чатырох секцыях дзяліліся сваімі прафесійнымі рэцэптамі і сакрэтамі, як лепш спраектаваць, “склеіць” урок, зрабіць яго больш цікавым, насычаным, непаўторным. Настаўнікі, выхавальнікі і кіраўнікі фізічнага выхавання дашкольных устаноў, педагогі дадатковай адукацыі, настаўнікі інтэграваных класаў дзяліліся вопытам, якім павінна быць узаемадзеянне на працягу вучэбнага занятку педагога і вучня, як правільна знайсці гармонію паміж зместам і формай, як павысіць матывацыю да засваення новых ведаў, што такое ўрок, які зберагае здароўе… Падчас мерапрыемства не раз выказвалі думку пра тое, што працэс навучання будзе выніковым, а глыбокія, трывалыя і якасныя веды вучні набудуць тады, калі педагог пастаянна шукае, знаходзіць, прымяняе тыя ці іншыя метады, прыёмы, сродкі ў сваёй рабоце.
Сёння працэс навучання і арганізацыйная методыка вучэбнага занятку павінны быць пабудаваны так, каб шырока ўцягнуць вучняў у самастойную творчую дзейнасць па засваенні новых ведаў, і паспяхова іх прымяняць на практыцы. Класна-ўрочная сістэма прадугледжвае розныя формы арганізацыі ву­чэбна-выхаваўчага працэсу, але асноўнай фор­май навучання ва ўстанове адукацыі на сённяшні дзень з’яўляецца ўрок. Асноўныя шляхі яго ўдасканальвання, тыпалогія і структура, агульныя патрабаванні да правядзення, нетрадыцыйныя формы і сучасныя тэхналогіі, міжпрадметныя сувязі, выкарыстанне элементаў рознаўзроўневага навучання, краязнаўчага матэрыялу, мультымедыя і інтэрнэт-рэсурсаў – вось далёка не поўны пералік тых пытанняў, якія абмяркоўвалі педагогі Маларытчыны падчас выступленняў.
— Мы перакананы, што навукова-практычная канферэнцыя педагагічных работнікаў паспрыяе выяўленню, абагульненню, рас­паў­сюджванню і ўкараненню ў практыку лепшага і паспяховага педагагічнага вопыту па арганізацыі і правядзенні цікавых і выніковых вучэбных заняткаў, павышэнню прафесійнага майстэрства, педагагічнай культуры тых, хто сее разумнае, добрае, вечнае, — сказала перад пачаткам работы канферэнцыі Аксана Краўчанка, загадчыца раённага вучэбна-метадычнага кабінета. – Я думаю, што сёння мы атрымаем адказ на пытанні, як зрабіць працэс навучання больш эфектыўным, як вучыць так, каб дзіцяці хацелася вучыцца, каб на кожным уроку было цікава, а значыць – вынікова. Часта новае – гэта забытае старое. Таму плануючы кожны свой урок, педагог павінен памятаць словы, выказаныя больш чым сто гадоў таму А. Анастасіевым, якія, думаецца, з’яўляюцца актуальнымі і сёння: “Новае пакаленне – гэта новы час. І не трэба цягнуць дзяцей у свой час. Трэба самому вучыцца жыць тым часам, у якім сталеюць твае вучні”…
Па выніках работы навукова-практычнай канферэнцыі педагагічных работнікаў плануецца выданне зборніка, дзе будуць змешчаны лепшыя матэрыялы з вопыту работы.
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымку: падчас работы навукова-практычнай канферэнцыі педагагічных работнікаў Маларытчыны.
Фота аўтара.

Опубликовано ГЧ № 39 от 25.05.16г

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!