“Серпанцін” на рэспубліканскай сцэне

З ІІІ рэспубліканскага конкурсу харэаграфічнага мастацтва “DANCE CITY” танцавальны ансамбль “Серпанцін” вярнуўся з кубкамі і дыпломамі.

Тры гады таму назад на базе раённага Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі сабраў першых удзельнікаў ансамбль танца “Серпанцін” пад кіраўніцтвам Аляксандры Вашчынчук. Яго наведвалі 20 дзетак. Яны вывучалі розныя віды харэаграфіі: элементы класічнага танца, народны танец, хіп-хоп, джаз мадэрн і іншыя накірункі сучаснага танца. Ансамбль прымаў удзел у святочных канцэртах, што праводзіліся ў гора­дзе, радаваў гледача сваімі пастаноўкамі. Паступова “Серпанцін” пачалі пазнаваць на сцэне, што прывяло ў калектыў новых удзельнікаў. Сёння тут вучацца танцаваць 70 дзяцей з розных школ горада ва ўзросце ад 6 да 16 гадоў.
Каб выклікаць у дзяцей большую цікавасць да заняткаў, Аляксандра Валер’еўна, мудры і таленавіты кіраўнік, старалася прадставіць свой ансамбль на розных конкурсах, з якіх юныя танцоры вярталіся з узнагародамі. З VII адкрытага конкурсу маладых выканаўцаў “Шаную цябе, Белая Русь” (Мінск, 2014г.) ансамбль прывёз дыплом лаўрэата III ступені ў намінацыі “эстрадны танец”; у танцавальным фестывалі “Калядныя зоркі” (Брэст, 2014 г.) “Серпанцін” заняў першае месца ў намінацыі “Упавшие с небёс”, а таксама першае месца ў намінацыі “Народны танец” і другое месца ў намінацыі “Сучасны эстрадны танец”. Дыплом удзельніка атрымаў калектыў у IV адкрытым конкурсе дзіцячай харэаграфічнай творчасці “Брава, дзеці!” (Мінск, 2015). Дыпломам III ступені ўпраўлення адукацыі Брэсцкага аблвыканкама калектыў быў узнагароджаны на III рэспубліканскім аглядзе-конкурсе дзіцячай творчасці “Здравствуй, мир” (Брэст 2015г.). “Серпанцін” стаў фіналістам IV адкрытага абласнога маладзёжнага конкурсу “Твая Мінута славы” (Брэст, 2016), дзе з 300 удзельнікаў маларыцкія танцоры ўвайшлі ў лік 13 лепшых выканаўцаў (з іх толькі 2 танцавальныя калектывы). Дыплом удзельніка быў уручаны ансамблю і на V адкрытым конкурсе мастацтваў “Хрустальная ліра” (Мінск, 2015).
І вось новая перамога! 14 мая ў Мінску прайшоў III рэспубліканскі конкурс харэаграфічнага мастацтва  “DANCE CITY”. На працягу ўсяго дня лепшыя танцавальныя калектывы і ўдзельнікі студый спаборнічалі ў сваім майстэрстве. У розных узроставых катэгорыях і накірунках прынялі ўдзел 122 харэаграфічныя калектывы з Мінска, Брэста, Жодзіна, Бабруйска, Гомеля, Барысава. У складзе прафесійнага журы былі саліст Беларускага дзяржаўнага заслужанага ансамбля “Харошкі” Васіль Прыходзька, дацэнт кафедры харэаграфіі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, член камісіі па прысваенні калектывам званняў, пастаянны член журы міжнародных конкурсаў Алена Шылкіна, харэограф-пастаноўшчык, педагог вышэйшай катэгорыі, кіраўнік народнага ансамбля танца “Сузор’е”, узорнага ансамбля “Зорачкі” Вадзім Матанцаў і іншыя. А сярод удзельнікаў конкурсу быў і наш ансамбль танца “Серпанцін”.
— Атмасфера пастаяннага руху і музыкі прымусіла хвалявацца ўсіх удзельнікаў конкурсу, – прызнаецца кіраўнік ансамбля Аляксандра Вашчынчук. — Але гэта не перашкодзіла нашым дзецям выступіць ярка. На фоне вялікіх гарадоў маленькая Маларыта ўпэўнена заявіла пра сябе. У намінацыі “Эстрадны танец” (узроставая група 6-8 гадоў) танцавальная кампазіцыя “Червячки” была адзначана спецыяльным кубкам і дыпломам за яркі сцэнічны вобраз. У намінацыі “Народны танец” (узроставая група 12-15 гадоў) танцавальная кампазіцыя “Дыханне Грузіі” атрымала дыплом II ступені і кубак пераможцы. Вядома, без падтрымкі бацькоў удзел дзяцей у конкурсах не абыхо­дзіцца, таму ім асобная падзяка за разуменне і давер.
Творчасць танцавальнага ансамбля “Серпанцін” на ўзлёце. І хочацца пажадаць юным танцорам новых поспехаў, а самому калектыву і яго кіраўніку – натхнення і таленавітых дзяцей.
Святлана МАКСІМУК.
НА ЗДЫМКУ: ансамбль “Серпанцін” на рэспубліканскай сцэне.
Фота Аляксандры ВАШЧЫНЧУК.

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!