Кліентаў сустракае ўсмешкай

Сёння сельскія аддзяленні паштовай сувязі з’яўляюцца карысным сімбіёзам класічнай  пошты з універсальнай крамай, банкам, дзе кліентаў заўсёды чакаюць з ветлівай усмешкай і жаданнем дапамагчы. У гэтым пераканаліся, наведаўшы аддзяленне паштовай сувязі ў вёсцы Макраны, каб сустрэцца з яго маладым начальнікам Наталляй Шаўчук. 

Пасля школы Наталля паехала вучыц­ца ў каледж сувязі ў Брэсце. Перш чым узначаліла Макранскае аддзяленне, набі­ралася прафесійнага вопыту ў Маларыце і Олтушы. Штодня ранкам Наталля едзе на работу з райцэнтра. Кіламетры да Макран пераадольвае маршруткай, а бывае і спадарожнымі машынамі. Аднак мяняць сваё аддзяленне, якое за год работы да водпуску па догляду за дзіцяці і год пасля яго вельмі палюбілася, на іншае не жадае.
– Тут і людзі добрыя, і з паштальёнам Ларысай Шаламай працуем зладжана. Абслугоўваем такія вёскі, як Асавая, Мыслячы, Макраны. У Боркі, Добрасава, Полікі, куды паштальёну цяжка дабірацца на веласіпедзе, прыязджае “пошта на колах”, – расказвае Наталля Шаўчук. – Увогуле, мне падабаецца працаваць ў сельскай мясцовасці. За час работы ў Макранах ведаю амаль усіх кліентаў, ёсць людзі, якія заходзяць у аддзяленне штодня. Бываюць у нас і замежныя госці: расіяне, украінцы. Я чалавек па натуры адкрыты, таму са сваёй работы чэрпаю энергію.
Нашу гутарку з Наталляй не раз даводзі­лася прыпыняць, каб яна абслужыла кліен­таў. Нехта жадаў набыць прадукты, іншыя – праверыць банкаўскі рахунак па картцы, аплаціць паслугі, крэдыты. І кожны з мясцовых жыхароў адзначаў, што Наталля – прафесіянал, справу сваю ведае добра, заўсёды ветлівая і ўважлівая да наведвальнікаў.
– Аказваць паштовыя паслугі мне прыемна. Ведаю, што праца прыносіць карысць: вось нехта атрымаў карэспандэнцыю, ліст ад роднага, які знаходзіцца за тысячы кіламетраў, пенсію ці доўгачаканую пасылку, а іх цяпер прыходзіць многа, асабліва з Кітая. Пры гэтым кожны чалавек гаворыць табе шчыры ”дзякуй”, а значыць, дзень прайшоў недарэмна, – разважае Наталля Шаўчук.
Трэба сказаць, што сёння вясковая пошта працуе на чалавека. Яна прапаноўвае шырокі комплекс паслуг, каб кліент мог разлічыцца ў поўным аб’ёме па сваіх плацяжах і набыць усё самае неабходнае ў адным месцы. Напрыклад, аддзяленне банка ў вёсцы працуе толькі два разы на тыдзень. Таму многія жыхары спяшаюцца ў аддзяленне “Белпошты”, каб заплаціць за “камуналку”, аформіць страхоўку. У мінулым месяцы толькі ад рэалізацыі тавараў аддзяленне атрымала выручку ў 32 мільёны рублёў. Не кожны магазін можа пахваліцца такім тавараабаротам.
Для кожнага кліента ў Наталлі Валян­цінаўны прыпасена добрае слова. Яна ўмела прымяняе ў рабоце такую важную “зброю”, як усмешка. Сітуацыі ў жыцці бываюць розныя, аднак, лічыць жанчына, калі ты падорыш чалавеку ўсмешку, у яго адразу знікае жаданне сварыцца, нават калі ў думках ён збіраўся гэта рабіць.
– Не стамляецеся на рабоце? За дзень Вы, мяркую, праводзіце не менш за сотню “аперацый”. Да таго ж, Вам патрэбна сумяшчаць як мінімум прафесіі касіра, бухгалтара, кіраўніка і прадаўца ды яшчэ быць заўсёды ветлівай і чулай.
– Працаваць зусім не цяжка, таму што адчуваю: прафесію выбрала правільна.

На здымку: начальнік Макранскага аддзялення паштовай сувязі Наталля Шаўчук.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано ГЧ № 39 от 25.03.16г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий