Служба для нашай бяспекі

З чаго пачынаецца кожная краіна? Безумоўна, з мяжы, ахову якой днём і ноччу забяспечваюць мужныя і адказныя людзі – пагранічнікі. Яны трымаюць граніцу “пад замком” для парушальнікаў пагранічнага рэжыму, не дазваляюць кантрабандыстам і нелегальным перасяленцам прабрацца незаўважанымі на тэрыторыю краіны, прадухіляюць кантрабанду наркотыкаў і зброі, захоўваюць спакой грамадзян на прыгранічнай тэрыторыі. Навейшыя тэхнічныя сродкі, якімі забяспечана пагранічная служба, дазваляюць эфектыўна змагацца са злачынцамі. Але ж граніца, нават пры самым лепшым тэхнічным аснашчэнні, – гэта перш за ўсё людзі, якія ў любы час, любое надвор’е нясуць службу для нашай бяспекі.

Лепшы ў сваёй справе
Вельмі напружаныя будні і ў прапаршчыка Паўла Загурэнкі, старшага інспектара пагранічнай заставы «Макраны» аддзела пагранічнай службы «Маларыта». Пасля заканчэння другой гарадской школы ён быў прызваны на тэрміновую ваенную службу ў горад Мар’іна Горка. Прайшоў час, і служба стала для яго работай. А ў 2008 годзе ён папоўніў рады пагранічнікаў аддзела пагранічнай службы «Маларыта».
Да службы Павел Загурэнка з першых дзён ставіцца адказна. Дзякуючы рашучым і ўмелым дзеянням ім было затрымана 5 парушальнікаў Дзяржаўнай граніцы і тавара-матэрыяльных каштоўнасцей на суму 530 мільёнаў рублёў.
Заступаючы ў нарад, пагранічнікі бяруць на сябе адказнасць за мірны сон грама­дзян. Таму, на думку Паўла Паўлавіча, важна правільна ацаніць сітуацыю і не вагацца ў рашэннях.
— Для мяне служба – гэта выпрабаванне на трываласць і магчымасць пры любых абставінах абараняць рубяжы нашай Радзімы, — адзначае пагранічнік.
Нядаўна, дзякуючы правільна выбранай прапаршчыкам Загурэнкам тактыцы і прадуманаму ходу аперацыі, былі затрыманы парушальнікі пагранічнага рэжыму, якія ў начны час пад прыкрыццём цемры спрабавалі ўцячы ад пагранічнага нараду.
Паўла Загурэнку па праву лічаць лепшым спецыялістам заставы.

Па крыві — казах,
у душы — беларус…
…Менавіта так гавораць пра прапаршчыка Паўла Ма-Фын-Цяна, старшыну пагранічнай заставы “Арэхава” аддзела пагранічнай службы “Маларыта”, яго таварышы па службе. Нарадзіўся Павел Віктаравіч у Казахскай ССР, у горадзе Цалінаград (сённяшняя Астана). Першая яго спецыяльнасць – повар-кандытар, якую набыў пасля школы, згадзілася яму і ў жыцці, і на службе. А армейскую службу Павел Ма-Фын-Цян праходзіў поварам у войсках супрацьпаветранай абароны ў Мінску. Спадабалася яму Беларусь, так і застаўся тут, ажаніўся. Цяпер ён шматдзетны тата, выхоўваюць разам з жонкай дваіх сыноў і дачку. Перад тым, як папоўніць рады органаў пагранічнай службы, шмат прафесій змяніў Павел Віктаравіч. А ў 2012 годзе ён стаў старшыной пагранічнай заставы “Навасёлкі” вайсковай часці 2187. За поспехі ў нясенні службы яго не раз адзначала камандаванне. Служба пагранічніка складаная і непрадказальная. Бывае і так, што за некалькі дзён даводзіцца змяніць месцы пражывання і службы. Так атрымалася і ў Паўла Ма-Фын-Цяна, калі яго накіравалі на пагранічную заставу “Арэхава”. Цяпер ён працягвае добрасумленна, з запалам у душы, служыць на маларыцкай зямлі. Яго адданасць сваёй справе выклікае павагу ў ваеннаслужачых пагранічнай заставы “Арэхава”. Для іх ён не толькі старшына, але і добры баявы таварыш.
Дар’я ПАДАЛІНСКАЯ.

Фота з асабістага архіву
герояў матэрыялу.

Опубликовано ГЧ № 40 от 28.05.16г.

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!