Права на дзяцінства
Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь падвяло вынікі штогадовага рэспубліканскага конкурсу дзіцячага малюнку “Права на дзяцінства”. Пераможцаў і прызёраў нядаўна вызначыла спецыяльна створаная прафесійная камісія. У іх лік трапіў і Андрэй Алесік з раённай гімназіі, які закончыў 5 “А” клас.
-Творчае спаборніцтва праводзілася сярод дзяцей у некалькіх узроставых катэгорыях, – кажа Наталля Камянчук, загадчыца аддзела ЗАГС Маларыцкага райвыканкама. – Актыўны ўдзел у ім прынялі калектывы ўстаноў адукацыі раёна. Аднак у выніку адбору ў Мінск на заключны этап былі накіраваны лепшыя малюнкі вучняў раённай гімназіі (9), СШ №1 (13), СШ №2 (3) і дзіцячай школы мастацтваў (5).
Адным з пераможцаў ва ўзроставай катэгорыі 7-12 гадоў стаў Андрэй Алесік. На суд журы ён прадставіў малюнак “Мірнае дзяцінства”.
-Работа выканана гуашавымі фарбамі, – гаворыць Андрэй. – На ёй на ўзгорку, дзе шмат кветак, адлюстраваны танк. Ён упрыгожаны шарамі. На дулу, з якога выглядаюць кветкі і на якім сядзіць хлопчык, дзяўчынка гушкаецца на арэлях. Тэму для малюнка падказала Нэлі Андрэеўна Шпетная, класны кіраўнік. Намаляваў яго за адзін дзень.
Андрэй Алесік малюе з 5 гадоў. Гэтае захапленне яму перадалося ў спадчыну ад маці Аксаны Анатольеўны Мірчук, якая закончыла Кобрынскі прафесійна-тэхнічны каледж выяўленчага мастацтва і народных мастацкіх промыслаў па спецыяльнасці “Настаўнік чарчэння і выяўленчага мастацтва”. Маляваннем Андрэй займаецца амаль кожны дзень у вольны час. Любімыя тэмы для творчасці – героі з савецкіх мультфільмаў, беларускіх і рускіх народных казак, эпізоды, звязаныя з падзеямі Вялікай Айчыннай вайны, а таксама – вясёлыя шаржы на аднакласнікаў.
…Узнагароджванне пераможцаў конкурсу дзіцячага малюнку “Права на дзяцінства” нядаўна прайшло ў Міністэрстве юстыцыі Рэспублікі Беларусь. За першае месца ў творчым спаборніцтве Андрэй Алесік з рук Алега Леанідавіча Сліжэўскага, Міністра юстыцыі, атрымаў дыплом і мультымедыйную акустычную сістэму.
Між іншым, гэта не першая высокая ўзнагарода Андрэя Алесіка. У яго скарбонцы творчых дасягненняў, напрыклад, ёсць дыплом І ступені за ўдзел у міжнародным конкурсе дзіцячага малюнку, які праходзіў у Маскве.
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымках: Андрэй Алесік з Міністрам юстыцыі Рэспублікі Беларусь Алегам Сліжэўскім.
Опубликовано ГЧ № 45 от 15.06.16г.