“Новае актывізуе жыццёвыя рэзервы”

Напрыканцы  чэрвеня  будзе паўгода, як  наш  раён узначаліў новы кіраўнік.  Якімі гэтыя 6 месяцаў  былі  для  старшыні райвыканкама,  чым уразіла  Маларытчына,  што радуе і выклікае хваляванні? На гэтыя і іншыя пытанні  Мікалай Шум адказвае карэспандэнту  райгазеты.

— Мікалай Мікалаевіч, ска­жыце, калі ласка, ці да­водзілася Вам бываць у нашых мясцінах да прызначэння на пасаду старшыні Маларыцкага райвыканкама?
— Так. У Маларыце быў у 2010 годзе на абласным фестывалі — кірмашы «Дажынкі» ў складзе дэлегацыі Іванаўскага раёна, дзе ў той час працаваў. Тады, праўда, у святочнай мітусні пабачыць давялося не надта многа.
— І якія ўражанні пра горад у Вас склаліся пасля больш блізкага знаёмства з ім ужо ў якасці кіраўніка раёна?
— Самыя прыемныя. Я гаварыў пра гэта і на сесіі раённага Савета дэпутатаў падчас майго зацвярджэння на пасаду старшыні райвыканкама. Маларыта мне спадабалася. Сучасны, прыгожы і добраўпарадкаваны гарадок. Я разумею, што зрабіць яго такім удалося дзякуючы абласному фестывалю-кірмашу ”Дажынкі”. І хоць раён яшчэ дагэтуль не разлічыўся за выкананыя работы і рамонты: нам неабходна выплаціць за іх яшчэ 108 мільярдаў рублёў, тое, што зроблена , вельмі добра. Бо ўсё, што створана, — для людзей і дзеля людзей. Адрамантаваныя дамы з двухсхільнымі шатровымі дахамі, пракла­дзеныя водаправодныя сеткі і каналізацыя, новыя тратуары, заасфальтаваныя вуліцы і, вядома ж, цудоўны спартыўны комплекс з басейнам, якога няма ні ў Іванаве, ні ў Драгічыне, дзе працаваў дагэтуль. Праўда, паплаваць у ім усё ніяк не атрымліваецца.
— Мікалай Мікалаевіч, ці цяжка Вам давалася рашэн­не прыняць прапанову ўзна­чаліць Маларыцкі раён і як да гэтага аднеслася сям’я?
— Усякія рашэнні, якія прымаюцца, няпростыя. Таму і я, перш чым пагадзіцца на пасаду кіраўніка Маларыцкага раёна, усё добра узважыў і прадумаў. І, у рэшце рэшт, вырашыў: а чаму не? Узрост яшчэ дазваляе. Адукацыя – таксама. Ды і набыты вопыт работы ў Іванава: за 15 гадоў на пасадзе намесніка старшыні райвыканкама мне не адзін раз даводзілася выконваць абавязкі кіраўніка раёна. Таму ведаў, што гэта за праца і якіх сіл яна патрабуе. А іншы раён — гэта заўжды нешта новае і цікавае. Яно актывізуе жыццёвыя рэзервы і дае новы імпульс для далейшай работы.
Што тычыцца сям’і, то дзеці ў мяне ўжо дарослыя і жывуць асобна, а жонка ўжо звыклася з тым, што работа ў мяне, як у кадравых ваенных: куды накіруюць, туды і яна, як і жонкі афіцэраў, следам за мужам едзе. Разам і праблемы бытавыя прасцей вырашаць, і мне лягчэй працаваць, калі яна побач. Жывём пакуль у інтэрнаце. Пасля ўводу ў эксплуатацыю арэнднага дома, пераедзем туды.
— Скажыце, калі ласка, Ваш характар адпавядае проз­віш­чу Шум?
— Я не сказаў бы, што я надта шумны. Калі прымаю якое рашэнне, то канкрэтна ўзважваю ўсе “за” і “супраць”, але калі ўжо вызначыўся, дык яно, як гавораць, беспаваротнае.
— Гэтак, як было з колішнім ужо старшынёй СВК “Арэхава”?
— Што тычыцца кіраўніка СВК “Арэхава”, то гэта адзіная гаспадарка ў раёне, якая летась не выйшла на 4-тысячны рубеж па надоі малака на карову, і прыбаўленні ў вазе маладняку буйной рагатай жывёлы тут былі самыя нізкія. Тады якраз у Арэхаве і сход быў справаздачна-выбарны. Таму не было сэнсу нечага чакаць і прыглядвацца да работы та­га­часнага старшыні. З маім рашэннем пагадзіліся ўсе, хто ведаў сітуацыю, якая на той час склалася ў гаспадарцы. Выйсця іншага там не было. Акрамя гэтага, як высветлілася пазней, у гаспадарцы займаліся яшчэ і прыпіскамі. Таму замена кіраўніка ў СВК “Арэхава” наспела, а не была спантаннай. Увогуле ж, сячы з-за пляча – не ў маім стылі работы.
— Пра асабістае Вы сказалі, як гавораць, расставілі ўсе кропкі над “і”. А цяпер, Мі­калай Мікалаевіч, хацелася б ведаць Вашы меркаванні пра раён, яго эканамічны і кадравы патэнцыял.
— Пачну, бадай, з прамысловых прадпрыемстваў. Іх на Маларытчыне няшмат. Самыя вядомыя- кансервавагароднінасушыльны камбінат і “Кварцмелпрам”. Першае прадпрыемства працуе стабільна. Тут асвойваюць і ўкараняюць новыя тэхналогіі, павялічваюць аб’ёмы вытворчасці прадукцыі, на якую ёсць попыт не толькі ў нашай рэспубліцы, але і за яе межамі. А вось “Кварцмелпрам” на сённяшні дзень –прадпрыемства праблемнае . Праблемы гэтыя, праўда, не ўласна нашыя, а звязаны з агульнымі, якія ёсць у будаўнічым комплексе краіны. Але людзі на “Кварцмелпраме”, а гэта 344 чалавекі, працуюць нашы. Прычым сёння не ўсе занятыя, бо лінія па вытворчасці вапны зараз не працуе з-за адсутнасці рынкаў збыту: у Расіі вапна каштуе танней, чым у нас. Цэглу і блокі вырабляюць па патрэбнасці ці з улікам аб’ёмаў рэалізацыі. Прычына такога становішча – скарачэнне праграм у будаўнічай галіне. Цяпер не так актыўна, як яшчэ прыкладна 5-7 гадоў таму назад, вядзецца ў раёне і вобласці індывідуальнае будаўніцтва, ды і будаўніцтва жылля наогул. А гэта якраз тое, што не дазваляе “Кварцмелпраму” разгарнуцца. Таму мы сёння робім усё магчымае, каб хоць неяк падтрымаць прадпрыемства і не дапусціць скарачэння людзей, якія на ім працуюць. Гэта, што тычыцца работы нашай прамысловасці.
Калі ж гаварыць пра прыватны бізнес, то мы зацікаўлены ў яго далейшым развіцці і ўсяляк будзем садзейнічаць гэтаму, бо арганізоўваць нейкую буйную дзяржаўную вытворчасць зараз практычна нерэальна. А ствараць невялікія прыватныя прадпрыемствы і новыя рабочыя месцы самы час. Гэта цяпер для нас адна з асноўных задач, таму што ў Маларыце даволі высокі ўзровень беспрацоўя, а людзям трэба жыць, утрымліваць сем’і. Дарэчы, нядаўна на арандуемых у райаграпрамтэхніцы плошчах у нас пачало працаваць новае прыватнае прадпрыемства “Біягранула”, якое будзе вырабляць паліўныя брыкеты на экспарт. А гэта таксама новыя рабочыя месцы. На экспарт вырабляюць сваю прадукцыю яшчэ “Раскорм” і “Бізон”,”Легіёнпрамбуд”, “Бел­хмельагра”.
Новыя рабочыя месцы даюць магчымасць стварыць і новыя гандлёвыя кропкі, што ў раёне адкрываюцца. У магазіне “Санта КЭШ”, што з мая працуе ў райцэнтры, на работу змаглі ўладкавацца 33 чалавекі. Каля 10 рабочых месцаў будзе створана ў магазіне парфумерыі і бытавой хіміі “Міла”, які ў хуткім часе таксама пачне працаваць у горадзе.
— Усё гэта добра, але ж наш раён сельскагаспадарчы. І асноўная нагрузка ў выкананні планаў і заданняў, а таксама ў папаўненні бю­джэту раёна кладзецца на сельгасвытворцаў.
— Так. І таму галоўная на­ша задача, каб паспяхова пра­цавалі сельскагаспадарчыя арганізацыі раёна. На Маларытчыне ёсць такія эканамічна моцныя гаспадаркі. Гэта сельскагаспадарчае ўнітарнае прадпрыемства “Савушкіна” і сельскагаспадарчы вытворчы кааператыў “Дарапеевічы”. Стабільна працуе СВК “Чырвоны партызан”. У апошнія месяцы адчувальна прыбаўляе ў вытворчасці малака ААТ “Чарняны”, на ўзровень мінулага года выйшаў СВК “Рыта”. Чаго, на жаль, нельга пакуль сказаць пра СВК “Макраны”, “Хаціслаўскі”, “Арэхава”, вынікі работы якіх зусім не радуюць. І хоць з пачатку года сёлета раён змог не толькі ўтрымаць, але і на 3 працэнты павялічыць вытворчасць малака (асноўнай нашай прадукцыі) у параўнанні з адпаведным перыядам мінулага года, гэтыя гаспадаркі так і не выйшлі на мінулагоднія рубяжы.
З-за недахопу кармоў, якія ў зімова-стойлавы перыяд у першую чаргу ішлі на корм дойнаму статку, не складваецца ў нас пакуль і з мясам. За 5 месяцаў гэтага года гаспадаркі вырабілі яго ўсяго 91 працэнт да адпаведнага ўзроўню летась. І хоць зараз гэтыя паказчыкі крыху палепшыліся , бяскорміца ўсё яшчэ дае аб сабе ведаць. Таму, каб не аказацца ў падобным становішчы і сёлета, галоўная задача, якую мы ставім перад працаўнікамі сельскай гаспадаркі цяпер,– нарыхтаваць як мага больш кармоў. Тым больш, што і надвор’е пакуль спрыяе гэтаму, і дзяржава дапамагае з удабрэннямі, сродкамі аховы раслін і палівам, каб своечасова падкарміць пасевы, апрацаваць іх супраць шкоднікаў і пустазелля, завяршыць нарыхтоўку кармоў з траў першага ўкосу. Варта сказаць, што сёлета ўслед за лідарамі корманарыхтоўчай кампаніі СУП “Савушкіна”, СВК “Дарапеевічы”, “Чырвоны партызан” у ліку першых справіўся з уборкай траў першага ўкосу СВК “Арэхава”. І кармоў з іх нарыхтавана больш, чым летась. Гэта добрая прыкмета. Хочацца верыць, што і цяперашні старшыня гаспадаркі Аляксандр Бойка, і самі работнікі СВК зразумелі: лёсы сельгаспрадпрыемства і асабіста кожнага работніка цяпер знаходзяцца ў іх уласных руках. Палепшылася сітуацыя з нарыхтоўкай кармоў і ў іншых гаспадарках. І гэта радуе .
Вялікія надзеі ўскладаем і на кукурузны сілас. Усе пасевы кукурузы ў нас апрацаваны ад пустазелля, у цяперашні час праводзіцца іх падкормка мінеральнымі ўдабрэннямі. І калі сёлета не падвядзе над­вор’е , як летась, то раён будзе з кармамі. А калі створым добрую кармавую базу, то будзем і з малаком , і з мясам.
— Значыць, у раёна ёсць будучае?
— Безумоўна. У нас ёсць каму і куды расці. І раўняцца на каго таксама ёсць. Узяць той жа СВК “Дарапеевічы”. Наколькі мне вядома, раней гэтая гаспадарка была далёка не лепшая на Маларытчыне, а адрадзілася, няхай і не адразу, і стала адной з лепшых з прыходам на пасаду старшыні Васіля Юхімука. Калі “Дарапеевічы” змаглі дасягнуць такіх вышынь, то чаму не могуць “Арэхава” і “Макраны”? Тым больш, што землі ў гэтых сельгаспрадпрыемствах ніколькі не горшыя. Рэзервы для павелічэння вытворчасці прадукцыі і выхаду на стабільную прыбытковую работу ёсць практычна ва ўсіх гаспадарках. І кадрамі раён не абдзелены. Адказныя і адданыя сваёй справе кіраўнікі і спецыялісты будуць працаваць і далей. Каму неабходна дапамагчы – будзем дапамагаць, ну а хто не будзе спраўляцца, — будзем дасканала разбірацца і прымаць адпаведныя меры, хоць я і не прыхільнік таго, каб рэзка мяняць кадры.
— Мікалай Мікалаевіч, хутка будзе роўна паўгода, як Вы на Маларытчыне. Не шкадуеце, што ўсклалі на сябе такую няпростую ношу?
— Ніколькі. Па-першае, усё новае – цікава. А па-другое, адчуваеш ужо нейкія вынікі сваёй работы. Калі нешта ўдаецца, атрымліваеш маральнае задавальненне. А дзе не атрымліваецца, з’яўляецца пэўны азарт: ну павінна ж атрымацца! Таму разам са сваімі намеснікамі і памочнікамі думаем, дзе знайсці рэзервы, каб задзейнічаць іх для вырашэння тых праблем, што ёсць. Як і паўсюдна, бадай, не хапае фінансаў, таму ва ўсім стараемся эканоміць. Час зараз складаны, але мы павінны рабіць усё, што ад нас залежыць, каб не спасаваць перад цяжкасцямі.
— Менавіта пра гэта будзе ісці размова і на 5-ым Усе­беларускім сходзе, у рабоце якога праз некалькі дзён Вы будзеце ўдзельнічаць. Што б хацелі на ім пачуць і на якія пытанні як кіраўнік раёна атрымаць адказы?
— Вядома ж, мне як маладому яшчэ кіраўніку хацелася б пачуць, як далей будуць вырашацца праблемныя пытанні, што ёсць у краіне, якія меры будуць прымацца для паляпшэння вынікаў работы ва ўсіх галінах народнай гаспадаркі. І ў першую чаргу не толькі для павелічэння аб’ёмаў вытворчасці, але і для эфектыўнай работы прад­прыемстваў і арганізацый. Каб, зыходзячы з гэтага, а таксама з рэзерваў, якія ёсць, акрэсліць свае задачы на гэтую пяцігодку і меры па іх вырашэнні. Што тычыцца сацыяльнай сферы, то на аснове прынятых на сходзе рашэнняў атрымліваць такія ж добрыя вынікі ў адукацыі , аказваць увесь комплекс паслуг у медыцыне і, нягледзячы на складанасці, захаваць усё набытае і дасягнутае.
— Дзякую Вам, Мікалай Міка­лаевіч, за інтэрв’ю.
Надзея ЯЦУРА.

Опубликовано ГЧ № 46 от 18.06.16г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!