“Яблычная” калекцыя камбіната

   У Мінску адбыўся штогадовы рэспубліканскі конкурс кансерваванай прадукцыі “Хрустальны яблык-2016”, арганізатарам якога выступіла рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства “Навукова-практычны цэнтр Нацыянальнай акадэміі навук па харчаванні”. Традыцыйна ў ім брала ўдзел і ААТ “Маларыцкі кансервавагароднінасушыльны камбінат”. 

Эксперты з галіновай цэнтральнай дэгустацыйнай камісіі па кансерваванай прадукцыі высока ацанілі якасць пюрэ з яблыкаў з чарніцамі і вяршкамі для дзяцей ранняга ўзросту. Гэты прадукт у намінацыі “Кан­сервы з садавіны для дзіцячага харчавання” атрымаў высокую ўзна­га­роду: дыплом пераможцы і хрустальны яблык. Гэта ўжо 18 яблык у скарбонцы да­сягненняў кансерва­вагарод­нінасушыльнага камбіната за якасць прадукцыі, якая выпускаецца.
Рэцэптура пюрэ, якое было прадстаўлена на конкурс, па словах Валянціны Грыгарук, начальніка тэхналагічнага аддзела прадпрыемства, распрацавана спецыялістамі аддзела камбіната сумесна з Акадэміяй навук Беларусі. У вытворчасць гэты прадукт дзіцячага харчавання запушчаны ў верасні 2010г.
Акрамя таго, прадпрыемства таксама ўзнагароджана дыпломам і статуэткай РУП “Навукова-практычны цэнтр Нацыянальнай акадэміі навук па харчаванні” за шматгадовае супрацоўніцтва і ўка­раненне тэхналогій вы­творчасці новых відаў кансерваванага дзіцячага харчавання на аснове сада­віны і гародніны для дзяцей ранняга ўзросту.
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымку: Людміла Вазнасіменка, намеснік дырэктара камбіната і Валянціна Грыгарук з чарговымі заслужанымі ўзнагародамі.

Фота аўтара.

* * *
На кансерва­вагарод­нінасушыльным камбі­на­це – “гарачы” сезон: ідзе на­рыхтоўка клубніц. Сёлета ў свае за­секі прадпрыемства плануе “засыпаць” іх 50 тон.
– На камбінаце разумеюць, што ў сучасных эканамічных умовах неабходна добра адчуваць запатрабаванні рынку і своечасова на іх рэагаваць, – гаворыць Людміла Вазнасіменка, намеснік дырэктара. – З той прадукцыяй, што мы выраблялі некалькі гадоў назад, канкурыраваць сёння, безумоўна, ужо складана. Таму спецыялісты на­шага прадпрыемства – у штодзённым по­шуку, працуюць над па­шырэннем асартыменту. Пераканана: у асартыментным пераліку прадукцыі, што выпускае камбінат, спажывец зможа знайсці тую, якая будзе адпавядаць яго густу. А каб выпускаць прадукцыю, якая здольна канкурыраваць, неаб­ходна нарыхтаваць у тэрмін якасную сыравіну.
– Каб вытворчыя магут­насці камбіната былі загру­жа­ны на працягу ўсяго го­да, пасля клубніц будзем нарыхтоўваць чарніцы (план – 30 тон), вішню (20 тон), слівы (50 тон), маліну (30 тон), – гаворыць Галіна Шышук, майстар вытворчага ўчастка. – Мы ўжо нарыхтавалі, напрыклад, 9 тон клубніц у Лунінецкім раёне. Сыравіна адпавядае ўсім неабходным паказчыкам якасці. А вось парэчкі сёлета нарыхтоўваць не будзем, бо прадукцыя з іх попытам у пакупнікоў не карыстаецца.
Мікалай НАВУМЧЫК.

Опубликовано ГЧ № 47 от 22.06.16г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий