З Масквы ў Маларыту – на магілу бацькі

Традыцыя беражліва адносіцца да гісторыі, кожнага факта з мінулага, кожнага экспаната, што захоўваецца ў музеі, як і традыцыя выхоўваць дзяцей на гераічных прыкладах абаронцаў роднай зямлі – той падмурак, на якім будуецца выхаваўчая работа ў калектыве другой гарадской школы. І зусім невыпадкова сюды, у навучальную ўстанову, дзе ўмеюць шанаваць гісторыю, за дапамогай сабраць важныя гістарычныя звесткі аб першых месяцах Вялікай Айчыннай вайны і жорсткіх баях, якімі сустрэла ворага 75-я стралковая дывізія, звярнуліся масквічы Валерый Ігнатавіч і Глеб Валер’евіч Цукалавы, бацька і дзед якіх Ігнат Цукалаў загінуў напачатку вайны на Маларытчыне і пахаваны ў брацкай магіле на Кургане Славы. Цеснае супрацоўніцтва школы, а дакладней, цяперашняга кіраўніка школьнага музея Людмілы Канстанцінаўны Ярмашук і сям’і Цукалавых доўжылася больш за год.
За гэты час Валерый Ігнатавіч і Глеб Валер’евіч сабралі, звярнуўшыся ў розныя архівы, у тым ліку і архівы Германіі, цікавы матэрыял, якім, наведаўшыся ў наш горад, вырашылі падзяліцца з музеем СШ № 2. Іх візіт у Маларыту быў прымеркаваны да памятнай даты – 75-годдзя пачатку вайны. Сын і ўнук прыехалі, каб ускласці кветкі на магілу роднага чалавека і ўшанаваць памяць усіх байцоў, якія пахаваны з ім у адной брацкай магіле. А ў калектыва школы, якую наведалі яны, з’явілася магчымасць напярэдадні 22 чэрвеня – Дня ўсенароднай памяці, арганізаваць для хлопчыкаў і дзяўчынак, якія адпачываюць у аздараўленчым лагеры, цікавую сустрэчу. Прыняць удзел у ёй былі запрошаны ветэран Вялікай Айчыннай вайны, былы дырэктар школы-інтэрната, стваральнік школьнага музея Васіль Піліпавіч Маркаў, старшыня раённага савета ветэранаў Уладзімір Андрэевіч Бойка, першы дырэктар школы, захавальнік гісторыі ў школьным музеі Людміла Адамаўна Гумінская. Як мы, пакаленні, што нарадзіліся ў мірны час, можам уявіць сабе вайну? Толькі праз расказы жывых сведкаў тых падзей. Але іх, тых, хто ваяваў, хто памятае многія эпізоды вайны і можа нешта расказаць, засталося вельмі мала. Цяпер адзіная крыніца ведаў – гэта музейныя экспанаты, архіўныя дакументы, запісаныя раней успаміны. Выкарыстоўваючы ўсё гэта, бацька і сын Цукалавы, якія жывуць за тысячы кіламетраў ад Маларытчыны, спрабуюць па крупінках сабраць хроніку баёў, якія адбываліся ле­там 1941 года ў нашым прыгранічным Ма­ларыцкім раёне. Адпор ворагу тут давалі воіны 115 стралковага палка 75-й стралковай дывізіі, дзе камандзірам узвода быў малодшы лейтэнант Ігнат Цукалаў. Ён прапаў без вестак у першыя дні вайны. Толькі калі адгрымелі баі, калі вярнуліся дамоў тыя байцы, хто застаўся жывы, сям’я даведалася: малады афіцэр быў паранены і з невялікай колькасцю боепрыпасаў у раёне ўрочышча «Мелавая гара», што непадалёку ад Маларыты, застаўся прыкрываць агнём іншых байцоў, якія адступалі пад націскам ворага. Выжыць у акружэнні немцаў у байца шанцаў не было. Гэтымі і многімі іншымі здабытымі з розных крыніц гістарычнымі фактамі і ўспамінамі дзяліліся сын і ўнук Ігната Раманавіча Цукалава са школьнікамі. Дзеці ўважліва слухалі, разглядвалі карту першых баёў на Брэстчыне, ваенныя фотаздымкі. Госці прыехалі з падарункамі. Яны прывезлі школе камп’ютарную тэхніку, з дапамогай якой будуць паступова алічбаваны каштоўныя музейныя дакументы, што дазволіць надзейна захаваць гісторыю. Між іншым, гэты візіт Валерыя Ігнатавіча і Глеба Валер’евіча на Брэстчыну не першы. Пакланіцца той зямлі, якую цаной свайго жыцця абараняў іх бацька і дзед, Цукалавы прыязджалі, калі Глеб яшчэ быў малы. У хлопчыка ў душы засталіся яркія ўражанні, што, напэўна, і стала ў будучым штуршком для пошукавай работы. Але тады аб канкрэтным месцы пахавання Ігната Цукалава сям’я не ведала. Цяпер жа ў нашчадкаў байца з’явілася магчымасць пабываць на яго магіле. Разам з Валерыем Ігнатавічам і Глебам Валер’евічам у Дзень усенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны вянкі да Кургана Славы ўсклалі настаўнікі другой гарадской школы, прадстаўнікі Кобрынска-Маларыцкай міжраённай арганізацыйнай структуры ДТСААФ, раённага савета ветэранаў.
Святлана МАКСІМУК.
НА ЗДЫМКАХ: малодшы лейтэнант Ігнат Цукалаў, які загінуў абараняючы ад ворага Маларытчыну; у час сустрэчы ў гарадской сярэдняй школе № 2.
Фота з сямейнага архіва Цукалавых і аўтара.

Опубликовано ГЧ № 48 от 25.06.16г.

Поделиться:
  •  
  • 1
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!