Дарогамі вайны – дарогамі жыцця

У райцэнтры ў сераду прайшлі мерапрыемствы, прысвечаныя Дню вызвалення раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Ваенная гісторыя Маларытчыны яшчэ недастаткова вывучана і даследавана. Аднак адно зразумела: яна разнастайная і даволі багатая. Толькі гэта не той выпадак, калі такім сумным фактам трэба ганарыцца. На сённяшні дзень важным з’яўляецца захаванне гістарычнай памяці пра тых, хто загінуў у полымі вайны. Апошняе таму пацвярджэнне – мерапрыемствы, якія прайшлі ў раёне ў дзень яго вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
У гарадскім парку Маларыты, ля памятнага знака ў гонар 40-годдзя вызвалення раёна, прайшоў мітынг “А памяць сэрца беражэ”. У мерапрыемстве прынялі ўдзел прадстаўнікі ўлады, аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, грамадскага аб’яднання “БРСМ”, раённай арганізацыі РГА “Белая Русь”, ветэраны Вялікай Айчыннай вайны, Кобрынска-Маларыцкай МРАС ДТСААФ, ветэранскай і прафсаюзнай арганізацый, моладзь. Да прысутных са словамі віншавання звярнуліся Мікалай Шум, старшыня райвыканкама, а таксама — Уладзімір Бойка, старшыня раённага савета ветэранаў, Надзея Пстыга, першы сакратар раённага камітэта грамадскага аб’яднання “БРСМ”. Пасля адбылося ўскладанне кветак да памятнага знака, на якім выбіты словы: “Бессмяротнай нязгаснай славай пакрылі сябе: воіны 75-ай стралковай дывізіі, народныя мсціўцы партызанскіх брыгад імя Леніна, імя Сталіна, імя Флегантава, воіны 70-ай арміі І Беларускага фронту, якія вызвалялі раён ад фашысцкіх захопнікаў”.
Прысутныя хвілінай маўчання ўшанавалі памяць тых, хто свой апошні прытулак знайшоў на зямлі Маларытчыны.
На імправізаванай сцэне выступілі юныя артысты клуба аматараў тэатральнага мастацтва “Шанц”. Пад кіраўніцтвам Вольгі Жыльцовай, мастацкага кіраўніка ГДК, на суд гледачам быў прадстаўлены міні-спектакль “Па дарогах Памяці”, падрыхтаваны паводле п’есы ўкраінскага драматурга Яраслава Стэльмаха “Спытай калі-небудзь у травы…” Яна ў сваю чаргу напісана па матывах рамана Аляксандра Фадзеева “Маладая гвардыя”. Пастаноўка сапраўды атрымалася яркай, эмацыянальнай і ў той жа час вельмі кранала і запаміналася.
Затым Мікалай Шум, старшыня райвыканкама, даў старт велапрабегу “Дарогамі памяці”, які прайшоў па маршруце гарадскі парк – Курган Славы (месца баёў воінаў 75-ай стралковай дывізіі ля в.Хаціслаў) – помнік землякам, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны (в.Хаціслаў) – гісторыка-краязнаўчы музей Мельніцкай базавай школы – брацкая магіла ў скверы на вуліцы Савецкая ў Маларыце (разгалінаванне дарог Олтуш-Збураж). Між іншым, у велапрабегу прыняло ўдзел амаль 30 чалавек ва ўзросце да 40 гадоў. Самым малодшым яго ўдзельнікам стаў сямігадовы Сямён Карпінчык.
Арганізатарамі велапрабегу сталі ГА БРСМ, ГДК, фізкультурна-спартыўны клуб аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама.
Мікалай НАВУМЧЫК.

На здымах: падчас святкавання Дня вызвалення Маларытчыны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Фота аўтара.

Опубликовано ГЧ № 56 от 28.07.16 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!