Рамёствы XXI стагоддзя

Усе рэчы, што створаны рукамі чалавека, а не пад машынную штампоўку, цяпер набываюць вялікую папулярнасць. Яны выглядаюць арыгінальна, зроблены з душой і ў большасці ў адзіным экзэмпляры. За гэта і цэніцца такая прадукцыя пакупнікамі, якія гатовы заплаціць больш за натуральнасць і ідэю. Маларытчанка Людміла Імбра яшчэ некалькі гадоў таму назад і не магла ўявіць, што некалі будзе вырабляць мыла і паштоўкі сваімі рукамі. Ёй заўсёды падабаліся рэчы, зробленыя рукамі, захаплялі многія віды творчасці, асабліва вязанне. Ператварыць творчасць у прафесію – такую ідэю падалі жанчыне дзеці, якія бачылі матчына захапленне рамёствамі.

Па спецыяльнасці Людміла Сцяпанаўна закройшчыца. Але ў сваёй працоўнай біяграфіі яна змяніла некалькі прафесій. Апошнія 5 гадоў працавала загадчыкам інтэрната ў горадзе. Таму рашэнне паспрабаваць заняцца творчасцю многіх здзівіла. Аднак, як расказвае жанчына, усё нестандартнае, зробленае з душой, прыцягвала яе даўно. Людміла Імбра заўсёды, калі выдавалася магчымасць, наведвала кірмашы і фестывалі, каб пабачыць, якія шэдэўры сваімі рукамі ствараюць людзі.
— Пасля скарачэння маёй пасады звярнулася ў аддзел занятасці. Па маіх спецыяльнасцях не знайшлося вакансій. Тады мне прапанавалі падумаць аб сваёй справе. Так і зарадзілася жаданне адкрыць рамесніцкую дзейнасць па вытворчасці мыла і паштовак ручной работы. На прадпрымальніцкіх курсах ад упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама склала бізнес-план развіцця сваёй справы. Для пачатку дзейнасці атрымала субсідыю, з дапамогай якой набыла частку абсталявання, інструментаў.
У Беларусі, па словах Людмілы Сцяпанаўны, выраб паштовак і мыла сваімі рукамі толькі набірае абароты. Таму магазінаў, аптовых баз, дзе б можна было набыць матэрыялы для творчасці, — абсталяванне, формы, неабходныя для вырабу мыла, а таксама сыравіну і інгрэдыенты, не шмат. Многае спачатку давялося заказваць з-за мяжы. Мыльныя асновы, дызайнерскую паперу, спецыяльныя нажы рамесніца закупляла ў Мінску.
— Калі раней вытворчасць мыла была хутчэй гігіенічнай неабходнасцю, дык цяпер гэтае рамяство становіцца мастацтвам. У мыла ручной работы дабаўляюцца толькі натуральныя інгрэдыенты. Яркія колеры даюць натуральныя фарбавальнікі, незвычайны водар дапамагаюць надаць аддушкі. Мыла набывае лекавыя ўласцівасці дзякуючы духмяным і эфірным маслам. Гэта масла авакада, вінаграднай і абрыкосавай костачкі, міндальнае масла. Дарэчы, такое мыла не ўтрымлівае кансервантаў і жывёльных тлушчаў. На ўсю сыравіну ёсць сертыфікаты якасці, таму пакупнікі могуць быць упэўнены ў тым, што мыла ручной работы таксама адпавядае дзяржаўным стандартам.
Мыла ручной работы карыстаецца папулярнасцю яшчэ і таму, што выглядае арыгінальна. У Людмілы Сцяпанаўны цэлая скарбонка самых незвычайных формаў, таму прастор для творчасці неабсяжны. Цяпер у калекцыі Людмілы Імбры каля 150 розных варыянтаў дызайну мыла. Улічваючы пажаданні заказчыка, нагоды для падарунка, свята, на якое яно будзе прэзентавана, Людміла Сцяпанаўна кожны раз стварае нешта новае. Як гаворыць майстрыха, гэта дае магчымасць развівацца, не пазбаўляць працэс вырабу мыла творчасці. Многія ідэі яна чэрпае ў інтэрнэце. Дарэчы, менавіта па майстар-класах у сусветнай сетцы яна і асвойвала тэхніку вырабу мыла і паштовак.
— Купіць звычайную паштоўку ці падарачны канверт для грошай — гэта банальна, бо іх надрукаваны тысячы. А цяпер людзі жадаюць нечым вызначыцца, дарыць нешта эксклюзіўнае, незвычайнае. Калі гэта паштоўка, дык укласці ў яе тыя словы, якія самому цяжка выказаць услых. Увогуле ў многіх краінах ужо развіта практыка дарыць паштоўкі не толькі на святы, але і проста, таму што жадаеш падзяліцца сваімі пачуццямі. Хочацца, каб і нашы людзі часцей гаварылі аб тым, што адчуваюць, дарылі блізкім цеплыню сваіх сэрцаў праз такія знакі ўвагі.
Сапраўды, кожная паштоўка рамесніцы выглядае шыкоўна. Такі прэзент не можа не парадаваць каханага, бацькоў, сябра. Да вырабу кожнай з іх – індывідуальны падыход. Пасля размовы з заказчыкам, яго пажаданні рамесніца ўвасабляе ў сваёй дызайнерскай ідэі. Паштоўкі яна дэкарыруе аб’ёмнымі элементамі з гіпсу, стужак, карункаў, паперы, цікавая форма якой надаецца спецыяльнымі нажамі. Святочнасць дадаюць стразы і пацеркі. Толькі на першы погляд можна падумаць: “Што там паштоўку зрабіць!”. Аднак аб’яднаць у адзіную кампазіцыю мноства элементаў, каб паштоўка пры гэтым была стыльнай і выглядала акуратна і вытанчана, – задача не з лёгкіх. Звяртаюцца да Людмілы Сцяпанаўны і за вырабам арыгінальных запрашэнняў на вяселле.
Рамесніцкая дзейнасць дазваляе рэалізоўваць прадукцыю “hand made” у магазінах. Але ж знайсці каналы рэалізацыі няпроста. Таму продажам сваіх вырабаў рамеснікі часцей займаюцца на выставах-кірмашах. У Маларыце аб захапленнях Людмілы Імбры ведаюць дзякуючы водгукам сяброў і знаёмых, якія паспелі ўжо ацаніць майстэрства рук рамесніцы. Таму, адзначае жанчына, мыла і паштоўкі карыстаюцца папулярнасцю, асабліва напярэдадні святаў: 14 і 23 лютага, 8 Сакавіка і г.д. На Дзень горада, калі ў Маларыту з’язджаюцца многія рамеснікі, Людміла Сцяпанаўна плануе прыняць удзел у кірмашы.
Рамесніцтвам Людміла Імбра займаецца зусім мала. За гэты час у яе з’явіліся пастаянныя кліенты. Усё, што чалавек стварае з радасцю і захапленнем, робіць яго шчаслівым і гарманічным. Таму цяперашнюю сваю работу Людміла Сцяпанаўна называе задавальненнем душы.
Дар’я ПАДАЛІНСКАЯ.

На здымку: рамесніца Людміла Імбра.

Фота аўтара.

Опубликовано ГЧ № 56 от 23.07.16г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!