Прадпрымальніцтва – адзін з фактараў забеспячэння занятасці

У мінулы чацвер інфармацыйна-прапа­гандысцкая група №1, узначальвае якую старшыня райвыканкама Мікалай Шум, сустрэлася з калектывам УП ”Маларыцкая ПМК-20”. Выступаючы па тэме Дня інфармавання “Вынікі 5-га Усебеларускага народнага сходу. Асноўныя задачы сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны ў новай пяцігодцы” і “Падтрымка прадпрымальніцкай ініцыятывы як фактар развіцця сярэдняга і малога бізнесу”, Мікалай Мікалаевіч яшчэ раз напомніў прысутным пра тое асноўнае, аб чым ішла размова на народным форуме ў Мінску, дэлегатам якога ён быў.

У прыватнасці, кіраўнік раёна адзначыў, што многія з задач, пастаўленых на папярэднім форуме, паспяхова былі выкананы. Па-першае, у нашай краіне ўдалося захаваць мір і спакой, па-другое, стабілізаваць эканоміку, мадэрнізаваць яе, а асабліва сельскую гаспадарку. Мала цяпер засталося такіх гаспадарак, дзе б не былі пабудаваны новыя з сучаснымі тэхналогіямі фермы ці рэканструяваны старыя. Праўда, не ўсе яны працуюць эфектыўна, але для паляпшэння работы ёсць шмат нявыкарыстаных рэзерваў.
Напомніў Мікалай Мі­калаевіч і пра галоўныя накірункі далейшага раз­віцця Беларусі, засяродзіўшы ўвагу на 5 прыярытэтах, на якіх у наступную пяцігодку трэба сканцэнтраваць усе рэсурсы. А гэта інвестыцыі, занятасць, экспарт, ін­фар­матызацыя, работа з моладдзю.
— Вялікая роля ў вырашэнні пытанняў занятасці, — гаварыў Мікалай Шум, -адводзіцца сярэдняму і малому бізнесу. У яго сферы заняты 2,9 тысячы чалавек, што складае 21,5% ад працаздольнага насельніцтва раёна, ці 29,9% ад усіх занятых у эканоміцы. Летась у нас ажыццяўлялі дзейнасць 108 мікра-, малых і сярэдніх арганізацый, 321 індывідуальны прад­прымальнік. Па колькасці арганізацый малога і сярэдняга прадпрымальніцтва і індывідуальных прадпры­мальнікаў Маларыцкі раён займае апошняе месца ў вобласці (пасля Ганцавіцкага і Ляхавіцкага раёнаў).
Мікалай Мікалаевіч не ўтойваў той факт, што праблема занятасці на­сель­ніцтва раёна стаіць вельмі востра. Гэта кіраўнік мясцовай улады адчувае і па колькасці тых, хто прыходзіць да яго ў час прыёму па асабістых пытаннях з просьбай аказаць садзейнічанне ў працаўладкаванні.
— І тут важна стварэнне новых працоўных месцаў. На тых прадпрыемствах, што дзейнічаюць, вырашыць гэтую задачу не зусім проста, бо ў некаторых з іх наадварот ідзе аптымізацыя кадраў. Не на поўную магутнасць працуе і прадпрыемства ”Кварцмелпрам”, на якое ўсе ўскладвалі вялікія надзеі. Таму асноўны ўпор робіцца на развіццё прадпрымальніцтва як аднаго з фактараў забеспячэння занятасці насельніцтва і эканамічнага росту.
Кіраўнік раёна ўдакладніў, якая дзяржаўная фінан­савая падтрымка са­дзей­нічае развіццю прад­прымальніцкай дзейнасці. А гэта і льготныя крэдыты суб’ектам малога прадпрымальніцтва ў мэтах будаўніцтва, набыцця капітальных збудаванняў ці іх рамонту і рэканструкцыі і г.д. Працэнтная стаўка па льготнаму крэдыту складае 0,5 стаўкі рэфінансавання Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь на дзень прыняцця банкам рашэння аб выдзяленні крэдыту, павялічанай не больш чым на 3 працэнтныя пункты. У мэтах стварэння інавацыйных вытворчасцей на конкурснай аснове выдзяляюцца таксама сродкі з інавацыйнага фонду аблвыканкама. Гэта і падатковыя льготы, прадугледжаныя Дэкрэтам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №6, і кансультацыйна-інфармацыйная падтрымка, і інш.
Якія набалелыя пытанні хацелі высветліць будаўнікі? Ці будзе вырашацца праблема з абуладкаваннем у гарадскім парку атракцыёнаў і арэляў для малых дзяцей, якія аб’екты плануецца ўзводзіць у нашым райцэнтры ў будучым, ці будуць выдавацца льготныя крэдыты на будаўніцтва жылля? На ўсе іх кіраўнік раёна даў вычарпальныя адказы. Як і дырэктар ЦБП №120 ААТ ”ААБ Беларусбанк” Алег Якубчык, якому прысутныя задавалі таксама шмат пытанняў.
Ірына КАСЦЕВІЧ.

На здымку: у час Дня інфармавання ва УП “Маларыцкая ПМК-20”.
Фота
Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано ГЧ № 57 от 27.07.16г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!