Лепшыя з атрада тысячнікаў

Вясковыя рупліўцы ў гарачыя дні жніва штодня старанна працуюць на залатых палетках. І сваіх працоўных рэкордаў дабіваюцца зусім не для таго, каб атрымаць славу, а проста сумленна  з  году  ў  год  робяць сваю справу. 

У ліку такіх і вадзіцелі Сцяпан Гаркаўчук з СВК “Чырвоны партызан” і Сяргей Пішчык з СВК “Хаціслаўскі”. На сёлетнім жніве яны аднымі з першых выйшлі ў лік тысячнікаў. Каб па-дзякаваць кожнаму з іх за працавітасць, у гаспадаркі накіраваліся старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Сяргей Строк і старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Віктар Марушаў.
Начны дождж у сераду, 10 жніўня, прыпыніў уборку. Таму Сцяпана Гаркаўчука знайшлі мы на машынным двары, дзе ён, карыстаючыся перапынкам у рабоце, рамантаваў свой МАЗ. На гэтым аўтамабілі вадзіцель на дзень нашага прыезду ў гаспадарку перавёз ад камбайнаў 1397 тон зерня. Дні жніва, як прызнаецца, выдаліся гарачыя і ў прамым, і ў пераносным сэнсе. Машына, вярнуўшыся пасля рэйсу назад у поле, адразу загружалася зернем. І зноў кіламетры па дарогах гаспадаркі… І так з ранку да позняга вечара. За актыўны ўдзел ва ўборцы ўраджаю Сцяпан Сцяпанавіч, які, між іншым, ужо 27 гадоў працуе вадзіцелем, атрымаў Дыплом Маларыцкага раённага аб’яднання прафсаюзаў, падарунак і кепку Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі.
Словы ўдзячнасці і заслужаныя падарункі прымаў ад раённага аб’яднання прафсаюзаў і вадзіцель СВК “Хаціслаўскі” Сяргей Пішчык. Планку лідарства ён трымае надзейна. На рахунку Сяргея Сцяпанавіча без малога дзве тысячы тон перавезенага зерня. Вадзіцель з больш чым дваццацігадовым стажам добра ведае, што жніво – справа агульная, а таму працуе адказна. Прычым, у ліку лепшых ён штогод. Старанная праца для яго, можна сказаць, добрая звычка. А словы падзякі і ўзнагароды – прыемны момант у бурлівым працоўным жыцці.
Святлана МАКСІМУК.

НА ЗДЫМКАХ: дыпломы і падарункі ад раённага аб’яднання прафсаюзаў атрымалі Сцяпан ГАРКАЎЧУК і Сяргей ПІШЧЫК.

Фота аўтара.

Опубликовано ГЧ № 63 от 17.08.16г.

Поделиться:
  •  
  • 2
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!