Быць неабыякавым

Менш чым месяц застаецца да значнай для краіны падзеі – парламенцкіх выбараў. “Галачка”, якую кожны з выбаршчыкаў паставіць у бюлетэні, лёсавызначальная не толькі для тых, каго выбіраюць у Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, але і для ўсіх нас, жыхароў Беларусі. Выказаць свае думкі аб тым, чаму так важна прыйсці 11 верасня на выбары і ўнесці свой уклад у палітычнае жыццё краіны, карэспандэнт райгазеты запрасіла жыхароў Велікарыцкага сельсавета.

Ларыса Кірычун:
— Выбары – падзея адказная, таму так важная актыўная пазіцыя кожнага. Паколькі я з’яўляюся членам выбарчай камісіі, заўжды стараюся прагаласаваць загадзя, бо ў дзень выбараў шмат іншых спраў. Хачу сказаць, што вяскоўцы не застаюцца абыякавымі і да выбараў, і да выбару. Звычайна з цікавасцю знаёмяцца з інфармацыяй на стэндах, уважліва вывучаюць праграмы кандыдатаў. Людзі хочуць ведаць тых, за каго аддаюць свой голас. І гэта важна, бо сваім выбраннікам мы давяраем будучае краіны і шчыра верым, што гэты чалавек зможа дапамагчы ў вырашэнні нашых праблем.

Ульяна Мікуліч:
— Чаму важна абавязкова прыйсці на выбары? У першую чаргу для таго, каб выказаць сваю думку. Кожнаму чалавеку важна выкарыстаць сваё права голасу, а маладому — тым больш, бо нам жыць, вучыцца і працаваць у нашай краіне ў будучым. Па якім рэспубліка пойдзе шляху, якія законы будуць прымаць дэпутаты, залежыць ад кожнага, хто прыйдзе галасаваць. Нельга лічыць, што твой голас не зможа на нешта паўплываць, нешта змяніць. І для таго, каб зрабіць правільны выбар, важна быць у цэнтры падзей, цікавіцца, хто той чалавек, за каго ты аддасі свой голас.

Васіль Масюк:
— У краіне не можа быць безуладдзя і парламент павінен быць бліжэй за іншых да народа, бо яго выбіраем мы самі. Каб зрабіць свой выбар, трэба абавязкова ісці галасаваць. Толькі важна, каб сапраўды можна было выбіраць з некалькіх кандыдатаў. Спадзяюся, што ў парламенце будуць людзі адказныя. Ужо само паняцце “выбраннік народа” падразумявае, што гэта чалавек, які думае пра людзей, стараецца вырашаць іх надзённыя праблемы, а не дае пустыя абяцанні, каб толькі зрабіць кар’еру ці быць ва ўладзе. Які важны і адказны перыяд – выбары, ведаю добра. Мне даводзілася быць старшынёю ўчастковай камісіі, а на апошніх выбарах быў назіральнікам ад ветэранскай арганізацыі. Упэўнены, кожны з нас абавязкова павінен быць актыўным.

Зоя Пастушак:
— Яшчэ з дзяцінства засталіся ўспаміны, як бацькі збіраліся на выбары, ішлі ра-зам з дзецьмі. Для ўсіх гэта было свята. І нават ніколі не ўзнікае пытанне, ісці ці не ісці галасаваць. Рабіць гэта не толькі трэба, але і важна, бо выбары – заўжды надзея на лепшае. Вельмі хацелася б, каб нашы выбраннікі звярнулі больш увагі на сельскую гаспадарку, у якой зараз шмат праблем. Зразумела, што эфектыўна вырашаць пытанні на ўзроўні краіны зможа толькі той, хто навучыўся браць на сябе адказнасць, у каго словы не разыходзяцца са справамі. Менавіта за такога кандыдата хацелася б аддаць свой голас.

Раіса Шыянчук:
— Заставацца абыякавым да таго, якія падзеі адбываюцца ў грамадскім жыцці краіны, нельга. Ад нас залежыць, якая будзе ў нас палітыка, што зменіцца ў жыцці да лепшага. Калі ігнараваць магчымасць аддаць свой голас за таго ці іншага кандыдата, значыць, быць абыякавым да заўтрашняга дня. У складзе выбарчай камісіі працую ўжо даўно, з’яўляюся сакратаром. Камісія працуе ўжо, мы карэкціруем спісы. Вопыт мінулых выбараў пераконвае, што жыхары вёскі не застаюцца ў баку ад важнай падзеі. Многія пажылыя людзі, каму не пад сілу ўжо самому прыйсці на выбары, непакояцца, каб іх дом не абмінулі, бо жадаюць удзельнічаць у важнай палітычнай падзеі. І, вядома, усе спадзяюцца, што ў парламент выберуць людзей актыўных, нераўнадушных і з добрым сэрцам.
Гутарыла Святлана МАКСІМУК.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовкано ГЧ № 63 от 17.08.16г.

Поделиться:
  •  
  • 7
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!