Мы гатовыя да школы! А вы?

Да новага навучальнага года – палова месяца. Але “яшчэ” ці “ўжо”? Таму цяпер самае частае пытанне пры сустрэчы дарослых і дзяцей: “У школу ўжо сабраліся?” Сапраўды, для многіх бацькоў пачынаюцца хваляванні і клопаты: паспець купіць усё неабходнае для дзіцяці ў школу. Некаторыя гэта ўжо зрабілі за 2 летнія месяцы. Аднак большасць бацькоў гэтым пачынае займацца менавіта ў жніўні. Сабраць дзіця ў школу – справа сапраўды няпростая, нават нервовая. Асабліва, калі магчымасці бацькоў не супадаюць з патрэбамі і густам дзіцяці. Таму падрыхтоўка да навучальнага года займае не адзін дзень. Часта яна расцягваецца нават на некалькі тыдняў. Бо некаторым даводзіцца пабываць у многіх магазінах, у тым ліку – у Брэсце, Кобрыне, нават Мінску і інш. Некаторыя за неабходным едуць на Украіну, у Польшчу.
Ці можна ў райцэнтры для вучняў выбраць адзенне дзелавога стылю да новага навучальнага года? Карэспандэнт газеты прайшоўся па гандлёвых кропках Маларыты, каб адказаць на пытанне, і пераканаўся: можна.

Школьныя закупкі на любы густ і кашалёк можна зрабіць, напрыклад, у індывідуальных прадпрымальнікаў Валянціны Міскевіч (магазін “Карапуз”, вул. Савецкая, 30), Аксаны Пачынчук (магазін “Кроха”), Зоі Каленчанка (магазін “Фасон”), Валянціны Гусаковай (магазін “Ніка”), Таццяны Германюк (магазін “ГерТа”), Аляксандра Старасотнікава (магазін “Прэстыж”), Івана Цюпяшука і інш., якія маюць гандлёвыя павільёны ў гасцініцы “Юбілейная” (вул. Леніна, 1). Калі мы сюды наведаліся, то бацькі разам з дзецьмі параўноўвалі кошт, выбіралі, прымяралі, зноў выбіралі, зноў прымяралі. А што падыходзіла і спадабалася, набывалі. Ажыятажу ў гэтых гандлёвых кропках не назіралася.
У магазіне райспажыўтаварыства “Буслік” (вул. Савецкая, 9) таксама можна набыць многае з адзення да новага навучальнага года і для хлопчыкаў, і для дзяўчынак з 28 па 46 памер уключна. Колерная гама таксама розная. Багаты асартымент і абутку.
На якую ж суму трэба разлічваць, каб сабраць у школу, напрыклад, вучня пачатковых класаў? Мы падлічылі. Між іншым, бралі сярэднія кошты на найбольш якасныя тавары беларускіх вытворцаў. Камплект для хлопчыка такога ўзросту, куды ўваходзяць касцюм, кашуля, гальштук, туфлі, а таксама рукзак, каштуе ў “Бусліку” больш за 200 рублёў. А вось для дзяўчынкі за камплект з сарафана, блузкі, гольфіка, туфляў і рукзака трэба заплаціць не менш чым 160 рублёў. Сабраць у школу старшакласніка будзе больш дорага.
Выгадна набываць неабходнае адзенне і абутак у школу менавіта ў “Бусліку”. У гэтай гандлёвай кропцы праводзіцца акцыя “Добры дзень, школа!” Пры набыцці абутку і адзення дзелавога стылю дзейнічае скідка 10%. Акрамя таго, для шматдзетных сем’яў на ўсе тавары школьнага асартыменту прадугледжаны скідкі на 15%. Прыгожы модны гарнітур для дзяўчынкі ці хлопчыка ў дзелавым стылі дадасць прыемнага настрою ўсёй сям’і. Магчыма, ён стане стымулам для стараннай вучобы.
З 1 жніўня ў Маларыце з’явілася яшчэ адна гандлёвая кропка па продажы дзіцячага адзення. Магазін “Растём-ка” індывідуальнага прадпрымальніка Людмілы Марчук чакае наведвальнікаў на вул. Несенюка, 9. Тут багаты выбар тавараў для дзяцей ад нараджэння да 16 гадоў. У асартыменце розных памераў — абутак, адзенне дзелавога стылю, спартыўная форма, спадніцы, кашулі, гальштукі, бабачкі, курткі, камбінезоны, галаўныя ўборы, шкарпэткі, панчохі, бялізна, падарункавыя наборы для нованароджаных…
-У гэты магазін мы з сынам Віктарам, які будзе вучыцца ў 6 класе, зайшлі для таго, каб прымерыць касцюм і кашулю, — кажа Лідзія Сахарчук. – Тут ёсць што купіць не толькі з адзення і абутку. Галоўнае, каб дзіця адчувала сябе ў школьным адзенні камфортна… Добра, што ў райцэнтры з’явіўся магазін з шырокім асартыментам тавараў для дзяцей.
Сярод абавязковых пакупак – канцылярскія тавары: сшыткі, альбомы для малявання, алоўкі, фарбы, лінейкі, ручкі, гумкі, пеналы… Іх выбар надзвычай багаты ў гандлёвых кропках Маларыты. Ды і набыць таксама можна ў многіх месцах. Калі ёсць час, можна пахадзіць і выбраць таннейшае.

* * *
У Маларыцкай раённай гімназіі прынята рашэнне, што з 2016/2017 навучальнага года ва ўстанове адукацыі ўводзіцца адзіны дзелавы стыль адзення пэўнага ўзору. Яно будзе пашыта ў таварыстве з дадатковай адказнасцю “Панда” (Panda Kids, г.Брэст). З прайс-лістом, узорамі адзення, якое выпускае гэтае прадпрыемства, можна пазнаёміцца на сайце раённай гімназіі па адрасе: http://gymn.malorita.edu.by.
Мікалай НАВУМЧЫК.

На здымку: Галіна і Вольга Кучыны “рыхтуюць” унучку і пляменніцу Вікторыю да новага навучальнага года.

Фота аўтара.
Опубликовано ГЧ  № 63  от 17.08.16г.

Поделиться:
  •  
  • 7
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!