Эксперт установіць справядлівасць

Пра дзейнасць экспертаў судовай экспертызы мы ведаем толькі па фільмах і кнігах. Дэтэктыўныя гісторыі расказваюць, як іх прафесіяналізм, пільнасць дапамагаюць зрушыць з месца крымінальныя справы, разблытаць клубок злачынстваў. Хоць крыху пазнаёміцца з прафесіяй дзяржаўнага медыцынскага судовага эксперта паспрабуем  з  дапамогай маладога спецыяліста Віктара Якімчука, які нядаўна прыехаў працаваць у наш раён.

Сектар судова-медыцынскіх экспертыз па Маларыцкім раёне Кобрынскага міжраённага аддзела Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз працуе ўжо даўно. Але з сакавіка па ліпень гэтага года судова-медыцынскія экспертызы праводзілі ў Брэсце, бо ў Маларыце ў гэты час не было свайго спецыяліста. Каб выехаць на месца здарэння, трэба было прывезці ў раён эксперта і даставіць назад, нябожчыка для экспертызы таксама трэба было транспартаваць у абласны цэнтр. Зразумела, што часу і матэрыяльных сродкаў на экспертызу ішло значна больш. Са жніўня да сваіх абавязкаў прыступіў новы дзяржаўны медыцынскі судовы эксперт і правесці экспертызу зноў можна ў нашым райцэнтры.
Сектар судова-медыцынскіх экспертыз цяпер знаходзіцца ў адрамантаваным у 2015 годзе будынку морга. Добрая матэрыяльна-тэхнічная база дазваляе на месцы праводзіць экспертызу для ўстанаўлення прычын смерці ці вызначэння характару і ступені цяжкасці цялесных пакалечанняў. У тым, наколькі важная работа медыцынскага судовага эксперта, сумнявацца не даводзіцца.Устанавіць прычыны смерці не менш важна, чым лячыць людзей. А ад таго, якое заключэнне дае эксперт, залежыць ход крымінальнай справы, ступень пакарання злачынцы.
— Судова-медыцынская экспертыза дае адказы на многія пытанні. Напрыклад, чым выклікана раптоўная смерць, ці была яна гвалтоўнай, — расказвае Віктар Якімчук. — Прафесія хоць і спецыфічная, але неабходная, асабліва, калі даследаванні паказваюць, што ў смерці ёсць крымінальная складаемая. Экспертыза дапамагае ўстанавіць справядлівасць.Безумоўна, як і ў кожнай рабоце, тут таксама ёсць не толькі плюсы, але і мінусы.
Сваю цяперашнюю работу Віктар Якімчук лічыць цікавай.Трэба сказаць, што маладому спецыялісту ёсць з чым яе параўноўваць. Выязджаць на месцы здарэнняў медыцынскаму судоваму эксперту падабаецца больш, чым увесь дзень праводзіць на прыёме ў кабінеце. Урачом-неўролагам у Драгічынскай цэнтральнай раённай бальніцы Віктар Сяргеевіч працаваў два гады пасля заканчэння Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта. Але яшчэ ў час вучобы яго зацікавіла судовая медыцына, таму паступіў у Інстытут павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў Дзяр­жаўнага камітэта судовых экспертыз, дзе вучыўся на працягу года. У час размеркавання Віктару Якімчуку прапанавалі месцы ў Століне і Маларыце. Малады спецыяліст аддаў перагу нашаму раёну, дзе, як ён лічыць, ёсць шмат пераваг. Першыя ўражанні ад Маларытчыны ў яго станоўчыя. Маладому медыцынскаму судоваму эксперту, які прыехаў сюды з жонкай, далі пакой у інтэрнаце. Умовамі, у якіх давядзецца працаваць, задаволены. Віктар Сяргеевіч адзначае, што тут ёсць усё неабходнае, каб напрацоўваць вопыт, прымяняць атрыманыя веды,удасканальваць прафесійныя навыкі.
— У судовай медыцыне ўсё канкрэтна, аб’ектыўна і вынік ці дыягназ залежыць толькі ад прафесійнага майстэрства эксперта. Пастаноўка дыягназу ў клінічнай медыцыне абцяжарваецца тым, што пацыент можа няправільна трактаваць сімптомы.
Увогуле, згодна з прафесійнымі абавязкамі, медыцынскі эксперт выязджае на месца здарэння, праводзіць анатаміраванне трупа ў моргу, экспертызу. На аснове аналізаў, даследаванне якіх праводзіцца ў лабараторыі ў абласным цэнтры, Віктар Сяргеевіч дае агульнае заключэнне.
Паколькі справа медыцынскага эксперта для нас у многім невядомая, пытанняў да спецыяліста ў мяне было шмат:
— Віктар Сяргеевіч, многія блытаюць абавязкі дзяржаўнага медыцынскага эксперта з работай паталагаанатама. Растлумачце, калі ласка, у чым адрозненні гэтых прафесій?
— Паталагаанатам даследуе трупы з ужо вызначаным дыягназам, ён яго можа пацвердзіць, а можа паставіць новы. Нам жа даводзіцца ўстанаўліваць прычыны смерці ў выпадках, калі чалавек загінуў пад уплывам уздзеяння знешніх прычын: траўм, атручвання і г.д. Увогуле, судмедэкспертыза праводзіцца па патрабаванні следчых органаў.
-А да чаго было цяжка прывыкнуць ?
— Я толькі пачынаю працаваць па сваёй спецыяльнасці. А ў час вучобы асабліва не па сабе было чуць за дзвярыма плач блізкіх людзей таго, хто ў выніку тых ці іншых прычын загінуў. Пасля зрабіў вывад, што эмоцыі павінны заставацца ў баку ад справы. Так лягчэй працаваць.
У калектыве сектара судова-медыцынскіх экспертыз па Ма­ла­рыцкім раёне Кобрынскага міжраённага аддзела Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз разам з Віктарам Сяргеевічам працуюць лабарант медыцынскай судовай экспертызы Павел Ківачук і санітарка Святлана Дворак. Ня­гледзячы на тое, што субота і ня­дзеля ў медыцынскага судовага эксперта — выхадныя, яго могуць выклікаць на работу не толькі ў гэтыя дні, але і ноччу, у любы час. Эксперты аказваюць і такую платную паслугу, як вызначэнне характару і ступені цяжкасці цялесных пакалечанняў. Канфідэнцыйнасць пры гэтым гарантуецца.
Дар’я ПАДАЛІНСКАЯ.
На здымку: дзяржаўны ме­дыцынскі судовы эксперт Віктар Якімчук.
Фота аўтара.

Опубликовано ГЧ № 63 от 17.08.16г.

Поделиться:
  •  
  • 4
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!