Спаборнічалі камунальнікі вобласці
Універсальны спартыўны цэнтр “Жамчужына” стаў месцам правядзення фінальных спаборніцтваў ХІХ летняй абласной галіновай спартакіяды прафсаюзаў работнікаў мясцовай прамысловасці і камунальна-бытавых прадпрыемстваў.
У іх прынялі ўдзел зборныя каманды прадпрыемстваў і арганізацый, якія занялі І месцы ў занальных адборачных спаборніцтвах, што працуюць у сістэме жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Памерацца спартыўнымі сіламі на пляцоўкі выйшлі 6 лепшых каманд Брэстчыны: прадстаўнікі жыллёва-камунальных гаспадарак.
У час урачыстага адкрыцця спартакіяды з прывітальным словам да прысутных звярнуліся Вадзім Шпетны, намеснік старшыні райвыканкама, і Іван Васільковіч, старшыня Брэсцкага абкама прафсаюза работнікаў мясцовай прамысловасці і камунальна-бытавых прадпрыемстваў.
Спаборнічалі камунальнікі па 5 відах спорту: валейболе (мужчыны і жанчыны), лёгкаатлетычны крос (дыстанцыя для мужчын – 2 км (узрост да 35 гадоў), 1 км (пасля 35), для жанчын – 1 км (узрост да 35 гадоў), 500 метраў (пасля 35)), стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі стоячы без упору (дыстанцыя – 10 метраў для мужчын і жанчын), а таксама падняцці гіры вагой 24 кг (колькасць разоў на працягу 10 хвілін). Самым відовішчным сталі спаборніцтвы па міні-футболе сярод мужчынскіх каманд.
У выніковай турнірнай табліцы каманда КУШВП ЖКГ “Маларыцкая ЖКГ” заняла V месца. На першай прыступцы апынуліся камунальнікі з Пружан, на другой – з Брэста, на трэцяй – з Кобрына. У асобных відах спаборніцтваў нашы камунальнікі таксама сталі пераможцамі і прызёрамі. Напрыклад, Пётр Аўсійчук заняў І месца ў падняцці гіры (узроставая катэгорыя за 35 гадоў, вагавая катэгорыя больш за 90 кг), а Рыгор Літвінюк – ІІ месца (узроставая катэгорыя старэй за 35 гадоў, вагавая катэгорыя да 75 кг). Пётр Пятровіч гіру падняў 101 раз, Рыгор Рыгоравіч – 70. Валейбольныя каманды (мужчынская і жаночая) занялі трэція месцы. Узялі ўзнагароды маларыцкія камунальнікі і ў стральбе. Віктар Андрыеўскі ў асабістым заліку выбіў 43 ачкі з 50 магчымых і апынуўся на ІІІ месцы. Трэцяе выніковае месца па стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі заваявалі стралкі, а таксама – міні-футбалісты.
На здымку: у час правядзення спартакіяды камунальнікаў вобласці.
Опубликовано ГЧ № 65 от 24.08.16г.