Лета –гэта маленькае жыццё…

Людміла Ярмашук:
– Лета ў мінулым годзе мы з сям’ёй правялі ў дальніх паездках. Пабывалі ў Аўстрыі, Чэхіі, Польшчы, Італіі. А сёлета пра замежныя краіны і не думалі. Вырашылі адпачываць на сваіх мясцовых азёрах. І, прызнацца, ніколькі не пашкадавалі. Калі было цёплае надвор’е, выязджалі на возера Лукаўскае. Чароўная прырода, вада, сонца – усё гэта дарыла добры настрой. Тут адпачывала шмат брэстаўчан, для якіх адпачынак у палатках на гэтым возеры стаў традыцыйным. І водгукі ва ўсіх былі добрыя. Калі ўжо гаварыць шчыра, для чалавека важна не тое, дзе ён адпачывае, а з кім праводзіць час. У час адпачынку мы арганізавалі для сябе паездку ў абласны цэнтр. Пахадзілі па прыгожых вуліцах Брэста, якія, калі б не гучала руская мова, ад вуліц еўрапейскіх гарадоў і не адрозніў бы. А яшчэ наведалі Брэсцкую крэпасць, дзе, колькі б ні бываў, заўжды ёсць што паглядзець. У чарговы раз пераканаліся: калі ёсць час і жаданне, можна правесці вольны час нават без далёкіх падарожжаў, проста вывучаючы свой край. І гэта будзе і цікава, і карысна.
Святлана ШАЛКОВІЧ:
– Гэтае лета для нашай сям’і было радасна-трывожным. Пачалося яно з экзаменаў, якія здавалі і малодшы сын Аляксей, што закончыў 9 класаў, і старэйшы сын Яўген, выпускнік. Душу ўскалыхнуў шчымлівымі эмоцыямі выпускны баль. А потым зноў хваляванні пры здачы тэстаў, хацелася набраць больш балаў, каб здзейснілася мара сына – стаць урачом. Калі стала вядома, што Яўген паступіў у медыцынскі ўніверсітэт, ды яшчэ на бюджэт, радасць зашкаліла. Між іншым, радаваліся не толькі за свайго сына, але і за яго сяброў, якія таксама сталі студэнтамі. Яшчэ гэтым летам наш малодшы сын упершыню ўладкаваўся працаваць у студатрад. Як радаваўся ён, калі атрымаў першую, заробленую сваімі рукамі плату! Калі экзамены і працоўныя будні закончыліся, мы вырашылі адпачыць усёй нашай вялікай сям’ёй на беразе Лукаўскага возера. Гэта былі таксама незабыўныя моманты.
Віталь Касцючык:
– Хоць лета больш звязваюць з адпачынкам, але мне яно запомнілася ў першую чаргу работай. Разам з калегам Паўлам Дзячуком мы вазілі дзяцей у горад Пінск на рэспубліканскі турнір па боксу. Выхаванцы нас шчыра парадавалі. Былі заваяваны 4 першыя месцы і адно трэцяе. Акрамя таго, арганізаваны трэніровачны збор на базе лагера ў комплексе “Жамчужына”. Штодня на працягу 26 дзён з дзецьмі праводзіцца па дзве трэніроўкі. А што датычыцца адпачынку, дык ён хоць і выпадаў рэдка, але быў незабыўны. З сябрамі пабывалі на возеры Свіцязь, атрымаў зарад пазітыву. А яшчэ пагуляў у сябра на вяселлі, якое, можна сказаць, было лепшым. А зусім нядаўна вярнуўся з абласнога маладзёжнага турыстычнага злёту “Прыбужжа – 2016”, які праводзіўся на беразе ракі Мухавец. Удзел у ім прымаў у складзе каманды з Маларытчыны. Тры дні злёту праходзілі ў спартыўных спаборніцтвах паміж 15 камандамі. Мне як спартсмену ў мінулым было прыемна зноў адчуць дух барацьбы, саперніцтва. Упершыню плаваў на байдарцы, і гэта было цудоўна! Увогуле, вельмі карысна на пэўны час адарвацца ад цывілізацыі, ад камп’ютара, апынуцца ў прыродных умовах: пакалоць дровы, раскласці касцёр, згатаваць на ім ежу. Усё гэта выклікае вельмі яркія эмоцыі. Акрамя таго, у нефармальнай абстаноўцы лепш пазнаеш людзей, якіх ведаў, знаёмішся з новымі сябрамі. Злёт яшчэ раз пераканаў: актыўна адпачываць вельмі карысна.
Вольга Жыльцова:
– Лета для мяне запомніцца ў першую чаргу паездкай на радзіму ў Валагодскую вобласць. Нягледзячы на тое, што ўжо 24 гады жыву ў Беларусі, усё роўна радзіма да сябе кліча. Здаецца, там і неба іншае, і паветра, і трава. Сустрэча з радзімай заўжды трапяткая, хвалюючая, асабліва, калі наведваемся туды вельмі рэдка. Прыемна было пабачыць валагодскі народ – вельмі стрыманы па сваім паўночным характары, але ў той жа час вельмі адкрыты, шчодры, гасцінны, пачуць напеўную валагодскую мову. Я рада, што са мною паехала дачка Ксенія, якая, можна сказаць, у свядомым узросце там яшчэ не была, але адразу адчула сябе нібы дома. Нас пачаставалі вельмі смачнымі валагодскімі пірагамі і нават навучылі іх пячы. А яшчэ вельмі яркія ўражанні пакінула сустрэча з былымі аднакласнікамі. У наступным годзе будзе 30 гадоў, як мы закончылі школу ў пасёлку Вожага. Але, сустрэўшыся разам, мы нават не адчулі, што прайшло тры дзесяцігоддзі. Наадварот, здавалася, што і не развітваліся зусім. Вярнуўшыся дамоў, мы ўжо засумавалі па ўбачаных на Валагодчыне беластволых бярозках, рамонкавых палях, гасцінных людзях, якія сустракалі нас як родных. І цяпер будуем планы на наступнае лета зноў адправіцца ў падарожжа.
Алена Смаль:
– Гэтым летам мы з мужам адзначылі прыемную падзею – гадавіну з дня заснавання нашай маладой сям’і. А яшчэ ў жніўні я адсвяткавала 25-гадовы юбілей, атрымала ў падарунак букет з 25 руж і турыстычную пуцёўку ў сталіцу Расіі – Маскву. Прыгожы, велічны горад з вельмі вялікімі магчымасцямі вельмі спадабаўся. Масква-сіці (сучасны горад у горадзе), Крэмль, Чырвоная плошча, Вараб’ёвы горы, Паклонная гара, прыгожыя храмы – усё гэта не магло не ўразіць і буду добра ўспамінаць. А калі нешта забудзецца, аднавіць уражанні дапамогуць шматлікія фотаздымкі.

Гутарыла Святлана МАКСІМУК.

Опубликовано ГЧ № 67 от 31.08.16г.

Поделиться:
  •  
  • 3
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий