Аб’яднала любоў да песні

У фальклорным калектыве  ”Барвіначак”  Ужоўскага Дома фальклору — 6 чалавек. Усе яны розныя па ўзросту, па сацыяльнаму статусу, па характарах. І нават захапленні ў кожнай з жанчын свае. Але аб’яднала іх шчырая любоў да песні.

…Калі на змену тым, хто па аб’ектыўных прычынах пакінуў калектыў, неабходна было шукаць іншых, дырэктару Ужоўскага Дома фальклору Святлане Пятручык не трэба было падказваць, каму прапаноўваць папоўніць рады ”Барвіначка”. Яна ведала, што ў вёсцы ёсць добрыя пявунні, таму да іх у першую чаргу і пайшла.
— Ні Ніну Надзяжук, ні Лену Яўтушык, ні Олю Хівук не трэба было ўгаворваць і агітаваць спяваць у “Бар­віначку”, — расказвала Святлана Рыгораўна Пятручык. – Наадварот, яны былі вельмі рады, што я пра іх не забыла. Бо жанчыны любяць песню, асабліва народную.
Ахвотна згадзілася спяваць у “Барвіначку” і дачка Святланы Рыгораўны, таксама Святлана. Ёй зноў жа з маленства была знаёмая народная песня, бо і ў сваім доме, і ў вёсцы на святах яна вельмі часта чула менавіта гэтую песню. І з узростам разумела, што яе ніколі не змогуць выціснуць ніякія эстрадныя творы.
— У вас такія прыгожыя ў народным стылі касцюмы. Напэўна, шылі пад заказ? — цікаўлюся ў Святланы Пятручык.
— Мы іх збіралі ў вяс­коў­цаў.
— І ахвотна яны іх давалі?
— Як хто: адны — з радасцю, іншыя — неахвотна. Бо, як нам гаварылі, прыхоўваюць для сваіх унукаў, а раптам і яны некалі захочуць выступаць. А трэція шчыра прызнаваліся, што, на жаль, касцюмы паспелі прадаць ужо сталічным купцам з Мінска, якія неяк прыязджалі ў Лукава і давалі за касцюмы добрую цану.
— Не раз слухала вашы выступленні. Замілоўваешся прыгожымі галасамі ўдзель­нікаў калектыву. І песні цудоўныя ў вашым рэпертуары. І жывы гук, што цяпер вельмі рэдка бывае.
— Усе, хто ў “Барвіначку” спявае, не ўяўляюць сваё выступленне пад фанаграму. Мы аднадумцы ў тым, што каб данесці адметнасць і непаўторнасць народнага фальклору да слухача, ён павінен быць, як гаворыцца, жывым.
Зрэшты, удзельнікі “Барві­начка” аднадумцы не толькі ў гэтым. Яны перакананы: нішто так не ўздзейнічае на слухача, як народная песня, фальклор. Гэта частка культуры нашага народа, у якім найбольш праяўляецца яго душа. А душэўнае не можа не ўзрушваць.
З задавальненнем выступаюць удзельнікі “Барві­начка” не толькі перад сваімі аднавяскоўцамі ў дні розных свят, перад хлебаробамі ў час важных сельскагаспадарчых кампаній, але і ахвотна едуць у маланаселеныя вёскі, дзе, на іх думку, не менш удзячныя слухачы.
Вось і ў той дзень, калі мы былі ў Грушцы і Высокім, разам з удзельнікамі аўта­клуба дзяржаўнай установы культуры ”Маларыцкі раённы Цэнтр культуры” гасцямі жыхароў гэтых вёсак быў і фальклорны калектыў ”Бар­ві­начак”. І трэба сказаць, што народныя песні ў іх выкананні былі добрым працягам тых задушэўных эстрадных, што выконвалі дырэктар аўтаклуба Яўгенія Наўрасюк і саліст Алег Самасюк.
Між іншым, сімпатычныя ўдзельнікі “Барвіначка” не толькі сваёй любоўю да фальклору, але і разнастайнасцю іншых захапленняў, якіх у кожнай з жанчын нямала. Скажам, Вольга Хівук — заўзятая рыбачка. А далучыў яе яшчэ з маленства да гэтага бацька. Ён — вялікі аматар рыбнай лоўлі. Сама Вольга з Макран, але даўно жыве ў Лукаве. А тут, вядома ж, толькі гультай не імкнецца пасядзець дзе-небудзь ля канавы ці возера з вудай. Вось і Вольга, калі бывае вольны час, бярэ рыбацкія снасці — і ў паход. Яна пры­зналася, што добра вывучыла тутэйшыя мясціны, у тым ліку і тыя, дзе водзіцца рыба. Ну і, вядома ж, пахвалілася сваёй удачай: аднойчы злавіла 56 карасёў.
Алена Яўтушык — украінка. Але зноў жа прыжылася з сям’ёй у Лукаве. Ад маці навучылася вышываць крыжыкам. У доме Алены шмат ручнікоў, пасцельнай бялізны, іншых рэчаў, вышытых уласнымі рукамі.
— У нашай вёсцы на Украіне і цяпер прынята, каб дома былі вышыўкі, — расказвае Алена. — Заўважаю, што гэтае ручное рамяство пачынае адраджацца і ў вас у Беларусі.
А яшчэ Алена — цудоўны хлебапёк. Мяркуючы па тым, з якой любоўю яна мне расказвала пра тэхналогію выпечкі жытнёвага хлеба і як дакладна яна яе ведае, можна смела сказаць, што хлеб у Алены сапраўды выходзіць вельмі і вельмі смачны. А тым больш, што перавагу яна аддае звычайнай печы. І справядліва лічыць, што найлепшы хлеб атрымліваецца менавіта тады, калі пячэш яго тут.
У Ніны Надзяжук прыро­джаны талент не толькі пявунні, але і паэта. Яе вершы, сатырычныя мініяцюры, гумарэскі, байкі не раз дру­каваліся на старонках нашай газеты. Ніна Міхайлаўна ўмее падмеціць цікавыя фак­ты жыцця і вершаваным радком расказаць пра іх так, каб было не толькі даходліва, але і прымусіла слухача шчыра пасмяяцца.
Неабыякавая Ніна Міхай­лаўна і да кветак. Іх у яе шмат як у доме, так і ў двары. Ведаюць аднавяскоўцы гэтую жанчыну і як цудоўную гаспадыню.
Святлана Пятручык малодшая — класны кандытар. І ў яе гэтае захапленне спадчыннае. Бабуля па бацькоўскай лініі далёка славілася сваім майстэрствам рабіць мучныя шэдэўры. Пячэнне, кексы, рулеты, зразы, піражкі з рознымі начынкамі — гэта далёка не поўны пералік таго, чым любіць радаваць сваіх блізкіх Святлана. А ў апошні час не лянуецца пафантазіраваць з тортамі.
У сям’і Святланы Пятручык старэйшай прывыклі да яе смачных хатніх нарыхтовак. Асабліва да марынаваных грыбоў, якія ўдаюцца ў Святланы дзівосна смачнымі. А агуркі ці кансервы з рыбы! Дарэчы, рэцэпт апошняй Свят­лана прапанавала чытачам нашай газеты. У каструлю з вадою кладзем парэзаную на кавалкі рыбу (1 кілаграм рыбы і 0,5 літра вады). Дадаем прыправы — лаўровы ліст, перац духмяны чорны, 1 чайную лыжку алею, па 1 сталовай — солі і цукру. Варым рыбу з духмянымі прыправамі 5 хвілін. Ставім у халоднае месца, каб набралася водарам, і спажываем.
Нельга ўявіць “Барвіначак” і без гарманіста Мікалая Мішчука, які ніколі не падвядзе і, як часта гавораць, не «сапсуе» патрэбную партыю.
…Уважліва сачыла за жы­харамі Грушкі і Высокага, якія ў той дзень сабраліся на канцэрт. Адчувалася, што яны рады самадзейным артыстам. Бо і мясцовая гаворка, даступная ўсім і кожнаму (а самадзейныя артысты і паміж сабою, і са сваімі слухачамі зносяцца на мясцовым дыялекце), і песні, якія былі знаёмы ім яшчэ з маладосці, і шчырасць саміх артыстаў збліжалі першых і другіх. Нездарма многія з вяскоўцаў, а прыйшлі на канцэрт усе, хто мог, спявалі разам з гасцямі.
Ірына КАСЦЕВІЧ.
На здымку: удзельнікі фальклорнага калектыву Ужоўскага Дома фальклору.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликованро ГЧ № 69 от 7.09.16г.

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!