Культурны фэст для актыўных

На тры дні адмовіцца ад камфортных гарадскіх умоў, змяніць утульны ложак на спальныя мяшкі і палаткі ў лесе, гатаваць ежу на вогнішчы, праявіць свае таленты і правесці час весела ў коле новых сяброў атрымалі магчымасць актывісты грамадскага аб’яднання “БРСМ” вобласці. Нядаўна каманда маларытчан прыняла ўдзел у адкрытым маладзёжным форуме-лагеры Брэсцкай вобласці “Прыбужжа-2016! Культурны фэст”. Уражанняў і эмоцый засталося шмат. 

На беразе ракі Мухавец ва ўрочышчы “Залуззе”, што ў Жабінкаўскім раёне, сабраліся спартыўныя, актыўныя, творчыя. Маларытчыну прадставіла каманда з 15 маладых людзей — студэнты і працоўная моладзь з ліку актыву раённага камітэта ГА “БРСМ”. На Брэстчыне маладзёжны форум-лагер праходзіў у другі раз. Яго мэта – дапамагчы маладым лідарам паспяхова самарэалізавацца, раскрыць культурны, духоўны і інавацыйны патэнцыял перспектыўным юнакам і дзяўчатам. А таксама паказаць маладым людзям, наколькі прыемным, цікавым і разнастайным можа быць актыўны адпачынак, прыцягнуць іх да рэгулярных заняткаў фізічнай культурай і спортам. Таму праграма маладзёжнага фэсту была насычанай і шматпрофільнай і падзялялася на два блокі: спартыўны і адукацыйны. Каманда маларытчан ярка вызначылася ў кожным з іх. У спартыўных спаборніцтвах добра праявілі сябе вадзіцель ААТ “Кансервавагароднінасушыльны камбінат” Іван Цярэшка, вадзіцель ПУП “Ваяж” Віталь Багута. Сярод дзяўчат актыўнымі ўдзельніцамі ўсіх конкурсаў былі студэнткі Вольга Джура, Вольга Баравік, Алена Піліповіч. Актывісты “БРСМ” гулялі ў паркавы валейбол, спаборнічалі ў фігурным ваджэнні веласіпеда, падняцці гіры, веславанні на байдарках, дартсе, перацягванні канату, пераадольвалі спартыўна-турыстычную паласу. Таксама яны пазнаёміліся з нацыянальным відам спорту Якуціі – мас-рэслінгам.
— Кожны дзень фэсту быў непаўторным. Прыгожая прырода, рэчка побач, цікавая культурная і спартыўная праграмы, актыўныя і вясёлыя суседзі па лагеры – усё гэта зрабіла наш адпачынак незабыўным, — расказвае Вольга Баравік. — Ніхто не хацеў ехаць дадому. Добра было б, каб для моладзі часцей арганізоўваліся такія сустрэчы. Са спартыўнага блоку больш за ўсё спадабалася пераадольваць паласу перашкод – энергія, адрэналін зашкальвалі. У адукацыйным блоку было весела прымаць удзел у конкурсе візітак “Культурная рэвалюцыя”. Мы падрыхтавалі танец, пераклалі папулярную песню “На лабутэнах” на свой лад. Увесь лагер нам апладзіраваў і падтрымліваў, а на закрыцці форума запрасілі выступіць яшчэ раз.
Дарэчы, крэатыў маларыцкай каманды ацаніла журы. У конкурсе “візітак” наша каманда заняла 2-ое месца. А яшчэ не было роўных у конкурсе творчых нумароў “Мы пяем пра цябе, Беларусь” удзельніцы маларыцкай каманды Вікторыі Ляўчук, хормайстару гарадскога Дома культуры, за што яна і была ўзнагароджана медалём. Па выніках трох дзён каманда маларытчан заваявала 5-ае месца з 15.
— Ніколі не даводзілася бываць на такіх турзлётах на прыродзе. Калі нам з сяброўкамі прапанавалі на тры дні стаць удзельнікамі маладзёжнага фэсту, мы ні на хвіліну не раздумвалі, згадзіцца ці не, бо гэта шанц падвынікаваць лета цікавай падзеяй, назапасіць эмоцыі на вучэбны год. Спадабалася ўсё: ад жыцця ў палатках і начных гутарак да духу спаборніцтва і актыўнасці, які не пакідаў нас увесь час. Хоць са сваёй камандай мы пазнаёміліся толькі ў дарозе, дадому ўсе вярнуліся сябрамі. Актыўны адпачынак збліжае моладзь, мы атрымалі не толькі шмат прыемных уражанняў, але і набылі новых знаёмых, цікавыя ідэі, — дзялілася ўражаннямі Вольга Джура.
Форум-лагер “Прыбужжа-2016! Культурны фэст” запомніцца ўсім і конкурсам “Беларускі хутарок”, удзелам у праекце «Адкрыты дыялог». Ды і проста вечарамі ля вогнішча, дыскатэкамі на свежым паветры, смачнай ежай, якую гатавалі самі ўдзельнікі на прыродзе. Пераканаўшыся, наколькі спадабалася камандзе такая форма адпачынку, у раённым камітэце ГА “БРСМ” паабяцалі, што цяпер маладзёжныя турыстычныя форумы таксама будуць арганізоўвацца і на Маларытчыне.
Дар’я ПАДАЛІНСКАЯ.
На здымку: у час адкрытага мала-дзёжнага форума-лагера “Прыбужжа-2016! Культурны фэст”.
Фота Надзеі ПСТЫГА.

Опубликовано ГЧ № 69 от 7.09.16г.

 

Поделиться:
  •  
  • 6
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!