Галоўнае — любоў да дзяцей

…і ўменне іх успрымаць такімі, якія яны ёсць. Так растлумачыла асноўныя патрабаванні да патэнцыяльных прыёмных бацькоў спецыяліст райаддзела адукацыі. Хаця ёсць яшчэ адна ўмова – у сям’і павінны быць дзеці.
Стаць прыёмнай маці Любові Міхальчук дапамог выпадак. Яны з мужам у часопісе “Благовест” неяк убачылі фота 8-гадовай Насці, якая выхоўвалася ў дзіцячым доме № 7 г. Мінска. Акрамя фотакарткі, тут змяшчалася і кароткая інфармацыя пра дзяўчынку. Тады муж і жонка падумалі, што Насця – амаль равесніца іх дачкі Вікі. Яе можна ўдачарыць – Віцы будзе сястрычка.
Для пачатку ўзялі дзяўчынку на асеннія канікулы. І яна ім так спадабалася, што захацелі,  каб яна ў іх засталася назаўсёды. Любоў расказвала, што Насця – адзіная дзяўчынка, якую яны бралі да сябе на пабыўку. Дзеці, лічыць прыёмная маці, не пальчаткі, якія мяняюць. Калі ўзяў малое, яго трэба выхоўваць, любіць.
Калі паспрабавалі ўдачарыць Насцю,  Любе прапанавалі стаць прыёмнай маці. У іх з мужам былі ўжо дзеці. Пра прафесію прыёмных бацькоў Міхальчукі тады яшчэ не ведалі.
У хуткім часе пасля таго, як у сям’і з’явілася Насця, у Міхальчукоў нарадзіўся Вадзім. Цяпер у іх пяцёра дзяцей: Жэня,  Алег,  Віка,  Насця і Вадзім.
Свой вольны час право­дзяць разам і вельмі весела. Тата адкрыў клуб,  які афіцыйна існуе, зарэгістраваны. У ім дзеці сустракаюцца з сябрамі, зносяцца, граюць на музычных інструментах, перавагу аддаюць рок-музыцы. Нават Насця вучыцца іграць на гітары. Па словах таты, а ён музыкант, у дзяўчынкі добра атрымліваецца, ёсць здольнасці. Праўда, Насця прызналася, што ёй больш падабаецца іграць на ўдарных інструментах. Да гэтага Насця вучылася ў музычнай школе, займалася харэаграфіяй, іграла на піяніна.
Міхальчукі ўсёй сям’ёй ходзяць у паходы, у якіх удзельнічаюць і тыя, хто наведвае клуб. А  летам мінулага года на аўтамабілі аб’ехалі ўсю Гродзенскую вобласць. Паглядзелі славутасці, цікава і з карысцю правялі час.
Насця ж, пачынаючы з 6-гадовага ўзросту, ездзіць на канікулы ў Італію.
Ёсць у дзяўчынкі і яшчэ адно захапленне: яна любіць вышываць. Між   іншым,  вышыўкай займаецца і прыёмная мама, таму часта яны вышываюць разам.
А Насцю навучылі вышываць яшчэ ў дзіцячым доме. Цяперашнія яе бацькі робяць усё магчымае, каб Насця не толькі займалася вышыўкай, але і наогул усебакова разві­валася.
Насця займаецца ў раённай гімназіі, хаця ў самым пачатку з ёй шмат давялося дадаткова займацца настаўнікам. Цяпер яна ўжо добра вучыцца.
З родзічаў Насця зносіцца толькі з роднай бабуляй, ездзіць да яе ў госці ў Мінск.
Вядома, лепш было б, каб дзяўчынка выхоўвалася ў роднай сям’і,  была разам са сваімі роднымі бацькамі. Але прыёмная мама ўсяляк стараецца, каб і ў іх, у прыёмнай сям’і,   дзяўчынка адчувала сябе як дома.
Хрысціна АЛЕСІК.
НА ЗДЫМКУ: вялікая сям’я МІХАЛЬЧУКОЎ.
Фота аўтара.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!