Дзеду нізка пакланіцца

прыехаў на Маларытчыну ўнук афі­цэ­ра,  пахаванага ў брацкай магіле Кургана Славы

“Нам гэты свет завешчана берагчы” – так называўся першы ўрок ва ўсіх школах Беларусі. І менавіта на гэты ўрок да нас, у ДУА “Маларыцкая сярэдняя школа № 2”, прыехаў госць з Масквы Віталь Уладзіміравіч Рэпін, каб расказаць дзецям пра 75-ю стралковую дывізію, якая гераічна абараняла Маларыту ў гады Вялікай Айчыннай вайны, а яшчэ адшукаць звесткі пра свайго дзядулю Івана Кліменцьевіча Стадніка, афіцэра гэтай дывізіі. Дарэчы, супрацоўніцтва з Віталем Уладзіміравічам пачалося даўно. Работнікі школьнага музея “Патрыёт”, дырэктар ДУА “Маларыцкая сярэдняя школа № 2” Любоў Васільеўна Куц, былы дырэктар школы Васіль Піліпавіч Маркаў дапамагалі ўнуку героя шукаць інфармацыю пра яго блізкага чалавека.
Па крупінках збірала сям’я Віталя Рэпіна звесткі пра 75-ю стралковую дывізію. Толькі зусім нядаўна яны даведаліся пра месца пахавання лейтэнанта Стадніка ў брацкай магіле на Кургане Славы. І гэта не дзіўна. Як вядома, пачатак вайны быў для нашай арміі няўдалы. Стварыўшы значную перавагу ў сілах і сродках на накірунках галоўных удараў, захапіўшы ініцыятыву, гітле­раўцы паставілі савецкія войскі ў вельмі цяжкія ўмо­вы вядзення ўзброенай барацьбы. Жорсткія баі разгарнуліся на ўсіх участках. Але нягледзячы на не­верагодна складаную абстаноўку, у якой змагаліся нашы салдаты і афіцэры, яны аказалі фашыстам упартае супраціўленне. Некаторыя часці на працягу доўгага часу ўтрымлівалі занятыя рубяжы, да пачатку ліпеня 1941 года, наносячы ворагу вялікія страты. Менавіта так змагаліся воіны 75-й стралковай дывізіі, якая ўваходзіла ў склад 4-ай арміі Заходняга фронту. Цаной вялікіх страт, неймаверным гераізмам плячо ў плячо здабывалі мір для ўсёй краіны і нашай Маларыты воіны розных нацыянальнасцяў і веравызнанняў.
Так і Іван Кліменцьевіч Стаднік у гады Вялікай Айчыннай вайны, змагаючыся з ворагам, апынуўся ў раёне горада Маларыты, хоць нарадзіўся і жыў у вёсцы Шпяндоўка Узінскага раёна (Украіна). У 1938 годзе паступіў на курсы малодшых лейтэнантаў пры Кіеўскім артылерыйскім вучылішчы і быў назначаны камандзірам узвода 68-га артылерыйскага палка 62-й стралковай дывізіі (пасля 75-я стралковая дывізія). На пачатку вайны сям’я перастала атрымліваць звесткі пра Івана Кліменцьевіча. Зыхо-дзячы з архіўных дакументаў, лічылася, што лейтэнант Стаднік прапаў без вестак у чэрвені 1941 года. Але, як адзначаў унук афіцэра, яго сям’і было важна знайсці магілу дзеда, пакланіцца гэтай зямлі.
Доўгі час васьмікласнікі не адпускалі нашага госця з урока, задавалі пытанні, глядзелі архіўныя дакументы розных краін, якімі Віталь Уладзіміравіч Рэпін падзяліўся са школьным музеем. Дзецям хацелася даведацца пра невядомыя ім пакуль яшчэ старонкі ваеннай гісторыі Маларытчыны, пра людзей, якія, ахвяруючы самым каштоўным, што было ў іх – жыццём, здабылі нам, нашчадкам, мір, спакой.
Віталь Рэпін, разам з дырэктарам школы Любоўю Куц, ветэранам Вялікай Айчын­най вайны Васілём Маркавым і членамі гуртка “Музейная справа” ўсклалі вянкі да брацкай магілы на Кургане Славы, ушанавалі памяць пра загінуўшых воінаў хвілінай маўчання.
Людміла ЯРМАШУК, настаўніца ДУА “Маларыцкая сярэдняя школа № 2”.

Фота аўтара.

Опубликовано Гч № 71 от 14.09.16г.

Поделиться:
  •  
  • 1
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!