Добраўпарадкаванне – задача агульная

На парадак дня выязнога пасяджэння прэзідыума раённага Савета дэпутатаў ХХVII склікання былі вынесены два асноўныя пытанні – “Аб рабоце  КУШВП ЖКГ “Маларыцкая ЖКГ” сумесна з органамі тэрытарыяльнага грамадскага кіравання па добраўпарадкаванні могілак і належным іх утрыманні” і “Аб стане вытворчых і бытавых памяшканняў суб’ектаў гаспадарання Маларыцкага раёна”. Праводзілася выязное пасяджэнне на базе Олтушскага і Арэхаўскага сельсаветаў.

Перш чым грунтоўна абмеркаваць пытанне ўзаемадзеяння прадпрыемства жыллёва-камунальнай гаспадаркі, сельвыканкамаў і насельніцтва вёсак у пытаннях добраўпарадкавання могілак – месцаў, якія заслугоўваюць нашай увагі і з’яўляюцца своеасаблівым люстэркам культуры, удзельнікі выязнога пасяджэння наведалі новыя гарадскія могілкі і могілкі ў Олтушы і Арэхаве. У першую чаргу ўвага звярталася на культуру арганізацыі пахаванняў, дагледжанасць тэрыторыі на саміх могілках і побач з імі, на стварэнне ўмоў для зручнасці людзей, якія даглядаюць за магіламі сваіх родных і блізкіх.
У 23 месцах на тэрыторыі раёна размешчаны могілкі. Усе яны, як адзначыў, калі выступаў з інфармацыяй, начальнік аддзела ЖКГ райвыканкама Віктар Русавук, узяты на баланс прадпрыемства жыллёва-камунальнай гаспадаркі. У горадзе, дзе ёсць двое могілак, адказнасць за іх утрыманне і своечасовае і якаснае аказанне паслугі па пахаванні памерлых нясе рабочы ўчастак добраўпарадкавання. Работы выконвае брыгада ў складзе 4 чалавек. На сельскіх могілках канкрэтна замацаванага абслуговага персаналу няма. А таму многае ў пытаннях парадку тут залежыць ад работы мясцовай улады з насельніцтвам. Першы акцэнт быў зроблены на абавязковым абуладкаванні могілак агароджай. Цалкам абгароджана 18 могілак. У Брадзяціне, Олтушы, Чарнянах і Збуражы агароджа пабудавана не па ўсім перыметры. На матэрыял і выкананне такіх работ патрэбны немалыя сродкі. Часцей за ўсё праблема вырашаецца там, дзе самі вяскоўцы згаджаюцца правесці будоўлю, як кажуць, “усім светам”.
Не магла не ісці размова і пра парадак на самой тэрыторыі могілак, і ля іх. 19 вясковых могілак, заўважалася ў выступленні, абуладкаваны кантэйнернымі пляцоўкамі для збору смецця. Толькі за гэты год кантэйнерныя пляцоўкі з’явіліся ля 7 могілак. Яшчэ на двух абуладкаваны месцы часовага захоўвання адходаў. Жыхары вёсак самі стараюцца прыбраць магілы сваіх блізкіх. Работы па навядзенні парадку актывізуюцца вясной. Але ў любы час года такія месцы нашай агульнай памяці павінны быць добраўпарадкаваны. А значыць, як падкрэслівалі многія з выступаючых і падагульніў размову старшыня раённага Савета дэпутатаў Пётр Губей, неабходны пастаянны кантакт з насельніцтвам, правя­дзенне растлумачальнай работы, узаемадзеянне ў пытаннях выхавання культуры стаўлення да магіл продкаў са святарамі цэркваў. Тое, што ў пытаннях добраўпарадкавання могілак многае зроблена, як гаварылася ў выступленнях, сумненняў няма. Так, могілкі ў Хаціславе, Збуражы і ў горадзе забяспечаны збудаваннямі сістэмы водазабеспячэння, на могілках у Хаціславе, Збуражы, Олтушы, Лукава і ў горадзе ўстаноўлены грамадскія туалеты. На многіх могілках знесены старыя дрэвы. Толькі сёлета зрэзана больш за 80 аварыйных дрэў. Але тут ёсць і нямала праблем, якія ў першую чаргу звязаны з фінансамі.
З інфармацыяй па пытанні “Аб стане вытворчых і бытавых памяшканняў суб’ектаў гаспадарання” выступіла начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Ірына Федчык.У першым паўгоддзі 2016 года, як адзначыла яна, на пераабсталяванне і мадэрнізацыю вытворчасці арганізацыі раёна зрасходавалі больш за 4,8 млрд. рублёў, на паляпшэнне ўмоў працы работнікаў, зніжэнне ўздзеяння шкодных і небяспечных вытворчых фактараў – 1,6 млрд. рублёў. У шэрагу арганізацый выкананы мерапрыемствы, якія накіраваны на паляпшэнне санітарна-бытавых умоў, — праведзены касметычныя рамонты санітарна-бытавых памяшканняў і пакояў прыёму ежы і адпачынку для работнікаў, прыведзены ў адпаведнасць з патрабаваннямі душавыя, закуплены шафы для адзення і г.д. Стан вытворчых, бытавых памяшканняў, тэрыторый суб’ектаў гаспадарання, падкрэслівалася ў выступленні, уплывае на вытворчасць працы, яе эфектыўнасць, узровень вытворчага траўматызму. А таму асноўная задача кіраўніцтва прадпрыемства – утрыманне памяшканняў і тэрыторый у адпаведнасці з нарматыўнымі патрабаваннямі.
Як павінны выконвацца гэтыя патрабаванні, удзельнікі выязнога пасяджэння змаглі ўбачыць на канкрэтных прыкладах, наведаўшы ферму “Дворышча” па вырошчванню цялушак і рамонтна-механічныя майстэрні прадпрыемства “Савушкіна”.
Акрамя таго, на пасяджэнні прэзідыума раённага Савета дэпутатаў была заслухана інфармацыя “Аб забеспячэнні паступлення ў бюджэт раёна плацяжоў па мясцовых падатках і зборах” начальніка фінансавага аддзела райвыканкама Аляксандра Сухарэвіча, абмеркавана пытанне “Аб наяўнасці невыкарыстоўваемай і неэфектыўна выкарыстоўваемай маёмасці на тэрыторыі раёна і прымаемых мерах па яе прыцягненню ў гаспадарчы абарот”, з дакладам па якім выступіла галоўны спецыяліст аддзела эканомікі райвыканкама Анжэла Федарук, разгледжаны іншыя пытанні. Па ўсіх прыняты адпаведныя рашэнні.
Святлана МАКСІМУК.

НА ЗДЫМКУ: у час выязнога пасяджэння прэзідыума раённага Савета дэпутатаў.
Фота аўтара.

Опубликовано ГЧ № 74 от 24.09.16 г.

Поделиться:
  •  
  • 1
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!