Вясковы вынаходнік

Трактары, машыны, самалёты, касмічныя ракеты, робататэхніка, якая замяніла чалавека ў многіх складаных і шкодных працэсах вытворчасці, – усё гэта вынік фантазіі і працы не аднаго пакалення вынаходнікаў. Адкуль бяруцца людзі, якія могуць ствараць сваім розумам і сваімі рукамі рэчы, што здольны цалкам змяніць наша жыццё? Яны жывуць сярод нас і вельмі часта мы іх проста не заўважаем. Так, свой Кулібін, майстар-“самаробкін”, ёсць у вёсцы Хаціслаў. Сваімі рукамі з самага звычайнага металалому ён умее зрабіць розныя, вельмі карысныя ў гаспадарцы рэчы.
Мікалай Алесяюк з дзя­цінства цікавіўся тэхнікай. Таму і вучыцца пайшоў у прафесійнае вучылішча. Прак­тычныя веды, якія на­быў, хоць трактарыстам працаваў нядоўга, у жыцці яму спатрэбіліся. Збіраючы ў адно цэлае дэталі, сканструяваў ён свой трактар – невялікі, мабільны, зручны, які служыць гаспадару вернай службай у полі і на падворку ўжо 13 гадоў. На працэс зборкі, як расказвае Мікалай Мікалаевіч, пайшло тры гады. Затое майстар ведае, што кожная запчастка ў яго “жалезным кані” на сваім месцы.
Падворак сям’і Алесеюкоў – сапраўдны мехдвор. Бо да самаробнага трактара гаспадар змайстраваў усё, што патрэбна для выканання з вясны да восені любых сельскагаспадарчых работ – і плуг, і акучнік, і культыватар, і фрэзу, і барану, і нават бульдозер, які зімою за лічаныя хвіліны дазваляе расчысціць двор ад снегу. У выніку ўсе работы, якія вяскоўцу звычайна даводзіцца выконваць на сваім участку ўручную, у Алесеюкоў механізаваныя: ад пасадкі бульбы самаробнай саджалкай, да капання яе змайстраваным сваімі рукамі бульбаўборачным камбайнам. Пра апошні Мікалай Алесяюк расказвае з асаблівым захапленнем. Складаны агрэгат – вынік шматгадовых спроб і памылак.
– Спачатку зрабіў прыстасаванне, пры дапамозе якога можна было б бульбу вытрасці. Выкапалі бульбу, нешта не спадабалася, вырашыў агрэгат удасканаліць. Зноў вынік не задаволіў, надумаў у чарговы раз перарабіць. І тады ўжо атрымаўся камбайн, – дзяліўся Мікалай Мікалаевіч.
І нават камбайн, які стаў добрым памочнікам на ўборцы бульбы, яшчэ неаднойчы ён удасканальваў. Але цяпер вельмі задаволены вынікам. Бульбу на 65-ці сотках гаспадару ўдаецца выкапаць за адзін дзень. І каб прывезці ўраджай з поля, прасіць Мікалаю Алесеюку нікога не трэба. Ён зрабіў прычэп, прычым не просты, а прычэп-самазвал. А значыць, у разгрузцы патрэбны мінімум намаганняў.
– Што яшчэ не паспелі змайстраваць? – цікаўлюся ў вясковага “самаробкіна”.
– Напэўна, толькі касілку, – адказвае Мікалай Мікалаевіч, – але яна (смяецца) пакуль мне не трэба.
Аднак гэта не значыць, што тэхнічны ўмелец склаў рукі і нічога больш не майструе. У яго планах яшчэ многае. Не садзіць сям’я ўручную бульбу, не апрацоўвае, не капае, а вось перабіраць яе даводзіцца. На гэты конт таксама ў Мікалая Алесеюка ўжо ёсць планы. Ды і многае іншае, як прызнаецца, хочацца зрабіць ці ўдасканаліць. Праўда, часу не на ўсё хапае. Працуе ён вадзіцелем на адным з брэсцкіх прадпрыемстваў. У дні, калі не заняты на рабоце, нямала спраў у доме, у полі і па гаспадарцы. А на тэхнічныя вынаходніцтвы застаюцца вечары.
Нярэдка разам з татам “шчы­руюць” ля тэхнікі сыны. Малодшы Аляксандр, якому пакуль толькі пяць гадоў, вядома, яшчэ памочнік слабаваты. А вось чатырнаццацігадовы Уладзіслаў ужо многае ўмее і з задавальненнем разам працуе. Сам Мікалай, як прызнаецца, першыя навыкі ў зборцы самаробнага трактара атрымаў ад бацькі. А таму рады перадаць сваё ўмельства сынам.
Святлана МАКСІМУК.

НА ЗДЫМКУ: Мікалай Алесяюк са сваёй самаробнай тэхнікай.

Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано ГЧ № 80 15.10.16г.

Поделиться:
  •  
  • 4
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий