У ДАРОГУ – З БОГАМ

Супрацоўнікі аддзялення ДАІ райаддзела міліцыі, прааналізаваўшы сітуацыю, што склалася з аварыйнасцю на дарогах раёна, прыйшлі да вываду,  што больш за ўсё дарожна-транспартных здарэнняў, якія прыводзяць да цяжкіх вынікаў, было ўчынена на дзвюх аўтадарогах. Гэта аўтадарога М-12 Кобрын – граніца Украіны (Макраны) і Р-17 Брэст – граніца Украіны (Олтуш) у раёне ад г. Маларыта да в. Замшаны. 53% ад усіх ДТЗ, учыненых у раёне, мелі месца менавіта на гэтых двух участках дарог, дзе развіталіся з жыццём 62,5% ад агульнай колькасці загінуўшых.
Якія прычыны ДТЗ? На думку супрацоўнікаў аддзялення ДАІ, – гэта перавышэнне хуткасці вадзіцелямі. Не заўсёды прытрымліваліся Правілаў дарожнага руху і пешаходы, веласіпедысты, якія загінулі ў ДТЗ. Яны былі не абазначаны святлоадлюстравальнымі элементамі.
Вось чаму нядаўна супрацоўнікі аддзялення ДАІ РАУС сумесна з айцом Мікалаем Кудласевічам, благачынным цэркваў раёна,  асвяцілі ўчастак дарогі Р-17 Брэст – граніца Украіны (Олтуш) ад горада Маларыта да в. Замшаны. Такім чынам,  супрацоўнікі дзяржаўтаінспекцыі вырашылі паспрабаваць знізіць колькасць ДТЗ, якія ўчыняюцца на гэтай аўтадарозе. Між  іншым, толькі з пачатку года тут мелі месца 3 ДТЗ,  у выніку якіх 3 чалавекі загінулі. Смерць двух загінуўшых напаткала на ўчастку менавіта ў накірунку ад Маларыты да Замшан.
Безумоўна, супрацоўнікі ДАІ прадпрымаюць і іншыя меры, каб знізіць колькасць ДТЗ на гэтых участках дарог. Напрыклад,  у накірунку ад Маларыты да Замшан абсталявана веласіпедная дарожка. Паблізу в. Гусак, Замшаны, Чарняны з’явіліся шчыты – сілуэты “Увага! Пешаход!”, дзе штодзённа нясуць службу дзяржаўтаінспектары. На жаль, усе гэтыя дзеянні асаблівых вынікаў не далі. А вось асвячэнне ў свой час участка дарогі ў накірунку да Макран, дзе таксама ўчынялася нямала ДТЗ, паспрыяла зніжэнню  колькасці ДТЗ. З таго моманту (2008 г.) па 31 кастрычніка г.г. на названым участку дарогі мела месца толькі 1 ДТЗ, хаця рух транспарту застаецца такім жа інтэнсіўным.
Хрысціна АЛЕСІК.
НА ЗДЫМКУ: у час асвячэння ўчастка аўтадарогі Р-17 Брэст – граніца Украіны (Олтуш).
Фота аўтара.

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!