“Дыялог аб галоўным”

Здавалася б, што за асаблівае мастацтва: быць добрымі бацькамі.  Няўжо гэтаму сапраўды трэба вучыцца? Але нават не сотні, а тысячы прыкладаў даказваюць, што нават нязначныя памылкі бацькоў ва ўзаемаадносінах з дзецьмі часам адыгрываюць у будучым самую што ні ёсць негатыўную ролю. 

А ў праблемнай сям’і канфліктныя сітуацыі нярэдка нарастаюць, як снежны камяк. І захаваць тую ня­бачную нітачку даверу, якая так неабходна ва ўзаемаадносінах дарослых і дзяцей, сапраўды няпроста. Дапамагчы авалодаць навукай узаемаадносін бацькоў і дзяцей сем’ям, у якіх не заўжды пануе спрыяльная для нармальнага жыцця атмасфера, паставілі мэту спецыялісты раённага сацыяльна-педагагічнага Цэнтра, арганізаваўшы бацькоўскі практыкум “Дыялог аб галоўным”. Першы псіхолага-педагагічны трэнінг называўся “Мастацтва быць маці”. Мамы, якія былі запрошаны на сустрэчу, у практыкаваннях аналізавалі свой характар, вызначалі ў ім станоўчае і адмоўнае, каб з дапамогай псіхолагаў на наступных занятках змяніць мінусы на плюсы. Яшчэ ішла размова пра мацярынскую любоў, пра той вялікі сэнс, які ўкладваецца ў гэтае паняцце. Падбіраючы словы, на яркіх сэрцайках мамы пісалі сваім дзецям пасланні. А яшчэ кожнай удзельніцы давялося прайсці тэст, які вызначыў самыя прыкметныя памылкі ў выхаванні. Папрацаваць над іх выпраўленнем і было заданнем для бацькоў. Вынікам агульнай працы псіхолагаў і матуль стаў рамонак, які аб’яднаў рознакаляровыя пялёсткі характараў удзельніц сустрэчы. Гэтая кветка, якую лічаць сімвалам кахання, стала знакам аб’яднання сіл і жаданняў у пошуках узаемаразумення ў такім няпростым лабірынце сямейнага шчасця.
Святлана МАКСІМУК.
НА ЗДЫМКУ: у час баць­коўскага практыкума.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано ГЧ № 83 от 26.10.16г.

Поделиться:
  •  
  • 2
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий