…У бядзе не адзінокія

Па традыцыі штогод у час месячніка “Чалавек з белай палкай” праходзіць сустрэча членаў раённай арганізацыі Беларускага таварыства інвалідаў па зроку, рады якой аб’ядноўваюць 85 жыхароў раёна з агульнай бядой – частковай ці поўнай стратай зроку.
Старшыня арганізацыі Вера Сцяпанаўна Косік пры дапамозе спецыялістаў тэрытарыяльнага Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва стараецца арганізаваць гэтую сустрэчу так, каб яна была не толькі цёплай, душэўнай, але і карыснай для людзей невідушчых. Вось і на гэты раз удзельнікаў мерапрыемства чакала цікавая гутарка. Ад загадчыцы паліклінікі цэнтральнай раённай бальніцы Таццяны Папко яны даведаліся не толькі статыстычныя дадзеныя (а ўсяго на ўлік з паталогіяй вачэй узята ў раёне амаль 400 чалавек, 98 з іх – дзеці), але і пра тыя льготы ў набыцці лекаў, на якія могуць разлічваць інваліды па зроку, а таксама пра многія віды медыцынскіх паслуг. У цэлым пра тое, як на доўгія гады захаваць сваё здароўе, гаварыла ўрач-валеолаг Вольга Кавалеўская. Не заставаліся безудзельнымі і самі члены таварыства інвалідаў па зроку. Яны абменьваліся думкамі, дзяліліся рэцэптамі здароўя.
А вось з тымі навінкамі, якія прыпадносіць людзям з абмежаванымі магчымасцямі тэхнічны прагрэс, пазнаёміў відэафільм. Карысных рэчаў, якія дапамагаюць тым, хто страціў зрок, з’арыентавацца ў прасторы, зрабіць больш насычаным сваё жыццё, аблегчыць многія працэсы ў быце, як пераканаліся ўдзельнікі сустрэчы, нямала. І гэта яшчэ раз пацвярджае: невідушчы чалавек не застаецца сам-насам са сваёй бядой, што вельмі важна.
Святлана МАКСІМУК.

НА ЗДЫМКУ: у час сустрэчы.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано ГЧ № 84 29.10.16г.

Поделиться:
  •  
  • 1
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!