АМАЛЬ 5 ТЫСЯЧ НОВЫХ КНІГ

папоўнілі сёлета паліцы бібліятэк раёна
Шырокія магчымасці сеткі Інтэрнет дазваляюць аматарам кніг не толькі прачытаць любое выданне, што зацікавіла, але і зрабіць заказ навінак, якіх пакуль няма нават у кнігарнях. Але як бы хутка не крочыў прагрэс, людзі, якія любяць кнігу,  застаюцца адданымі бібліятэцы. І не дарэмна. У тым, што ў бібліятэках раёна,  прычым не толькі ў горадзе, але і ў вёсках, ёсць што пачытаць, пераканалася асабіста.
Каля 5 тысяч экземпляраў кніг на суму 47 мільёнаў рублёў папоўнілі сёлета кніжны фонд раённай бібліятэкі.  Між іншым, гэты фонд налічвае зараз амаль  300 тысяч экземпляраў розных выданняў. Што з навінак могуць прапанаваць бібліятэкары чытачу? Па-першае, шмат яркай, прывабнай і вельмі цікавай дзіцячай літаратуры. Па-другое, новыя ілюстраваныя  энцыклапедыі. Па-трэцяе, дапаможнікі для рукадзельніц. Бацік, кветкі з пацерак, арыгамі, вышыўка стужкамі – кнігі, якія будуць цікавыя кожнай гаспадыні.
У чытальнай зале бібліятэкі з’явілася нямала кніг, карысных для студэнтаў. Дапаможнікі па гісторыі Беларусі, правазнаўству, эканоміцы, псіхалогіі, сацыялогіі, інфарматыцы, ідэалогіі, мастацтву, будаўнічай справе, а таксама разнастайныя слоўнікі карыстаюцца вялікім попытам. Праз аддзел выкарыстання адзінага фонду, у якім налічваецца каля 11 тысяч экземпляраў кніг, усімі навінкамі літаратуры могуць скарыстацца, зрабіўшы заяўку, і сельскія чытачы.
На аднаго чытача, як падлічылі бібліятэкары, у кніжным фондзе даводзіцца каля 20 кніг. Між іншым, 246 розных выданняў падарылі сёлета бібліятэцы самі чытачы.
Раней фонд бібліятэкі складаўся толькі з кніг, цяпер пэўную частку ў ім займаюць кампакт-дыскі. Відэафільмы, якія расказваюць пра дзяржаўную сімволіку краіны, гістарычныя мясціны (“Святыні полацкай зямлі”, “Хатынь”, “Брэсцкая крэпасць”), зборнікі твораў сусветнай літаратуры, тлумачальныя слоўнікі, дакументальныя фільмы з біяграфіяй вядомых пісьменнікаў, безумоўна, могуць быць карыснымі і настаўнікам, і вучням. Першым – для суправаджэння ўрока цікавай відэаінфармацыяй, другім – паспяхова падрыхтавацца да адказу. З’явіліся ў бібліятэцы і кампакт-дыскі з аўдыёспектаклямі. Цяпер кожны, і ў першую чаргу людзі з абмежаванымі магчымасцямі зроку, можа праслухаць, да прыкладу, творы Івана Мележа “Людзі на балоце” і “Подых навальніцы”.
57% усіх навінак паступлення літаратуры накіроўваецца ў сельскія бібліятэкі раёна. Па 172 экземпляры кніг атрымалі за перыяд са студзеня па кастрычнік гэтага года бібліятэкі аграгарадкоў. Дарэчы, больш за 75% сродкаў, затрачаных на набыццё кніг, выдзелены з мясцовага бюджэту.
… Гартаю адна за другой новыя кнігі. Кожная  прыцягвае ўвагу: адна – парадамі, другая – цікавай даведкавай інфармацыяй, трэцяя – прыгожымі ілюстрацыямі. Праз некаторы час з аддзела камплектавання новыя кнігі і дыскі трапяць на кніжныя паліцы, каб служыць для чытачоў доўгую службу дарадчыка, настаўніка і сябра.
Святлана МАКСІМУК.
НА ЗДЫМКУ: загадчыца аддзела камплектавання Вера НАЎРАСЮК рыхтуе навінкі да сустрэчы з чытачом.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.