На пяць хвілін сталі выратавальнікамі

101… Мы добра ведаем гэты нумар аварыйна-выратавальнай службы і тэлефануем, калі здараецца бяда. Пазнаёміцца з тымі, хто гатовы ў любы момант прыйсці на дапамогу, убачыць шмат цікавага і пачуць расказ пра службу выратавальнікаў змаглі мы, калі схадзілі на экскурсію ў раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях.
Збіраючыся на экскурсію, многія школьнікі жартавалі: маўляў, наўрад ці пачуем, ці ўбачым нешта новае. Але,  як аказалася, убачылі і пачулі… Спачатку супрацоўнік райаддзела Сяргей Аляксеевіч Гец правёў з дзецьмі гутарку і віктарыну. Школьнікі актыўна адказвалі на пытанні, за што атрымлівалі салодкія прызы. Затым начальнік райаддзела па надзвычайных сітуацыях Мікалай Паўлавіч Дубач запрасіў вучняў у дыспетчарскі пункт, дзе прымаюць усе званкі аб надзвычайных здарэннях. І калі Улад Анішчук са свайго мабільнага тэлефона зрабіў умоўны званок аб пажары, мы ўбачылі, як на працягу адной хвіліны з ангара выехала па трывозе пажарная машына, і натрэніраваныя і абучаныя людзі, якія там працуюць, былі гатовы адправіцца  на бой з агнём ці іншай стыхіяй.
Самым цікавым было тое, што дзеці мелі магчымасць прымерыць форму, у якой выратавальнікі выязджаюць на пажар. Уладзіслаў Яльніцкі быў экіпіраваны і адчуў увесь цяжар гэтай амуніцыі.  А што можа быць больш захапляльным, чым пасядзець за рулём пажарнай машыны?
Уражанняў ад экскурсіі ў дзяцей засталося шмат. А самае галоўнае, што школьнікі засвоілі тое, як трэба паводзіць сябе з агнём, як не дапусціць узнікненняў пажару. Цяпер могуць навучыць правілам бяспекі іншых. За новыя веды і цікавую экскурсію вучні 5 “А” класа СШ №1 вельмі ўдзячны калектыву раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях.
Алена ЧУЛЬ, класны кіраўнік 5 “А” класа СШ №1.
НА ЗДЫМКУ: у час экскурсіі.
Фота аўтара.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.