ДВАЙНЫ ЮБІЛЕЙ ВЕТЭРАНА

Юбілейны год 65-годдзя Вялікай Перамогі для ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Міхаіла Усцінавіча Серады двойчы святочны. Нядаўна  адзначыў ён свой 90-гадовы юбілей. Павіншаваць былога партызана з днём нараджэння сабраліся ў Замшанскім СДК і аднавяскоўцы, і госці з райцэнтра.
…Хоць мінула ўжо шмат гадоў, Міхаіл Усцінавіч добра памятае ваеннае ліхалецце. А некаторыя моманты так урэзаліся ў памяць, што, здаецца, было гэта ўчора. Асабліва помніцца партызану той дзень, а было гэта ў канцы  сакавіка 1944 года, калі ў адным з баёў, пры правядзенні атрадам імя Фрунзе брыгады Аляксея Флегантава адной з падрыўных аперацый ён быў паранены. Два тыдні не прыходзіў у прытомнасць. У партызанскім шпіталі, размешчаным у зямлянцы,яму тройчы рабілі аперацыю. А калі баец прыйшоў у прытомнасць, даведаўся, што застаўся без рукі. Другі раз смерць была зусім побач, калі параненых эвакуіравалі з партызанскага шпіталю. Таварны цягнік, у якім везлі хворых, на чыгуначнай станцыі пачалі бамбіць немцы. Кроў змяшалася з зямлёй, здавалася, ніхто не застанецца жывым. Але Міхаіл Усцінавіч выжыў. Усё мірнае жыццё ён старанна працаваў. І сёння, у свае 90 гадоў, яшчэ застаецца актыўным. Аднавяскоўцам прывычна бачыць яго за работай ці ў час язды на веласіпедзе. Ваенная загартоўка і жыццёвы аптымізм надаюць яму сілы.
З падарункамі і ад мясцовай улады, і ад раённага савета ветэранаў прыехалі павіншаваць юбіляра старшыня Маларыцкага сельвыканкама Ніна Луцук, ваенны камісар раёна Алег Шышацкі. Цёплыя словы пачуў Міхаіл Усцінавіч і ад старшыні пярвічнай арганізацыі ветэранаў Маларыцкага сельсавета Мікалая Пятровіча Літвінюка. Шмат прыгожых песень падарылі юбіляру настаўнікі і вучні Замшанскай БШ, якія ра­зам з культработнікамі падрыхтавалі цудоўны святочны  канцэрт. А  на завяршэнне віншавальнай праграмы ў знак павагі і ўдзячнасці за мірнае неба над галавой школьнікі прыпаднеслі ветэрану прыгожыя кветкі.
Святлана МАКСІМУК.
НА ЗДЫМКУ: Міхаіл Усцінавіч Серада прымае віншаванні з юбілеем.
Фота аўтара.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.