Створаны філіял кафедры

Некалькі гадоў таму Станіслаў Ляшчук, дырэктар прафесійнага ліцэя,  і Ала Родзіна,  выкладчык,  ра­зам прадумвалі новыя метады і формы работы з навучэнцамі,  якія былі б эфектыўнымі ў  новых рэаліях. Вывучаная літаратура пераканала і падштурхнула да неабходнасці наладжвання сувязей з ВНУ. Пачаць рэалізоўваць запланаванае на практыцы дапамог семінар, які ў пачатку 2005г. праводзіўся ў абласным цэнтры. У ім брала ўдзел і Ала Віктараўна, якая пазнаёмілася з Вольгай Івановай, кандыдатам педагагічных навук, дацэнтам БрДУ імя А.С. Пушкіна. Адбылася зацікаўле­ная размова, якая і паклала пачатак двухбаковаму супрацоўніцтву. Першым крокам стала заключэнне дамоўле­насці на сумесную рэалізацыю праекта “Педагог – кампетэнтны прафесіянал”. Ён быў скіраваны на павышэнне майстэрства выкладчыкаў і майстроў вытворчага навучання і ахопліваў перыяд з 2005 па 2010 г. У верасні гэтага года заключана дамова на рэалізацыю новага праекта “Ліцэіст. Грамадзянін. Працаўнік”, які скіраваны на стварэнне дабратворнага асяроддзя для выхаваўчага ўзаемадзеяння з навучэнцамі.
Нядаўна ў актавай зале УА “Маларыцкі дзяржаўны прафе­сійны ліцэй сельскагаспадарчай вытворчасці” ва ўрачыстай абстаноўцы афіцыйна была падпісана дамова з Брэсцкім дзяржаўным універсітэтам імя А.С. Пушкіна аб адкрыцці філіяла кафедры педагогікі на базе прафесійнага ліцэя. Станіслаў Ляшчук, дырэктар установы адукацыі, і Вольга Іванова, кандыдат педагагічных навук, дацэнт БрДУ імя А.С.Пушкіна, сваімі подпісамі замацавалі дакумент.
— Мы знайшлі новых саюзнікаў, — адзначыла Вольга Аляксандраўна, вы – новых саюзнікаў і памочнікаў. Нашы сумесныя намаганні паспрыяюць выхаванню пакалення, якое падрастае, сапраўднымі грамадзянамі сваёй краіны.
— Што дае заключэнне дамовы прафесійнаму ліцэю?
— Многае, — сцвярджае Алена Алесіюк, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце.-  Хочацца акцэнтаваць увагу толькі на некаторых момантах. Кафедра педагогікі плануе праводзіць з нашымі выкладчыкамі розныя метадычныя, інфармацыйныя мерапрыемствы, будзе рэалізоўваць праектную дзейнасць, навукова-метадычныя даследаванні, распрацоўку і ўкараненне інавацыйных праектаў, падыходаў, форм, метадаў (прыёмаў), тэхналогій навучання. Таксама прадугледжана кансультатыўная дапамога з боку выкладчыкаў кафедры ў плане арганізацыі навукова-метадычнай працы з кадрамі нашага ліцэя, сумесная распрацоўка навукова-метадычнай літаратуры і сродкаў навучання і іх апрабацыя на базе прафліцэя. Неабходна дадаць і тое, што ў межах новага заключанага даследчага праекта мы на практыцы рэалізоўваем спаборніцтва “Супергрупа”, якое ўжо дало свае станоўчыя вынікі ў плане псіхалагічнай і сацыяльнай адаптацыі навучэнцаў ва ўстанове адукацыі, павышэння матывацыі вучэбнай дзейнасці, забеспячэння якаснай падрыхтоўкі кваліфікаваных спецыялістаў, папярэджвання пропускаў заняткаў без прычын і інш.
P.S. Заключаная дамова з прафесійным ліцэем – першая ў практыцы кафедры педагогікі Брэсцкага ўніверсітэта з установай адукацыі, што знаходзіцца ў раённым цэнтры вобласці.
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымку: заключаная дамова паспрыяе падняць супрацоўніцтва на якасна вышэйшы ўзровень.
Фота аўтара.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.