ЖЫЦЬ У ГАРМОНІІ З ЗЯМЛЁЙ

З дня ў дзень круціцца жыцця кола. Непрыкметна пралятае сельскагаспадарчы год, вянцом якога становіцца прафесійнае свята працаўнікоў вёскі, а значыць, добрая нагода падзякаваць ім за іх намаганні і плён.
— Калі ў вёсках парадак, калі сабраны з палёў ураджай, калі народ сыты, тады і дзяржава можа жыць добра і квітнець, — сказаў, выступаючы на абласным свяце ўшанавання працаўнікоў вёскі ў Івацэвічах, старшыня аблвыканкама Канстанцін Сумар.
У кіраўнікоў сельскагаспадарчай галіны нашага раёна, прадстаўнікоў сельгасарганізацый быў прыўзняты настрой. На гэты раз у Івацэвічах яны сабралі цэлы букет узнагарод. 2 разы ўзнімаліся на сцэну начальнік райсельгасхарчу Вячаслаў Федзюковіч і дырэктар прыватнага ўнітарнага прадпрыемства “Савушкіна” Пётр Яцура: раён заняў у абласным спаборніцтве першае месца па рэалізацыі мяса на 100 бала-гектараў і трэцяе – па рэалізацыі малака, а олтушскія працаўнікі прызнаны лепшымі ў вобласці па вытворчасці кармоў з траў і занялі другое месца сярод сельгаспрадпрыемстваў па рэалізацыі мяса. А дырэктар ААТ “Маларыцкая райаграпрамтэхніка” Мікалай Строк атрымліваў з рук губернатара вобласці ўзнагароду за першае месца ў абласным спаборніцтве па нарыхтоўцы кармоў сярод механізаваных кормаўборачных атрадаў. 5 чалавек — механізатары СВК “Чырвоны партызан” Мікалай Анішчук і СВК “Хаціслаўскі” Валерый Бенясюк, брыгадзір МТФ СВК “Дарапеевічы” Раіса Козел, аператары машыннага даення прыватнага ўнітарнага прадпрыемства “Савушкіна” Ірына Касцючык і Таццяна Герасімук – таксама выйшлі пераможцамі абласнога спаборніцтва і атрымалі пачэсныя ўзнагароды.
***

А  днём пазней у гарадскім Доме культуры ўшаноўвалі пераможцаў раённага спаборніцтва, лепшых працаўнікоў палёў і ферм, спецыялістаў сельскагаспадарчай вытворчасці. Яны сваімі напрацаванымі рукамі, сваёй адданасцю нялёгкай працы робяць дзень за днём усё прыгажэй і багацей. Выступаючы, Вячаслаў Федзюковіч адзначыў, што ў раёне напрацаваны немалы вопыт у раслінаводстве, у прыватнасці, па вытворчасці кармоў. У 2005 годзе Маларыцкі раён па гэтым паказчыку заняў І прызавое месца, у 2006 – І ганаровае, а сёлета зноў выйшаў пераможцам спаборніцтва па кормавытворчасці ў рэспубліцы.
Прыемна парадавалі сёлета працаўнікі СВК “Ланская”, дзе з кожнага гектара сабрана па 27,3 цэнтнера насення рапсу, — на 7,3 вышэй, чым у папярэднім годзе. Прыкметныя зрухі назіраюцца ў бульбаводстве – ураджайнасць сёлета атрымана на 54 цэнтнеры вышэй, чым летась. У раённым спаборніцтве па нарыхтоўцы кармоў сярод прадпрыемстваў першае месца заняў СВК “Хаціслаўскі”, другое – СВК “Рыта”, трэцяе – СВК “Чырвоны партызан”, а сярод механізатараў пераможцам выйшаў Анатоль Карабейка з “Савушкіна”, на другім месцы Сяргей Бойка з СВК “Дарапеевічы”, на трэцім – Валянцін Алесік з “Савушкіна”. Іх праца высока ацэнена заслужанымі ўзнагародамі. Гучалі фанфары, нямала добрых слоў было сказана ў адрас аператараў машыннага даення Валянціны Кірычун з СВК “Хаціслаўскі” і жывёлавода Праскоўі Чабанавай з СВК “Ланская”, якія за высокія паказчыкі ў працы адзначаны Граматамі камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама. Газетная плошча не дазваляе назваць прозвішчы ўсіх, каму ў гэты дзень дзякавалі за працу. Іх многа, яны працавітыя, любяць зямлю, жывуць з ёй у гармоніі, адданыя сваёй справе.
Узнагароды ўручалі старшыня райвыканкама Казімір Лапіч, старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Віктар Марушаў, дырэктар ТАА “Раскарм” Вольга Галоўчык, намеснік генеральнага дырэктара ААТ “Савушкін прадукт” Валянцін Карпушэвіч, прадстаўнікі ўнітарнага прадпрыемства “Кобрынскі ключ”. А цудоўным музычным падарункам для працаўнікоў вёскі стала выступленне народнага тэатра песні і гумару “Хмелеўскія валацугі” з Жабінкаўскага раёна.
Ніна СВІЦЮК.
НА ЗДЫМКАХ: дырэктара прыватнага ўнітарнага прадпрыемства “Савушкіна” Пятра ЯЦУРУ ўзнагароджвае старшыня аблвыканкама Канстанцін СУМАР; у час ушанавання працаўнікоў вёскі ў Маларыце.
Фота Ніны Свіцюк і Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.