Дружына аховы правапарадку

Калектыў навучэнцаў Маларыцкага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя сельскагаспадарчай вытворчасці на 100 % складаецца з хлопцаў, якія прыйшлі сюды, каб атрымаць прафесіі вадзіцеля, трактарыста, зваршчыка, слесара. Як зрабіць калектыў такой навучальнай установы адзінай камандай? Як згуртаваць юнакоў, аб’яднаць нечым цікавым? У скарбонцы кожнага педагога ёсць свае цікавыя варыянты аб’яднання па інтарэсах. А яшчэ на дапамогу прыходзіць Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі.

Сёння нашай краіне патрэбны не проста спецыялісты, якія валодаюць пэўнымі ведамі і ўменнем, а зацікаўленыя сваёй справай маладыя прафесіяналы, людзі, якія абралі свой шлях у жыцці і прыкладаюць усе намаганні для таго, каб самарэалізавацца і прынесці канкрэтную карысць. Саюз маладых людзей якраз і створаны для аказання садзейнічання ў рэалізацыі інтарэсаў, поглядаў і думак моладзі ў нашым грамадстве.
Шырокую падтрымку сярод моладзі краіны атрымала ідэя адраджэння маладзёжных дружын. У нашым ліцэі таксама дзейнічае маладзёжны атрад аховы правапарадку. Сёння ён адзіны ў раёне і налічвае 20 чалавек, кіруе якімі майстар вытворчага навучання, воін-інтэрнацыяналіст, ліквідатар вынікаў аварыі на Чарнобыльскай АЭС Васіль Аляксандравіч Шалашоў.
Маладзёжны атрад аховы правапарадку вядзе пастаянную работу па прафілактыцы правапарушэнняў, правярае выкананне правілаў і норм пражывання ў інтэрнаце, ахоўвае парадак у час правядзення грамадскіх, культурна-масавых і спартыўна-аздараўленчых мерапрыемстваў, аказвае дапамогу і садзейнічанне дзяжурным па інтэрнату і корпусу ліцэя ў забеспячэнні правапарадку.
У выніку супрацоўніцтва кіраўніцтва аддзела пагранічнай службы “Маларыта”, райаддзела міліцыі, сілавых структур вобласці і маладзёжнага атрада аховы правапарадку для членаў атрада арганізаваны заняткі па прававой, фізічнай, медыцынскай падрыхтоўцы. Вывучалі юнакі і ўстройства стралковай зброі, займаліся рукапашным боем у спартыўным комплексе “Дынама”, наведалі з экскурсіяй Ленінскі райаддзел міліцыі г. Брэста і ізалятар часовага ўтрымання. У вольны час члены маладзёжнага атрада паляпшаюць сваю фізічную падрыхтоўку ў трэнажорнай зале ліцэя, наведваюць басейн у спартыўным комплексе “Жамчужына”, удзельнічаюць у розных акцыях.
У маладзёжнай дружыны цяпер ёсць сваё свята: 6 лютага – дзень маладзёжных атрадаў аховы правапарадку. Такі дзень – не даніна модзе, а прызнанне ўкладу моладзі ў справу захавання правапарадку і стабільнасці ў грамадстве. Галоўнае, што падлеткі разумеюць: яны таксама ў адказе за спакой і парадак не толькі ў ліцэі, але і ў цэлым у нашым горадзе.
Надзея ДЗЕМ’ЯНЮК, педагог-арганізатар ДзПЛ СВ.
НА ЗДЫМКУ: маладзёжны атрад аховы правапарадку дзяржаўнага прафліцэя.
Фота аўтара.

Опубликовано ГЧ № 92 от 30.11.16г.

Поделиться:
  •  
  • 3
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий