На фінішы года

Пад старшынствам Мікалая Шума адбылося пасяджэнне райвыканкама. Галоўным на парадку дня было пытанне “Аб выніках сацыяльна-эканамічнага развіцця і выканання бюджэту Маларыцкага раёна за 9 месяцаў 2016 года”. Перш чым пачаць абмеркаванне яго, старшыня райвыканкама Мікалай Шум адзначыў, што з 15 прагнозных паказчыкаў выканана за разглядаемы перыяд 9. Раён у рэйтынгу займае 17-е месца сярод раёнаў вобласці. Ён заклікаў кіраўнікоў прадпрыемстваў, асабліва сельскагаспадарчых, актывізаваць работу па многіх напрамках.

З дакладам выступіў намеснік старшыні райвыканкама Эдуард Кандзярэшка. Ён адзначыў, што раёнам выкананы 2 з 6 ключавых паказчыкаў эфектыўнасці работы старшыні райвыканкама. У прыватнасці, на зноў створаныя рабочыя месцы за кошт стварэння новых прадпрыемстваў і вытворчасці ўдалося працаўладкаваць 76 чалавек пры заданні на ІІІ квартал 45 чалавек; інвестыцыі ў асноўны капітал за кошт замежных крыніц выраслі (141,9% да ўзроўню мінулага года, пры заданні 104,7%). З іншых 9 прагнозных паказчыкаў выканана 7. Так, валавая прадукцыя сельскай гаспадаркі склала 106,3% пры заданні на трэці квартал 103%, тэмпы росту падрадных работ – 130% пры заданні 101,5%. Створана 114 пры заданні 100 новых рабочых месцаў у сферы малога прадпрымальніцтва і 7 новых мікра- і малых арганізацый пры заданні 4 на 2016 год. Выкананы мэтавыя паказчыкі па энергазберажэнні, па долі выкарыстання мясцовых паліўна-энергетычных рэсурсаў у кацельна-пячным паліве і іншыя.
Таксама дакладчык адзначыў, што паказчык валавой пра­­дукцыі сельскай гаспадаркі ўдалося выканаць за кошт паве­лічэння аб’ёмаў вытворчасці рас­лінаводства, а ў жывёлагадоўчай галіне ёсць яшчэ рэзервы. Па знешнеэканамічнай дзейнасці, як адзначаў Эдуард Пятровіч, не выкананы ні адзін паказчык. Экспарт тавараў, напрыклад, склаў 70,2% пры прагнозе на трэці квартал 104%, экспарт паслуг – 37,9% пры прагнозе 100,8%. Аб’ём прыцягнення прамых замежных інвестыцый на чыстай аснове склаў 0,04 млн. долараў ЗША пры прагнозе 0,3 млн. долараў ЗША. На зноў створаныя рабочыя месцы за кошт адкрыцця новых прадпрыемстваў працаўладкавана 20 чалавек пры заданні на трэці квартал 35 чалавек. Таксама не выкананы паказчыкі па індэксе фізічнага аб’ёму прамысловай вытворчасці – 86,2% пры заданні 102% і па рознічным тавараабароце гандлю праз усе каналы рэалізацыі – 94,3% (заданне на І паўгоддзе 100%).
Эдуард Пятровіч зрабіў акцэнт на тым, што пагаршаецца фінансавае становішча прадпрыемстваў, у прыватнасці, зніжаецца ўзровень рэнтабельнасці рэалізаванай прадукцыі, рэнтабельнасці продажу. Са стратамі спрацавалі 7 прадпрыемстваў і наўрад ці іх колькасць па выніках года зменшыцца. На многіх прадпрыемствах павялічана крэдыторская запазычанасць. Сярэднямесячная зарплата ў раёне за справаздачны перыяд склала 517,1 рублёў. Яна вырасла, аднак па ўзроўню яе раён знаходзіцца на 4 месцы знізу сярод раёнаў вобласці. Самая высокая яна ў работнікаў прамысловасці, самая нізкая – у раённым камбінаце бытавога абслугоўвання.
У сваім выступленні намеснік начальніка райсельгасхарчу Надзея Назарук, якая дапоўніла асноўнага дакладчыка, акцэнтавала ўвагу не толькі на станоўчых выніках, але і на тых недахопах, пры недапушчэнні якіх становішча ў сельскай гаспадарцы магло б быць больш аптымістычным. Так, напрыклад, выкананне паказчыка валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі забяспечылі ўсе сельгасарганізацыі, акрамя СВК “Арэхава”, “Хаціслаўскі” і ААТ “Макраны”. Гэтыя ж гаспадаркі не справіліся з паказчыкамі па вытворчасці малака. Надой на карову, як адзначала Надзея Рыгораўна, павялічыўся на 39 кг і склаў 4200 кг, аднак сярэднясутачныя прыбаўленні ў вазе жывёлы знізіліся на 31 г і склалі 567 г. 5 гаспадарак знізілі прадуктыўнасць кароў. За разглядаемы перыяд сельгаспрадпрыемствы рэалізавалі 80,2% малака гатункам “экстра” і вышэйшым. Аднак і гэты паказчык мог бы быць лепшым, калі б вышэйшай была і таварнасць яго. Ніжэй за 500 г атрыманы сярэднясутачныя прыбаўленні ў вазе ў ДзП “Радзежскае”, СВК “Арэхава” і ААТ “Макраны”. Прыбытковай, як гаварыла Надзея Рыгораўна, застаецца вытворчасць мяса толькі ў СВК “Дарапеевічы”.
Сярэдняя зарплата ў сельгас­прадпрыемствах раёна за 9 месяцаў склала 447 рублёў. Аднак, як падкрэслівалася на пасяджэнні тэмп росту яе не павінен перавышаць тэмпаў росту прадукцыйнасці працы. Але гэта выконваецца толькі пакуль у 4 гаспадарках. Зарплата павінны быць заробленай, падкрэслівалася на пасяджэнні.
Па другім пытанні “Аб стане вытворчага траўматызму на тэрыторыі Маларыцкага раёна і мерах па яго папярэджанні” выступіла начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Ірына Федчык.
Статыстыка вытворчага траў­матызму сёлета больш суцяшальная ў параўнанні з мінулымі гадамі. Але пытанні аховы працы, вытворчай бяспекі важныя і павінны быць пад кантролем кожны дзень. Гэтай работай штодзённа займаюцца ў КУШВП ЖКГ “Маларыцкая ЖКГ”, СВК “Дарапеевічы”, на кансервавагароднінасушыльным камбінаце. Менавіта гэтыя арга­нізацыі і былі прызнаны лепшымі па ахове працы за мінулы год. Тут, а таксама ў СУП “Савушкіна”, лясгасе найбольш грошай выдзяляюць на набыццё сродкаў аховы працы. Як адзначала Ірына Федчык, у раёне намецілася тэндэнцыя зніжэння колькасці няшчасных выпадкаў на вытворчасці. Сёлета ў раёне не было фактаў няшчасных выпадкаў з цяжкім зыходам. Былі толькі 2 выпадкі з няцяжкімі траўмамі ў лясгасе і СВК “Рыта”. Асноўнымі прычынамі іх з’яўляюцца неправя­дз­енне інструктажоў, непрымяненне пацярпелымі выдадзеных ім сродкаў аховы. Прычыны можна знайсці і іншыя, аднак у любым выпадку работнік сам павінен фарміраваць культуру аховы працы.
На пасяджэнні разгледжана пытанне “Аб развіцці малога і сярэдняга прадпрымальніцтва ў Маларыцкім раёне”. З інфармацыяй па ім выступіла начальнік аддзела эканомікі райвыканкама Валянціна Вакульчык.
Сёння малое прадпры­маль­ніцтва займае асобае месца ў структуры эканомікі, адыгрывае істотную ролю ў сацыяльным жыцці насельніцтва, садзейнічае фар­мі­раванню канкурэнтнага ася­роддзя, росту вытворчасці спажывецкіх тавараў, развіццю сферы паслуг, стварэнню новых рабочых месцаў, надае эканоміцы раёна стабільнасць і дынамізм. У раёне зарэгістраваны 372 індывідуальныя прадпрымальнікі, 20 сялянска-фермерскіх гаспадарак, 88 прадпрыемстваў малога і сярэдняга бізнесу. Калі да 2015 года асноўным відам дзейнасці з’яўляўся “рознічны гандаль”, то цяпер – аказанне будаўнічых і транспартных паслуг, паслуг, звязаных з камп’ютарнай дзейнасцю. А рамонтам мэблі, гадзіннікаў, жылля займаюцца толькі суб’екты малога бізнесу. Аднак прадпрымальніцтва сканцэнтравана ў асноўным у Маларыце. У сельскай мясцовасці пражываюць менш чым 10% ІП. Усяго ў сферы малога бізнесу раёна занята 2900 чалавек, і гэта складае 21,5% ад працаздольнага насельніцтва раёна, ці 29,9% ад усіх занятых у эканоміцы раёна.
Наколькі адчувальны ўклад малога прадпрымальніцтва ў эканоміку раёна? Так, у мінулым годзе суб’ектамі малога бізнесу атрымана прадукцыі на суму 58,2 млн. рублёў, у тым ліку прамысловай – на 16,5 млн., што складае 36,1% у раённых аб’ёмах прамысловай вытворчасці. На суму 3,8 мільёна долараў ЗША пастаўлена прадукцыі на экспарт, а за студзень-верасень 2016 г. – на суму 2 мільёны долараў, што складае 70,2% у параўнанні з аналагічным перыядам 2015 г. і 57,6% у агульным экспарце раёна. Асноўныя экспарцёры – СТАА “Раскорм”, СП “Бізон”, ЗТАА “Легіён ПрамБуд” і іншыя.
Большасць прыватных прад­прыемстваў займаюцца рознічным гандлем. У суб’ектаў малога бізнесу і індывідуальных прадпрымальнікаў – 112 гандлёвых аб’ектаў, а гэта больш за 60% усіх гандлёвых кропак раёна. З іх 12 працуюць у сельскай мясцовасці. Ёсць тэндэнцыя павелічэння ўдзельнай вагі мікра- і малых арганізацый раёна і індывідуальных прадпрымальнікаў у структуры рознічнага тавараабароту раёна, як адзначыла Валянціна Аляксандраўна. Калі за 2010 год іх удзельная вага складала толькі 19% у тавараабароце раёна, то за 2015 год – 45,9%, а за студзень-верасень 2016 г. – 47,7%.
Для развіцця іх дзейнасці прадпрымальнікам ў райвыканкаме аказваюць рознага роду падтрымку. Бо райвыканкам – гэта першая інстанцыя, куды звяртаюцца за рэгістрацыяй і вырашэннем пытанняў размяшчэння, юрыдычнага адрасу, выдачы ліцэнзіі, аказаннем дапамогі тым, хто пачынае, выдзяленнем зямлі ў арэнду і іншым. А з 1 ліпеня 2013 года аддзел эканомікі райвыканкама надзелены функцыямі рэгістрацыі і юрыдычных асоб. У райвыканкаме сфарміраваны пералік памяшканняў, што пустуюць, якія можна ўзяць у арэнду ці прадаць. Ён даступны для кожнага. У раёне ёсць 2 аб’екты агульнай плошчай 1087,2 квадратных метра якія могуць быць перададзены суб’ектам малога прадпрымальніцтва для ўцягнення ў гаспадарчы абарот, – будынкі ДК у в. Радзеж, былой школы ў в. Ланская.
Усяго суб’ектамі малога прад­прымальніцтва здадзена ў арэнду па стану на 1 кастрычніка 2016 г. больш за 2520 квадратных метраў невыкарыстоўваемых плошчаў камунальнай формы ўласнасці.
Значны ўклад суб’ектаў малога і сярэдняга бізнесу ў бюджэт. Так, летась сума падатковых паступленняў у бюджэт ад суб’ектаў малога прадпрымальніцтва і ІП склала 16,4% у агульным аб’ёме падатковых паступленняў у бюджэт. За 9 месяцаў г.г. – 14,8%.
Вядома, доля прыватных прад­прыемстваў і інды­відуальных прадпрымальнікаў у агульным аб’ёме вытворчасці пакуль нязначная, але ёсць прад­прыемствы, як адзначала Ва­лянціна Аляксандраўна, якія трывала замацаваліся ў развіцці вы­творчасці і аказанні паслуг. Гэта прадпрыемства “Алькор” (25 гадоў прадпрымальніцкай дзейнасці); “Раскорм” (12 гадоў на рынку), “Эліс-прым” (11 гадоў на рынку), “Ваяж” (10 гадоў), “Аўта Карвет” і “ДзЮСЛ” (па 9 гадоў).
Прадпрымальніцтва ў раёне забяспечвае занятасць насельніцтва, зніжае ўзровень беспрацоўя, аператыўна насычае рынак таварамі, развівае канкурэнцыю з дзяржаўным сектарам эканомікі, што садзейнічае паляпшэнню выпускаемых тавараў і аказваемых паслуг. Асноўныя задачы, якія трэба вырашаць, каб больш актыўна развіваць малы бізнес, – пашыраць вытворчасць тавараў і паслуг, асабліва развіваць грамадскае харчаванне і прыдарожны сервіс, у сферы якіх у нашым раёне ёсць пэўная ніша, а таксама больш сканцэнтроўваць прадпрымальніцтва ў сельскай мясцовасці, выходзіць прад­прымальнікам на знешнія рынкі, прымаць меры па задзей­нічанні ўсіх пустых і неэфектыўна вы­ка­рыстоўваемых плошчаў на прад­прыемствах, у арганізацыях, асабліва ў сельскай мясцовасці.
Па ўсіх разгледжаных на пася­джэнні пытаннях прыняты адпавед­ныя рашэнні.
Ніна
СВІЦЮК.

Опубликовано ГЧ № 94 от 7.12.16г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий