Надвор’е парадку не перашкода

Напрыканцы лістапада ў раёне прайшоў штогадовы агляд па добраўпарадкаванні  машынных двароў і гатоўнасці рамонтна-абслуговай базы сельгасарганізацый для работы  ў зімовых умовах, па падрыхтоўцы машынна-трактарнага парка да веснавых палявых работ, вынікі якога з удзелам кіраўніка раёна Мікалая Шума  ў мінулы чацвер былі падведзены на базе СВК “Дарапеевічы”.

Лідар раёна па вы­творчасці сельгаспрадукцыі, гэты сельгаскааператыў неаднойчы выходзіў і пераможцам, а таксама быў прызёрам агляду па добраўпарадкаванні машынных двароў. Прычым не толькі раённага, але і абласнога, і рэспубліканскага. За апошнія гады на тэрыторыі машыннага двара быў зроблены сапраўдны пераварот у плане яго добраўпарадкавання і аптымізацыі плошчы. І тут ёсць што пагля­дзець і чаму павучыцца. Менавіта пра гэта гаварыў кіраўнікам, галоўным інжынерам і інжынерам па тэхніцы бяспекі сель­гаспрадпрыемстваў перад пачаткам практычнай часткі мерапрыемства старшыня райвыканкама Мікалай Шум.
Ну а пра тое, што канкрэтна зроблена і на якія сродкі, распавёў кіраўнік СВК Васіль Юхімук. А каб не быць, як гавораць, галаслоўным, нягледзячы на дождж і холад, якія не сапсавалі добрага ўражання ад убачанага, правёў для ўдзельнікаў падвядзення вынікаў агляду экскурсію па тэрыторыі машыннага двара. Паказаў мыйку з падагрэвам вады, аўтагараж, пераабсталяваны пад гароднінасховішча, якое выкарыстоўваецца і пад сенасховішча, рамонтную майстэрню, што ацяпляецца, склад для запчастак, аўтазапраўку, агароджаныя пляцоўкі для металалому, часовага і доўгатэрміновага захоўвання розных відаў тэхнікі: складаная – у нерабочы час знаходзіцца ў ангарах. Зазначыўшы пры гэтым, што, акрамя 3 вартаўнікоў, якія дзяжураць на машынным двары кругласутачна, тэрыторыя яго знаходзіцца пад відэанаглядам 12 камер назірання. А галоўны інжынер райсельгасхарчу Сяргей Хатынюк асаблівую ўвагу прысутных звярнуў на пункт тэхнічнага аб­слугоўвання тэхнікі, без якога сёння бесперабойная работа сельгасмашын проста немагчыма. Праўда, такім, які ён у СВК “Дарапеевічы”, пахваліцца пакуль можа далёка не кожная гаспадарка, а ў СВК “Гвозніца” ён увогуле адсутнічае. Паглядзелі ўдзельнікі мерапрыемства, як ідзе рамонт тэхнікі, раскідвальнікаў мінеральных удабрэнняў у прыватнасці, даведаліся пра сакрэт іх “доўгажыхарства”, а таксама пазнаёміліся з бытавымі ўмовамі, якія створаны для механізатараў, вадзіцеляў і слесараў.
Папярэджваючы падвядзенне вынікаў агляду, якое прайшло ў дыхтоўнай зале пасяджэнняў ад­міністрацыйнага будынка гаспадаркі, старшыня райвыканкама Мікалай Шум зазначыў, што на прыкла­дзе СВК “Дарапеевічы” неабходна вучыцца і вучыцца гаспадаранню і беражлівым адносінам да тэхнікі. Хоць ніякага шыку тут і няма.
Вынікі агляду агучыў начальнік раённай інспекцыі дзяржтэхнагляду Анатоль Бурштын. Ён, у прыватнасці, адзначыў, што стан машынных двароў, гатоўнасць рамонтна-абслуговай базы сельгасарганізацый у зімовых умовах і арга­нізацыя рамонту тэхнікі ацэньваліся па 5-бальнай сістэме ў 20 “намінацыях”. Найменшую колькасць ба­лаў 39 і 54 адпаведна і ўсяго па адной пяцёрцы атрымалі аўтсайдары агляду — СВК “Гвозніца” і ДзП “Радзежскае”. Праўда, кіраўнікі гэтых гаспадарак Іван Цымбаліст і Мікалай Якімчук паспрабавалі аспрэчыць некаторыя ацэн­кі, маўляў, выяўленыя недахопы ўжо ліквідаваны. Члены камісіі паабяцалі ў бліжэйшыя дні праверыць гэта, хоць на размеркаванне прызавых месцаў гэта ўжо ніяк не паўплывае.
А прызавыя месцы па выніках агляду прысу­джаны СУП “Савушкіна” і СВК “Чырвоны партызан”. Хоць кіраўнік першай гаспадаркі Сяргей Гусак і не пагадзіўся з адной тройкай, якая паўплывала на канчатковы вынік і прынесла сельгаспрадпрыемству трэцяе месца. Ме­навіта на гэтую тройку абы­шоў яго гаспадарку СВК “Чырвоны партызан”, які стаў другім. Ну а першым, дзе ўсе “намінацыі” агляду ацэнены на 5 балаў, стаў СВК “Дарапеевічы”. Кіраўнік гэтай гаспадаркі, як і “сераднякі”, не стаў аспрэчваць свае ацэнкі. Але ўсе пагадзіліся з тым, што машынны двор – гэта сэрца (хоць і металічнае) любой гаспадаркі. Таму працаваць яно павінна рытмічна і бесперабойна.
Надзея ЯЦУРА.

На здымку: у пункце тэхабслугоўвання сельгасмашын СВК “Дара­пеевічы”.
Фота аўтара.

Опубликовано ГЧ № 96   14.12.16г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!