У 2017 — ы – З КАНКРЭТНЫМІ СПРАВАМІ

Чым жыве Маларытчына сёння і якім бачыцца яе заўтра — пра гэта і іншае чытайце ў інтэрв’ю старшыні райвыканкама Мікалая ШУМА раённай газеце «Голас часу».

— Мікалай Мікалаевіч, вось ужо год, як Вы на пасадзе старшыні Маларыцкага райвыканкама. Гэты перыяд быў, хутчэй за ўсё, для Вас азнаямляльным. Што для Вас у ім было найбольш важным і першачарговым? Што Вас асабліва парадавала, а што засмуціла?
— Знаёміўся з прад­прыемствамі, іх калектывамі, насельніцтвам раёна. Наш раён аграрны, таму найбольш важнай і першачарговай задачай было правя­дзенне зімова-стойлавага перыяду ў сельскай гаспадарцы, недапушчэнне зніжэння вытворчасці. У 2015 годзе было нарыхтавана ў недастатковай колькасці кармоў, таму вельмі важным было іх рацыянальнае выкарыстанне, максімальнае збалансаванне рацыёнаў кармлення. Бо выручка, што атрымліваем ад продажу малака, – гэта асноўная крыніца выплаты заработнай платы, закупкі паліва і іншых неабходных для дзейнасці матэрыялаў.
Парадавала тое, што ўда­лося не дапусціць зніжэн­ня, а наадварот, на 3,5% павялічыць вытворчасць малака. У цэлым, сельскагаспадарчы комплекс спрацаваў нядрэнна, раён стаў пераможцам абласнога спаборніцтва на ўборцы зерневых. У час правядзення абласнога фестывалю-кірмашу “Дажынкі-2016”, які праходзіў у Драгічыне, раён быў удастоены дыплома пераможцы і адпаведнага грашовага ўзнагароджання. Мы таксама занялі першае месца ў вобласці па нарыхтоўцы кармоў. 36,3 ц кармавых адзінак нарыхтавана на 1 умоўную галаву, да гэтага найбольш высокі паказчык быў у 2007 годзе — 30,2 ц кармавых адзінак.
Засмуціла тое, што хаця ў цэлым у раёне дасягнуты пэўныя поспехі, некаторыя прадпрыемствы працуюць неэфектыўна. У пералік неплацежаздольных сельгаспрадпрыемстваў вобласці ўключаны і тры нашы: СВК “Арэхава”, “Ха­ціслаўскі” і “Гвозніца”, па якіх распрацаваны бізнес-планы і будуць праведзены меры па іх фінансавым аздараўленні. Складанае фінансавае становішча ў ААТ “Макраны” і ААТ “Маларыцкая райаграпрамтэхніка”.
— На сённяшні дзень наш раён адзіны ў вобласці стратны. Што прадпрымае кіраўніцтва раёна, каб выйсці на бясстратную работу?
— Асноўнай прычынай стратнасці раёна з’яўляецца работа СЗАТ “КварцМелПрам”. Без уліку гэтага раён з’яўляецца прыбытковым. Што ж датычыцца прадпрыемстваў аграпрамысловага комплексу, як я ўжо сказаў, распрацаваны мерапрыемствы па іх фінансавым аздараўленні. З-за скарачэння аб’ёмаў у будаўнічай галіне ў цэлым па краіне і пераходу на будаўніцтва аб’ектаў з прымяненнем буйнапанэльных матэрыялаў на “КварцМелПраме” вымушаны былі максімальна аптымізаваць сваю вытворчую праграму, скараціць складскія запасы гатовай прадукцыі. Вынікам прынятых мер стала скарачэнне на 50% сумы атрыманых страт да ўзроўню мінулага года, якая ў асноўным атрымана ад інвестыцыйнай дзейнасці. Стратная работа гэтага прадпрыемства была прадугледжана бізнес-планам па рэалізацыі праекта “Комплекснае асваенне месцараджэння мелу” да 2016 года, але знешнія фактары, пра якія я гаварыў, не дазволілі выйсці на паказчыкі, закладзеныя ў пачатку рэалізацыі праекта.
У 2016 годзе СЗАТ “Кварц­МелПрам” праведзена работа па атрыманні сертыфікатаў якасці на вырабляемую прадукцыю згодна з патрабаваннямі Еўрапейскага саюза і Украіны, куды яе адгружалі на працягу года, з украінскай кампаніяй узгоднены аб’ёмы паставак і на 2017 год.
— У час наведвання ў жніўні 2016 года Прэ­зідэнтам Рэспублікі Беларусь Аляксандрам Лука­шэнкам нашага раёна і, у прыватнасці, ААТ “Маларыцкая рай­агра­прамтэхніка”, было выяў­лена нямала недахопаў і дадзены даручэнні іх ліквідаваць да 1 студзеня 2017 года. Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што роля ініцыятара ў развіцці такіх абслуговых прадпрыемстваў належыць кіраўніку раёна. Наколькі выкананы даручэнні Прэзідэнта, і якія перспектывы развіцця ААТ “Маларыцкая рай­аграпрамтэхніка”?
— Праблема развіцця райаграсервісаў ёсць у рэс­публіцы ў цэлым, і Прэзідэнт даручыў адрадзіць іх ва ўсёй краіне, каб яны маглі выконваць тыя задачы, для якіх яны ствараліся. Што ж датычыцца нашага прадпрыемства, то за час пасля наведвання яго Прэзідэнтам зроблена нямала. Нягледзячы на няпростае фінансавае становішча райаграпрамтэхнікі, праведзены рамонт вытвор­чых памяшканняў, добра­ўпа­рад­кавана і аптымізавана тэрыторыя.
Вядома ж, асноўная праблема, якую неабходна вырашаць, каб ААТ “Маларыцкая райаграпрамтэхніка” атрымала магчымасць развівацца, — гэта пагашэнне наяўнай запазычанасці за аказаныя паслугі сельскагаспадарчымі прадпрыемствамі раёна. Так склалася, што паслугамі карыстаюцца толькі тыя гаспадаркі, якія не маюць магчымасці своечасова разлічвацца. І Прэзідэнт у час наведвання прадпрыемства правільна ўказаў, што з-за дарагоўлі тых ці іншых паслуг моцныя гаспадаркі, якія ўмеюць лічыць свае расходы, адмаўляюцца ад іх заказу. Было дадзена даручэнне з кожным кіраўніком узгадніць цэны, дзе будзе закладзена мінімальная рэнтабельнасць. Гэтая работа праводзіцца цяпер.
Асобую ўвагу кіраўніцтву прадпрыемства неабходна ўдзяліць пошуку запатрабаваных на сённяшні дзень паслуг не толькі для прадпрыемстваў, але і для насельніцтва раёна, шукаць вытворчасць такіх та­вараў, якімі можна загрузіць наяўныя магутнасці і своечасова атрымліваць выручку ад іх рэалізацыі.
— Наш раён сельскагас­падарчы. Якім Вы бачыце яго развіццё ў 2017 годзе?
— Развівацца ён будзе ў адпаведнасці з зацверджанай “Праграмай развіцця аграрнага бізнесу ў Маларыцкім раёне на 2016-2020 гады”, якой прадугледжаны асноўныя напрамкі і аб’ёмы фінансавання.
Тэмп росту вытворчасці валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі ў грамадскім сектары ў 2017 годзе павінен скласці не менш чым 102,1%, з улікам таго, што ў 2016 годзе прырост склаў больш за 10%.
У 2017 годзе будзе завершана пераўтварэнне сельскагаспадарчых вытворчых кааператываў у адкрытыя акцыянерныя таварыствы. Асобая ўвага будзе ўдзелена павышэнню эфектыўнасці дзейнасці прадпрыемстваў. Неабходна выйсці на аптымальныя расходы кармоў і іншых сродкаў, што выкарыстоўваюцца у сельскагаспадарчай вытворчасці. Для прадпрыемстваў, якія ўключаны ў пералік неплацежаздольных, выкананне мерапрыемстваў па фінансавым аздараўленні ў адпаведнасці з распраца­ванымі бізнес-планамі – апошні шанц, каб захаваць само прадпрыемства і забяспечыць працоўныя калектывы работай.
— У час “прамых тэлефонных ліній”, прыёмаў грамадзян па асабістых пытаннях і да Вас, і да кіраўнікоў вышэйстаячых органаў улады жыхары раёна найбольш часта звяртаюцца па праблемах ільготнага крэдытавання індывідуальнага жылля, рамонту і асфальтавання дарог. Якая сітуацыя тут цяпер і што плануецца на наступны год?
— Што датычыцца індыві­дуальнага жыллёвага будаўніцтва, то льготныя крэдытныя рэсурсы ААТ “Ашчадны банк “Беларусбанк”, прадугледжаныя раёну на гэтыя мэты ў 2016 годзе, не задаволілі ў поўнай меры інтарэсы ўсіх грамадзян, якія маюць права на атрыманне дзяржаўнай дапамогі ў выглядзе льготнага крэдыту і жадаюць весці будаўніцтва ці рэканструкцыю альбо набыць жылое памяшканне.
На сённяшні дзень заключана 111 дагавораў з грамадзянамі, якія стаяць на ўліку ў паляпшэнні жыллёвых умоў. Рэшткі крэдытных ліній складаюць 3740 тысяч рублёў, трэцяя частка з якіх прадугледжана мнагадзетным сем’ям, з якіх 442 тыс. рублёў – сем’ям, што выхоўваюць чацвярых і больш непаўналетніх дзяцей.
Па раней заключаных дагаворах, з-за заканчэння тэрмінаў абавязацельстваў ААТ “ААБ Беларусбанк” па 56 заключаных дагаворах з грамадзянамі, у 2017 годзе плануецца выдзеліць 1300 тыс. руб. ільготных крэдытных рэсурсаў на будаўніцтва індывідуальнага жылля, але, як паказвае практыка мінулага года, калі выдзеленыя сродкі будуць асвойвацца з апераджэннем, сума можа быць павялічана.
Якая сітуацыя ў дарожным будаўніцтве? У 2016 годзе завершаны будаўнічыя работы па аб’екту “Капітальны рамонт аўтамабільнай дарогі Чарняны-Дарапеевічы-Паўлопаль-Заор’е”. Дарога гэтая злучыла дзве вёскі Чарняны і Дарапеевічы.Яна з асфальтабетонным пакрыц­цём. Заасфальтавана 1,7 км аўтамабільнай дарогі да аграгарадка “Гвозніца”, сёлета плануецца цалкам работу завяршыць. Таксама ў планах на гэты год заасфальтаваць дарогу да вёскі Арэхава і ад Ляхаўцаў да Макран, і згодна з даручэннем Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь – заасфальтаваць пад’езды да аграгарадкоў. Дадаткова стаіць задача абуладкаваць пакрыццё дарогі Хаціслаў-Сушытніца.
— Мікалай Мікалаевіч, каб развівацца і жыць, трэба будаваць. Якія прыярытэты ў будаўніцтве будуць сёлета, на ўзвя­дзенне якіх аб’ектаў будуць накіраваны намаганні будаўнікоў?
— Завершана будаўніцтва падваднога газаправода працягласцю 10,5 км і шафавага размеркавальнага пункта да вёскі Радзеж, 1 км размеркавальнага газаправода па самой вёсцы. Усяго ж летась на газіфікацыю прыродным газам жыллёвага фонду, што эксплуатуецца грамадзянамі, выдзелена 131,5 тысячы рублёў, пабудавана 17 аб’ектаў газазабеспячэння, што на 8 больш, чым запланавана. Пракладзена 8 кіламетраў газавых размеркавальных сетак у вёсках Ланская, Збураж, Чарняны, Горы, Лукава, Олтуш, Замшаны і ў Маларыце. Усяго газіфікавана з падтрымкай дзяржавы 82 прыватныя дамы. У планах – праектаванне падваднога газаправода да аграгарадка Гвозніца.
У 2016 годзе ўведзены ў эксплуатацыю 40-кватэрны жылы дом, пабудаваны з дзяржпадтрымкай, у якім 2 кватэры сацыяльнага і 3 – камерцыйнага карыстання дзяржаўнага жылфонду, 4 аднакватэрныя жылыя дамы ў СВК “Дарапеевічы”.
Сёлета нам трэба завяршыць будаўніцтва 40-кватэрнага жылога дома па вул. Паўднёвая, 8Б у Маларыце, які будуецца долевым спосабам з дзяржаўнай падтрымкай, што дазволіць палепшыць жыллёвыя ўмовы 17 шматдзетным сем’ям. У гэтым доме будзе 12 кватэр сацыяльнага і 2 кватэры камерцыйнага карыстання, а таксама 2 кватэры для адсялення грамадзян, што пражываюць у старых і аварыйных жылых дамах, прызнаных ва ўстаноўленым парадку непрыдатнымі для пражывання. Намаганні будаўнікоў будуць таксама сканцэнтраваны на будаўніцтве МТФ у в. Дарапеевічы. Запланавана будаўніцтва 7 адна­кватэрных жылых домікаў у сельгасарганізацыях і дома сямейнага тыпу ў Маларыце. Маларыцкая ПМК-20 набыла зямельныя ўчасткі ў аграгарадку Велікарыта для будаўніцтва аднакватэрных жылых дамоў з наступным продажам іх на аўкцыёне. Калі гэты вопыт акажацца ўдалым, то колькасць такіх аб’ектаў плануецца значна павялічыць.
— Мікалай Мікалаевіч, у сваёй рабоце Вам даводзіцца, найперш за ўсё, абапірацца на кіраўнікоў. Як Вы ацэньваеце ў цэлым іх якасны патэнцыял?
— На працягу года былі зроблены некаторыя кадравыя перастаноўкі сярод кіраўнікоў прадпрыемстваў. Новы старшыня прыйшоў у СВК “Арэхава”. На кансервава­гароднінасушыльным камбінаце і ў ААТ “Маларыцкая райаграпрамтэхніка” пакуль часова выконваюць абавязкі дырэктараў, але ў бліжэйшы час тут таксама будуць вырашаны пытанні па назначэнні кіраўнікоў.
У цэлым, ацэньваючы якасны патэнцыял кіраўнікоў прадпрыемстваў, магу сказаць, што ў большасці сваёй гэта сталыя і вопытныя людзі. Ёсць і маладыя, якім пакуль яшчэ не хапае, мабыць, вопыту, але і працаваць яны прыйшлі не ў лепшыя прадпрыемствы, у такія, як СВК “Хаціслаўскі” і ААТ “Макраны”. У гэтых гаспадарках няпростая фінансавая сітуацыя, але маладыя кіраўнікі рукі пакуль не апускаюць. Выпадковых людзей сярод кіраўнікоў прадпрыемстваў раёна няма.
— Як будзе развівацца інвестыцыйная палі­ты­ка ў раёне, якія ціка­выя інвестпраекты пра­паноўваецца рэалізаваць у бліжэйшым будучым?
— Асноўным напрамкам выкарыстання інвестыцый стане іх укладанне ў стварэнне новых і мадэрнізацыю наяўных рабочых месцаў, развіццё высокаэфектыўных і экспартаарыентаваных вытворчасцей.
Мерапрыемствы, плануемыя да рэалізацыі ў 2016 – 2020 гадах, будуць накіраваны на забеспячэнне суб’ектамі гаспадарання ўстойлівага эканамічнага росту, зніжэнне затрат на вытворчасць прадукцыі, задавальненне патрэб эканомікі ў прадукцыі вытворча-гаспадарчага прызначэння і спажывецкіх таварах, павышэнне тэхнічнага ўзроўню прамысловай вытворчасці і канкурэнтаздольнасці прадукцыі, укараненне інавацыйных распрацовак, прыцягненне замежных інвестыцый.
Для забеспячэння рэалі­зацыі ўсіх намечаных ме­ра­прыемстваў, аб’ём ін­ве­стыцый плануецца да­весці да 2020 года да 28,2 мільёна рублёў. У планах – рэалізацыя трох асноўных інвестыцыйных праектаў. У 2019 – 2020 гадах у ААТ “Маларыцкі кансервавага­роднінасушыльны камбінат” плануецца рэалізаваць інве­стыцыйны праект “Асваенне вытворчасці прадуктаў функцыянальнага прызначэння, якія адпавядаюць узроставым фізіялагічным патрэбнасцям арганізма”. Гэты праект дазволіць павялічыць долю інавацыйнай пра­дукцыі на 7 – 10%. У СП “Бізон” сёлета бу­дзе працягвацца будаўніцтва лініі па перапрацоўцы і гра­ну­ляванні хмелю. І трэці праект – гэта рэканструкцыя аўтамабільных дарог мясцовага значэння.
Таксама перад раёнам стаіць задача прыцягнення прамых замежных інвестараў для стварэння новых сучасных прадпрыемстваў, якія дазволяць не толькі ар­ганізаваць дадатковыя новыя рабочыя месцы, але і асвоіць прымяненне навейшых тэхналогій вы­творчасці. Вядома, пакуль на сённяшні дзень для інвестара больш прыцягальныя ўмовы створаны ў свабодных эканамічных зонах, але і мы плануем выйсці з канкрэтнымі інвестыцыйнымі прапановамі для рэалізацыі праектаў у нашым раёне.
— Шмат укладзена срод­каў ва ўмацаванне матэрыяльнай базы ўстаноў аховы здароўя. Дастойна выглядаюць усе карпусы раённай бальніцы, акрамя хірургічнага. Ці плануецца ў бліжэйшым будучым рамонт гэтага аддзялення?
— Сродкі не запланаваны ў бюджэце з-за недахопу фінансавых рэсурсаў на правядзенне капітальных рамонтаў. Але вырашэнне гэтага пытання мы будзем далей ініцыіраваць перад вобласцю. Першачарговыя расходы бюджэтных арганізацый — гэта выплата зарплаты, разлікі за камунальныя паслугі і энергарэсурсы. Але, нягледзячы на ўсе цяжкасці, выдзелены грошы для правядзення рамонту ў рэнтгенкабінеце і ўстаноўкі там абсталявання.
— Якая сфера паслуг, на Ваш погляд, працуе ў раёне не на належным узроўні, якія б новыя вытворчасці хацелася б адкрыць і развіваць?
— Не на належным узроўні знаходзіцца сфера аказання платных і бытавых паслуг. Матэрыяльна-тэхнічная база КУП “Маларыцкі РКБА” не дазваляе нарошчваць аб’ёмы бытавых паслуг, таму гэтую нішу запаўняюць суб’екты малога прадпрымальніцтва. У раёне ў недастатковай колькасці тых аб’ектаў гаспадарання, якія аказваюць паслугі па рамонту складанай бытавой тэхнікі, па апрацоўцы прысядзібных участкаў, ёсць толькі адзін прыватнік, у якога можна адрамантаваць гадзіннікі. Ёсць рэзервы і ў развіцці сферы гандлю. У раёне выконваецца сацыяльны стандарт па колькасці гандлёвых плошчаў на аднаго жыхара, а вось па пасадачных месцах у агульнадаступных аб’ектах грамадскага харчавання мы адстаем, не на належным узроўні развіты прыдарожны сервіс. Неабходна развіваць прадпрымальніцтва ў сельскай мясцовасці, у тым ліку пашыраць паслугі агра­экатурызму. Па колькасці адкрытых аграсядзіб мы адстаем ад іншых раёнаў вобласці, ды не ўсе зарэгістраваныя аграсядзібы працуюць так, як трэба.
— Наш горад не раз вы­ходзіў пераможцам у абласным конкурсе па добраўпарадкаванні і санітарным стане сярод малых гарадоў. Многія госці, у тым ліку і высокія, калі аказваюцца ў Маларыце ўпершыню, адзначаюць чысціню і дагле­джанасць горада. У гэтым вялікая заслуга нашых камунальнікаў. І не толькі іх. Ёсць у горадзе шмат прыватных сядзіб і прыдамавых тэрыторый, дзе гаспадары самі ствараюць утульнасць і прыгажосць. І гэта дапаўняе агульны выгляд. Каб ён быў яшчэ больш прыцягальным, ці не лічыце Вы магчымым стымуляваць такіх гаспадароў матэрыяльна, арганізуючы кон­курсы на лепшае добраўпарадкаванне прыватных сядзіб і двароў?
— Так, усе госці, якія ўпер­шыню бываюць у нашым горадзе, адзначаюць яго прыгажосць і ўтульнасць. Нават Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка ў час наведвання горада летась адзначыў, што жывём мы, як на курорце. Маларыта 3 разы станавілася пераможцай агляду-конкурсу санітарнага стану і добраўпарадкавання сярод малых гарадоў. Вядома, пры правядзенні дажынак у нашым горадзе было зроблена многае, застаецца толькі падтрымліваць парадак і прыўносіць нешта новае ў афармленне вуліц горада. Дарэчы, у адпаведнасці з даручэннем Прэзідэнта, раёну аказана фінансавая падтрымка з абласнога бюджэту на пагашэнне запазычанасці па аб’ектах дажынак у 2010 годзе ў суме 103 мільярды рублёў. Сума, якая засталася і якую павінна пагасіць КУШВП ЖКГ “Маларыцкая ЖКГ”, пралангіравана яшчэ на 3 гады на льготных умовах. Гэта важкая падтрымка нашаму раёну з боку дзяржавы.
І летась на абласным фестывалі-кірмашы “Да­жынкі-2016” у Драгічыне раён быў удастоены Дыплома і грашовага ўзнагароджання за перамогу ў спаборніцтве па добраўпарадкаванні і санітарным стане сярод малых гарадоў вобласці. Фінансавыя сродкі, выдзеленыя раёну, былі патрачаны на набыццё тратуарнай пліткі, якую, з прыцягненнем спонсарскай дапамогі, уклалі нядаўна на тэрыторыі раённай гімназіі.
У іншых раёнах, ведаю, праводзяцца конкурсы сярод уладальнікаў сядзіб на лепшае добраўпарадкаванне і эстэтычнае афармленне тэрыторыі. Мы таксама плануем сёлета распрацаваць адпаведнае палажэнне і правесці такі конкурс. Думаю, гэта будзе стымулам для жыхароў горада ў лепшым афармленні сваіх прыдамавых тэрыторый.
— Калі бываеш у ін­шых гарадах, уражвае наяўнасць вонкавай рэкламы з глыбокім ідэйным зместам, мноства розных скульптур, звязаных з нейкімі гістарычнымі падзеямі, славутасцямі рэгіёна. На мой погляд, гэтага гораду не хапае. А як думаеце Вы?
— Што датычыцца камерцыйнай рэкламы, мне здаецца, што ў горадзе яна прадстаўлена. Ёсць аб’екты з рэкламай сацыяльнага характару, на тэму здаровага ладу жыцця, прафілактыкі сямейнага недабрабыту, захавання правілаў дарожнага руху і інш. У горадзе і на тэрыторыі раёна ёсць месцы, якія адлюстроўваць тыя ці іншыя падзеі Вялікай Айчыннай вайны, ёсць помнікі і скульп­туры савецкага перыяду. Што датычыцца славутасцяў, Вы маеце рацыю, у нас няма такога шырока разрэкламаванага брэнда, які б размяшчаўся на рэкламных канструкцыях ці які б можна было ўвекавечыць помнікамі альбо скульптурамі. Напэўна, тут недапрацоўваюць нашы адпаведныя службы, якія адказваюць за прыцягальнасць рэгіёна і развіццё турызму. Тут трэба яшчэ папрацаваць.
— Якім Вы бачыце заўтрашні дзень Маларытчыны, што б Вам хацелася пажадаць усім яе жыхарам у новым, 2017 годзе?
— Хацелася б захаваць усё тое добрае, што ёсць у нашым раёне, прымножыць яго дасягненні, стварыць дадатковыя вытворчасці і паслугі, якія маглі б забяспечыць работай і дастойным узроўнем зарплаты насельніцтва. Нам трэба пастаянна абнаўляць сацыяльную сферу, каб яна адпавядала сучасным патрабаванням і была здольнай задаволіць патрэбнасці кожнага жыхара. Маларытчына заўжды павінна быць камфортным куточкам для пражывання насельніцтва і цікавым месцам для гасцей. Маларытчанам хацелася б пажадаць стабільнасці, міру, дабрабыту, ва ўсіх дамах і сем’ях цяпла, дабра і здароўя.
Інтэрв’ю ўзяла
Ніна СВІЦЮК.
НА ЗДЫМКУ: старшыня райвыканкама Мікалай ШУМ.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано ГЧ № 1 от 4.01.17г.

Поделиться:
  •  
  • 2
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!