душа жадае дарыць цяпло

Для тых, хто знайшоў прытулак у Велікарыцкай бальніцы сястрынскага догляду, быў шчодрым не толькі вечар пятніцы 13-га, але і дзень. На “калядкі”, калі дзверы ў дамах маларытчан не зачыняліся ад вялікай колькасці калядоўшчыкаў, у бальніцу з дабрачыннай  акцыяй прыехалі намеснік старшыні райвыканкама, старшыня раённай арганізацыі  ГА “Белая Русь”  Вадзім Шпетны, старшыня раённай арганізацыі ГА “Беларускі фонд міру” Людміла Бурштын, прадстаўнікі ГА “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі” і аўтаклуба ДУК «Маларыцкі раённы цэнтр культуры».

Не трэба і гаварыць, наколькі былі рады гасцям бабулі і дзядулі. І не таму, што прыехалі госці не з пустымі рукамі, а з падарункамі. Важней увага і цеплыня сэрцаў, шчырыя пажаданні і атмасфера чараўніцтва. Усяго гэтага арганізатары не шкадавалі. Вадзім Паўлавіч павіншаваў прысутных са святамі і пажадаў ніколі не засмучацца, нягледзячы на тое, што бывае нялёгка, трымацца і радавацца кожнаму дню. А таксама разам з Дзедам Марозам уручыў людзям, якія знаходзяцца на медыка-сацыяльным абслугоўванні Велікарыцкай бальніцы, калядныя прадуктовыя наборы. Аўтаклуб падарыў пажылым людзям, а іх цяпер у бальніцы 16 і палова іх – інваліды першай і другой груп, любімыя песні маладосці. Яны прынеслі бабулям і дзядулям шмат эмоцый: хтосьці падпяваў, у іншых на вачах былі слёзы ўспамінаў, некаторыя, магчыма, і ў скокі пусціліся б, калі б дазволіла здароўе.
У той жа дзень дабрачынная акцыя завітала і ў дом Марыі Дзянісаўны Пацяюк, якая жыве ў Ляхаўцах. Усё жыццё яна працавала ў мясцовай гаспадарцы. Так склалася, што цяпер пажылая жанчына засталася зусім адна. Толькі сацыяльны работнік клапоціцца пра яе, не дае сумаваць, дапамагае ў бытавых справах. Падбадзёрыць Марыю Дзянісаўну, падарыць ёй святочны настрой змаглі Вадзім Шпетны і Людміла Бурштын. Слёзы радасці на вачах жанчыны як удзячнасць, што пра яе памятаюць, – лепшае пацвярджэнне неабходнасці такіх акцый.
Сумесная дабрачынная акцыя “Ад сэрца да сэрца”, якую ініцыіравалі гэтыя грамадскія аб’яднанні, праходзіла з 12 па 19 студзеня. Арганізатары з падарачнымі наборамі наведалі таксама адзінокіх пажылых людзей, якія знаходзяцца на медыка-сацыяльным абслугоўванні ў Олтушскай бальніцы, і 16 адзінокіх людзей у вёсках раёна. Да акцыі далучыўся і благачынны цэркваў Маларыцкай акругі Віктар Паляціла. На свята Вадохрышча ён парадаваў пажылых з Олтушскай бальніцы ласункамі і падарыў кожнаму па іконцы.
Дар’я ПАЎЛЯНКОВА.

На здымках: арганізатары акцыі перадалі падарункі пажылым людзям.

Фота
Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано ГЧ № 7 от 25.01.17 г.

Поделиться:
  •  
  • 7
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!