Я-МАМА

Бюро парад

Кожная дзяўчынка ў дзяцінстве гуляе ў маму, бо пачуццё мацярынства закладзена ў нас самой прыродай. Але гэта толькі гульні. А саму няпростую навуку быць мамай даводзіцца спасцігаць у дарослым жыцці. Гэтаму не вучаць у школе, ва ўніверсітэце. Урокі дае жыццё. Але ж як часта маладым мамам не хапае самых простых ведаў, якія б дапамаглі правільна арганізаваць свой дзень і ўсё паспець, умела праяўляць сваю любоў, але не балаваць дзіця, раскрываць яго таленты, а не навязваць свае нерэалізаваныя мары, гатаваць тыя стравы, якія будуць карыснымі, і не купляць тое, што нашкодзіць здароўю дзіцяці. Міні-школай для мам стане “Бюро парад”. І сёння ўрок здароўя для тых, хто адправіў “заяўку” буслу і чакае папаўнення ў сям’і, дасць загадчыца жаночай кансультацыі райпаліклінікі Таісія Чуйко.

Быць у гармоніі з сабой
Цяжарнасць – важны жыццёвы этап. Ад таго, як пройдзе ён, у многім залежыць здароўе будучага дзіцяці. На што трэба звярнуць у гэты час асаблівую ўвагу?
Харчаванне. У час цяжарнасці павінен быць правільным сняданак. Менавіта ён можа папярэдзіць таксікоз. Асноўнае правіла сняданку – лёгкая засваяльнасць прадуктаў. Абед жа трэба зрабіць максімальна карысным. На падвячорак можна выпіць шклянку соку і з’есці тваражок. Вячэраць трэба не пазней за 18-19 гадзін, прычым вячэра павінна быць паўнацэннай і пажыўнай. У многіх цяжарных жанчын звычайна назіраецца павышаны апетыт. Можна з’есці яблык ці грушу, выпіць шклянку соку, кампоту, кефіру, малака. Галоўнае, каб перакусам не былі бутэрброды з каўбасой ці булачка з чаем. На ўвесь перыяд цяжарнасці забараняецца ўжыванне кавы, моцнай гарбаты і алкаголю.
Адзенне. Яно павінна быць чыстым і свабодным. Нельга карыстацца сцягальнымі паясамі і трыко з тугой гумкай, абуткам на высокіх абцасах.
Актыўны рэжым. Фізічныя практыкаванні падрыхтоўваюць арганізм цяжарнай да нагрузак. У перыяд цяжарнасці арганізму патрабуецца больш кіслароду. Таму неабходна штодня 2-3 гадзіны праводзіць на свежым паветры. Але цяжарным забараняюцца спартыўныя заняткі, якія патрабуюць вялікага фізічнага і нервовага напружання: катанне на каньках, лыжах, язда на веласіпедзе.
Прыгажосць. Будучых мам нярэдка хвалюе пытанне: ці можна ў час цяжарнасці фарбаваць валасы? У першым трыместры цяжарнасці гэтага рабіць не трэба. Прычына ў тым, што ў гэты перыяд праходзіць каласальны этап у развіцці дзіцяці. Ідзе закладка і фарміраванне ўсіх органаў і сістэм. І любыя ўздзеянні на арганізм мамы, інфекцыі гэта ці хімічныя рэагенты, могуць прывесці да змяненняў у органах дзіцяці і фарміравання парокаў развіцця.
Работа за камп’ютарам. У час цяжарнасці будучай маме трэба адказна ставіцца да свайго здароўя і памятаць пра негатыўны ўплыў працяглай работы за камп’ютарам. Па-першае, пры гэтым дадатковую нагрузку атрымліваюць вочы. А паколькі пры цяжарнасці адбываюцца некаторыя змяненні ў функцыянаванні зрокавага апарату, спалучэнне гэтых фактараў можа прывесці да прагрэсіравання блізарукасці. У час шматгадзіннай работы за камп’ютарам адбываецца застой крыві ў органах малога таза, што зніжае хуткасць абмену рэчываў. Плод адчувае стан гіпаксіі, што негатыўна адбіваецца на яго развіцці. Нельга забываць і пра негатыўнае ўздзеянне электрамагнітнага выпраменьвання ад камп’ютараў і мабільных тэлефонаў.
Музыкатэрапія. Яшчэ Арыстоцель гаварыў, што музыка ўдзельнічае ў фарміраванні характару. Класічная музыка станоўча ўплывае на здароўе будучага малыша. Апошнія даследванні паказваюць, што музыку можна выкарыстоўваць у час цяжарнасці для лячэння дэпрэсіі, пазбаўлення ад стрэсаў. Ужо з пятага месяца плод здольны адрозніваць гукі, тэмп музыкі і гучнасць. Па стану плода мамачка можа зразумець, падабаюцца яму гэтыя гукі ці не. Увогуле ў кожнай жанчыны ёсць свае схільнасці да музыкі. Можна слухаць любы накірунак, адзінае, ад чаго трэба адмовіцца, – цяжкі рок і метал. Такія гукі адмоўна ўздзейнічаюць на нервовую сістэму будучага дзіцяці.
Літаратура. Сёння ёсць шмат спецыялізаваных выданняў для будучых мам. Але нельга не сказаць пра кнігі Сяргея Зайцава, у якіх можна знайсці цудоўныя парады. За апошнія некалькі гадоў сапраўдным хітом стала кніга Е.Камароўскага “Здоровье ребёнка і здравый смысл его родственников”. Добрыя водгукі і пра кнігу Уільяма і Марты Сірс “У чаканні малыша”. Асабліва карысна пачытаць яе будучым татам. Кніга “Роды без страху” аўтара Грэнтлі Дык-Рыда спадабаецца ўсім. У ёй расказваецца аб тым, як псіхалагічна настроіцца на важны момант з’яўлення на свет дзіцяці.
Падводзячы вынік, хачу сказаць, што цяжарнасць, нараджэнне і выхаванне дзіцяці – гэта самы чароўны час у жыцці бацькоў. Удачы вам, мамы і таты!

Опубликовано Гч № 7 от 25.01.17г.

Поделиться:
  •  
  • 5
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий