Будзьце здаровыя!

Зіма ў самым разгары – са снегам, маразамі, завеямі, адлігамі. У апошні час пачасціліся выпадкі вострых рэспіраторных вірусных інфекцый. Аптэкі раёна гатовы да такой сітуацыі. 

Традыцыйна створаны запас найбольш запатрабаваных прэпаратаў. Гэта ў першую чаргу лекавыя сродкі беларускай вытворчасці для прафілактыкі і лячэння вострых рэспіраторных вірусных інфекцый: гарачкапаніжальныя, болесуцяшальныя і супрацьзапаленчыя сродкі, імунамадуляваныя і супрацьвірусныя, антыбактэрыяльныя прэпараты. Неабходна адзначыць, што ўсе яны прадаюцца без рэцэпта ўрача. У дастатковай колькасці ў аптэках ёсць маскі, марля, тэрмометры, інгалятары і іншыя спадарожныя тавары. Аптэчныя спецыялісты дадуць вам рэкамендацыі па выбары і прымяненні полівітамінных прэпаратаў, фітачаёў і фітазбораў, эфірных маслаў з улікам узросту, спадарожных захворванняў і іншых асаблівасцяў арганізма.
Хочацца звярнуць увагу на небяспеку самалячэння. Ускладненні бываюць ад празмернага і бескантрольнага ўжывання гарачкапаніжальных сродкаў, антыбіётыкаў. Пры праяўленні сімптомаў захворвання звяртайцеся да ўрача ці аформіце выклік яго дамоў. А наведваючы аптэку і набываючы лекі без рэцэпта, прыслухоўвайцеся да рэкамендацый фармацэўтаў і інструкцый па прымяненні.
Аптэчныя работнікі рэкамендуюць тым, хто не хоча захварэць, праявіць клопат аб сваім здароўі. Што трэба рабіць? Часцей гуляць на свежым паветры, кожны дзень есці гародніну і садавіну, абавязкова мыць рукі, як толькі прыходзіце з вуліцы, выкарыстоўваць засцерагальныя маскі пры кантакце з хворым чалавекам. А яшчэ — менш наведваць шматлюдныя месцы без асаблівай неабходнасці.
Здароўя ніколі не бывае многа. Аб ім не думаеш, калі яно ёсць, і разумееш яго каштоўнасць толькі тады, калі пачынаеш хварэць. Жадаем усім быць здаровымі і радавацца жыццю!

Наталля ГАНЧАРЭНКА, загадчыца цэнтральнай раённай аптэкі № 14.

Опубликовано ГЧ  № 8 от 28.01.17 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!