Прыцягненне фермы

Профільную адукацыю ў Пінскім саўгасе-тэхнікуме Раіса Козел атрымлівала не так сабе: сельскі ўклад жыцця ёй быў блізкі, заўжды цаніла вясковую працу.
Родам з Кобрыншчыны, у Дарапеевічах яна апынулася, калі выйшла замуж за мясцовага хлопца. Стала працаваць на ферме. Вось ужо 16 гадоў як яна тут. Працуе брыгадзірам МТФ. А рэжым работы на ферме вядомы: у палове сёмай трэба быць тут як штык, дамоў, як расказвалі Раіса і яе памочніца Антаніна Кіцель, прыходзяць не раней, як у 22 гадзіны. І яны не проста адбываюць гадзіны, а працуюць так, каб быў бачны плён, з поўнай аддачай. Інакш яе не атрымаеш, лічаць яны. І калі пацвердзіць гэтую аддачу лічбамі, то яна відавочная і значная. За 10 месяцаў на Дарапеевіцкай ферме надоена 5024 кг малака ад каровы – на 273 кг больш, чым летась. Сярэднясутачныя надоі цяпер звыш 15 кг. А такія даяркі, як Алена Жук, Людміла Кіцель ідуць у ліку ўжо шасцітысячніц. Яны лепшыя не толькі ў сваёй гаспадарцы, але і ў раёне. Жывёлавод Даніл Такарскі сваім прыкладам паказвае, як можна атрымліваць аддачу ў вытворчасці мяса. Калі за 10 месяцаў сярэднясутачныя прыбаўленні ў вазе па ферме складаюць 652 грамы, то ў яго групе – 728 грамаў.
— Калектыў у нас добры, — гаворыць Раіса Кіцель, — людзі ведаюць, што ад адказнасці і добрасумленнасці залежыць вынік.
Паказчыкі тут не толькі колькасныя, але і якасныя. Большую частку малака – 76% — ферма прадае вышэйшым гатункам. 11% яго прададзена і экстра-класам. Зарплата даярак цалкам залежыць ад якасці. І тут важна, каб даярка прытрымлівалася правілаў: здойвала першыя струмені малака, апрацоўвала саскі, не парушала дысцыпліну. Толькі тады яна атрымае стопрацэнтную даплату да асноўнага заробку.
Патрабаванні да якасці малака ўвесь час узрастаюць, і гаспадарка са свайго боку стараецца, каб усе неабходныя апараты для забеспячэння якасці прадукцыі былі. А яны сёння нетанныя – не адзін дзесятак мільёнаў каштуюць. Прыкладзены намаганні, каб былі закуплены аналізатары малака, саматусы, экамількі. Далей — слова  за даяркамі.
Шлях да поспеху лёгкім не бывае. Трэба шмат працаваць. Але выхадцам з вёскі да цяжкасцей не прывыкаць. Акрамя таго, як лічыць Раіса Козел, яна бачыць, што намаганні кіраўніцтва сельгаскааператыва накіраваны на стварэнне нармальных умоў жыцця ў сельскай мясцовасці. Як ператварыліся за апошнія гады Дарапеевічы! Якімі хуткімі тэмпамі рухаецца наперад будаўніцтва жылля, з’явіліся цэлыя новыя вуліцы, адбудаваны старыя, добраўпарадкаваны асфальтам. Умацоўваецца і вытворчая сфера. Вось-вось уступіць у строй новая, з перадавой  тэхналогіяй, ферма, а на чарзе рэканструкцыя старой фермы. Зразумела, што тыя, хто працуе ў гаспадарцы, не могуць не бачыць перспектыў далейшага развіцця гаспадаркі, ды свайго прафесійнага ўдасканалення і росту.
Раіса Козел нядаўна прымала ўдзел у абласным свяце, дзе ўшаноўвалі перадавікоў сельскагаспадарчай вытворчасці. Там ёй уручылі Грамату абл­выканкама за значны асабісты ўклад у развіццё сельскагаспадарчай галіны і дасягненне высокіх працоўных паказчыкаў. Гэта заслужаная ацэнка працы. Яна ўзвышае чалавека. А значыць, абавязвае да новых поспехаў.
Ніна СВІЦЮК.
НА ЗДЫМКУ: брыгадзір малочнатаварнай фермы СВК “Дарапеевічы” Раіса КОЗЕЛ.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!