Смачны абед – добры настрой

Кожны спецыяліст дасканала ведае тыя адметныя рысы сваёй прафесіі, якія іншаму і заўважыць цяжка. Будаўнік з першага погляду разгледзіць, як і з чаго пабудаваны дом, механік па гуку пачуе непаладкі ў машыне, тэхнолаг-кандытар па смаку вызначыць адхіленні ад рэцэптуры ў торце, ад краўца не схаваеш крывое шво на сукенцы. І хто, як не спецыяліст, які ведае сваю прафесію ад А да Я, зможа расказаць аб усіх плюсах і мінусах і параіць у выбары. Праект “Партрэт прафесіі” – не проста знаёмства з сапраўднымі майстрамі сваёй справы. Ён у пэўным сэнсе дапаможнік для будучых абітурыентаў, якім так няпроста зрабіць крок да будучыні. Пачнем з прафесіі повара.

 

З прафесіяй повара ў нейкай ступені знаёмы кожны з нас. Каб пасмажыць на патэльні самую простую яечню, вялікага ўмельства не трэба. Пяць хвілін, і сняданак гатовы. А вось у руках повара тое ж яйка за кароткі час ператворыцца ў смачнае яечнае суфле. І гэта не чараўніцтва, а проста прафесійнае майстэрства. Яно, як добра ведае шэф-повар сталовай Лукаўскай школы Вольга Васільеўна Сцепанюк, набываецца не толькі са спецыяльнымі ведамі ў час вучобы, але і шматгадовым вопытам работы.
– У дзяцінстве я любіла нешта выпякаць, гатаваць, на кухні мне было цікава. А яшчэ, калі вучылася ў школе, а сама я родам са Збуража, часта ездзіла на раённыя спаборніцтвы, і кармілі нас у гарадской сталоўцы. Атмасфера ў ёй мне падабалася. Напэўна, усё гэта і падштурхнула выбраць прафесію повара, – успамінае Вольга Сцепанюк.
Яе работа пачыналася ў школьнай сталовай у Арэхаве. Праз год маладога спецыяліста забралі ў горад. Гады работы ў рэстаране, а затым у кафэ ў вёсцы Лукава былі для Вольгі Васільеўны часам напрацоўкі вопыту, шліфоўкі прафесійнага майстэрства. Тых навыкаў, якія дало Баранавіцкае прафесійнае вучылішча, вядома, не хапала, вучылі і дапамагалі вопытныя калегі. І ўсё ж два гады вучобы ўспамінае шэф-повар з удзячнасцю сваім педагогам. Каштоўнай былі і тэорыя, і практыка, якую набывала ў сталовай санаторыя “Лясное возера”. Многія прафесійныя сакрэты засвоіла з таго часу на ўсё жыццё.
– У першыя гады работы гэтага, магчыма, яшчэ і не разумела, але цяпер упэўнена: повар – прафесія вельмі цікавая. Рабіць людзям прыемнае, каб яны, паеўшы, успомнілі цябе добрым словам, хіба ж гэта не задавальненне ад сваёй справы? – разважае аб перавагах сваёй прафесіі Вольга Сцепанюк.
Тое, што лёс пасля многіх гадоў работы на аб’ектах грамадскага харчавання прывёў яе зноў у школьную сталовую, Вольга Васільеўна лічыць вялікай удачай. Бо менавіта тут, калі чуеш штодня сотню разоў “дзякуй”, сапраўды адчуваеш важнасць сваёй прафесіі.
Повар – прафесія, якая патрабуе цярплівасці, акуратнасці і пунктуальнасці. Нездарма ж народная мудрасць запэўнівае: абед заўжды павінен быць па раскладу! Асабліва гэта датычыцца школы, дзе сняданак і абед трэба згатаваць у свой тэрмін. Усё разлічыць, каб не апярэдзіць назначаны час, бо тады стравы будуць халодныя і страцяць смак, і не спазніцца, бо расклад урокаў не зменіш – у гэтым і ёсць прафесіяналізм повара.
Уявіць цяжка, колькі малышоў вырасла за 15 гадоў работы Вольгі Сцепанюк у школьнай сталовай на кашах, катлетах, запяканках, аладках і кампотах, з любоўю прыгатаваных рукамі повараў. Колькі пакаленняў дзяцей будуць усё жыццё памятаць смак гэтых страў, як смак дзяцінства.
– Для мяне заўжды было важна згатаваць стравы так, каб дзіця паела і пераканалася, што ў сталоўцы ежа такая ж смачная, як дома, у мамы. Дзіця не падманеш. Яно не будзе есці тое, што нясмачнае. Ды і, як гавораць, таварны від стравы павінен быць прыгожым, прывабліваць, выклікаць апетыт. Таму і ўкладваем у кожную страву ўсё сваё ўменне і ў сталоўцы ствараем утульнасць, – заўважае Вольга Васільеўна.
Радуецца душа шэф-повара, калі пасля абеду застаюцца пустыя талеркі, дзеці просяць дабаўкі, а потым шчыра дзякуюць. Але смачна згатаваць стравы – гэта адно, важна яшчэ захаваць усе тэхналагічныя працэсы, санітарныя нормы і патрабаванні. Ранак Вольгі Васільеўны пачынаецца са складання меню. У ім павінны быць улічаны усе акалічнасці – ад узросту дзяцей да колькасці калорый у стравах. Апошнія рыхтуюцца па зборніку рэцэптур. Працэс гатавання вельмі адказны, патрабуе дакладнасці і парадку. А вось у афармленні страў можна прымяніць усю сваю фантазію.
Кухня, як і Усход – справа тонкая! І адзін з сакрэтаў гатавання смачных страў – гэта настрой.
– Ля пліты нельга, каб у галаве былі нядобрыя думкі. Тады страва можа ўвогуле не атрымацца. Трэба, каб усё дрэннае за парогам кухні заставалася і дзецям перадаваўся толькі добры настрой, – гаворыць шэф-повар.
Добрая энергетыка смачных страў, калі школьнік пакідае сталоўку сыты і з добрым настроем, у многім уплывае, упэўнена Вольга Васільеўна, і на поспехі вучня на ўроку. Якое ж засвойванне ведаў на галодны страўнік? Вось і стараюцца повары школьнай сталовай садзейнічаць поспехам дзяцей сваімі смачнымі сняданкамі і абедамі.
Хоць кулінарыя ў нейкай ступені гэта мастацтва, але ж, збіраючыся ў каледж альбо ліцэй, каб набыць прафесію повара, зусім не абавязкова, лічыць Вольга Сцепанюк, шукаць у сабе кулінарны талент. Дастаткова проста любіць праводзіць час на кухні, з жаданнем гатаваць самыя простыя стравы. А ўсяму іншаму, калі ёсць схільнасць, можна навучыцца. Але тым, хто думае абраць такую прафесію, трэба ведаць, што яна ў першую чаргу патрабуе арганізаванасці, акуратнасці і абавязкова адказнасці, бо нават дома, калі рыхтуеш стравы на некалькі чалавек і нешта не атрымаецца, на душы непрыемна, а тут ацэнку даюць многія. Ды і ўвогуле гэта справа даволі цяжкая, бо ўвесь дзень трэба быць на нагах і многія працэсы, хоць цяпер работу аблегчылі спецыяльныя машыны, выконваць рукамі.
Многія жартуюць: перавага прафесіі повара ў тым, што ты ніколі не будзеш галодны.
Плюс набыцця гэтай спе­цыяльнасці яшчэ і ў тым, што нават калі не давядзецца ў будучым працаваць па ёй, у жыцці такія навыкі будуць карысныя, асабліва для жанчыны, якая проста абавязана ўмець смачна га­таваць. Сваю сям’ю Вольга Васільеўна любіць радаваць нечым смачненькім. Асабліва, калі дамоў прыязджаюць сын і дачка, якія цяпер студэнты. Яны вельмі любяць маміны піражкі, торты, заліўное.
…Да абеду, калі трэба накар­міць амаль 70 чалавек, яшчэ ёсць час. Але на кухні работа кіпіць на ўсю моц. На пліце варыцца суп, у духоўцы чакае свайго часу запечаная са смятанай і морквай рыба. Шэф-повар паглядае на гадзіннік. Трэба не прапусціць час і паспець згатаваць салату, каб адразу падаць яе на стол. Пакуль усё смажыцца-варыцца, можна пачынаць сервіраваць стол… І так кожны дзень. Але ці можа надакучыць тое, што падабаецца? Магчыма, спачатку, як прызнаецца Вольга Васільеўна, і былі сумненні ў тым, што выбрала не сваю справу. Бо адразу цяжка было прывыкаць да рытму прафесіі, ды і далёка не ўсё атрымлівалася. Але цяпер упэўнена – зрабіла правільны выбар. І яе добры настрой – тая “разыначка”, якую дабаўляе повар у кожную страву.
НА ЗДЫМКУ: шэф-повар Вольга Сцепанюк.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Ці ведаеце вы, што…

У Старажытнай Грэцыі было дзесяць муз, а ў Старажытным Рыме ўжо на адну больш. Дзясятая муза стала заступніцай поварскай справы, назвалі яе Кулінарыя.
У Германіі з 1921 года шэф-повар быў адным з чатырох самых важных фігур пры двары. У Францыі кулінарамі вышэйшых рангаў станавіліся толькі знатныя людзі.
Прафесійныя повары на Русі ўпершыню з’явіліся пры дварах, а затым ужо ў манастырскіх трапезных. Гатаванне ежы стала асобнай спецыяльнасцю толькі ў XI стагоддзі.
У Расіі першая кулінарная кніга “Поваренные записки” была складзена С. Друкаўцавым у 1779 годзе.
Заўжды насіць на рабоце белы каўпак кулінарам у XVIII стагоддзі загадаў англійскі кароль Георг II. З таго часу поварскі каўпак практычна не змяніўся, а патрабаванні насіць яго замацаваны ў санітарных нормах многіх краін свету.
Ва ўсім свеце распаўсюджана думка, што самыя лепшыя повары – гэта мужчыны. Некаторыя спецыялісты растлумачваюць гэта тым, што моцны пол больш грунтоўна ўнікае ў курс справы. Акрамя таго, навукова даказана, што ў жанчын тэмпература рук на два градусы вышэй, чым у мужчын.
Ганаровае званне самага багатага ў свеце повара часопіс Forbes прысудзіў брытанцу Гардону Рамзі. Яго маёмасць ацэньваецца ў 38 млн долараў. Зарабіць такія грошы яму ўдалося дзякуючы сетцы першакласных рэстаранаў.
У японскім рэстаране ў горадзе Нагойя працуе повар Fua-Men, і ён не чалавек, а робат. Яму дазваляюць не толькі мыць посуд і рэзаць гародніну, але і займацца гатаваннем комплексных абедаў. За змену ён здольны згатаваць абед на 80 персон.
20 кастрычніка адзначаецца прафесійны дзень повара, які быў заснаваны Кангрэсам сусветнай асацыяцыі кулінарных таварыстваў у 2004 годзе.

Опубликовано ГЧ № 11 от 8.02.17 г.

Поделиться:
  •  
  • 2
  •  
  •  
  •  
  •  

2 thoughts on “Смачны абед – добры настрой

  • 13.02.2017 в 7:04 дп
    Permalink

    Очень интересно! И есть информация для будущего поколения. Спасибо.

  • 14.02.2017 в 8:11 дп
    Permalink

    Очень приятно за добрую оценку. Надеюсь что и следующие выпуски будут для читателей интересны и полезны.

Добавить комментарий