На параўнальных прыкладах

Інфармацыйна-прапагандысцкая група № 2 райвыканкама пад кіраўніцтвам Пятра Губея сустрэлася ў мінулы чацвер з калектывам ААТ “Макраны”. Размова ішла пра развіццё эканомікі ў вобласці, раёне, макранскай гас­падарцы, у прыватнасці. Закраналі пытанні рэалізацыі дарожна-транспартнай палітыкі, добраўпарадкавання населеных пунктаў, прыгранічча і іншыя.

Інфармацыйна-прапагандысцкая група № 2 райвыканкама пад кіраўніцтвам Пятра Губея сустрэлася ў мінулы чацвер з калектывам ААТ “Макраны”. Размова ішла пра развіццё эканомікі ў вобласці, раёне, макранскай гас­падарцы, у прыватнасці. Закраналі пытанні рэалізацыі дарожна-транспартнай палітыкі, добраўпарадкавання населеных пунктаў, прыгранічча і іншыя.
Эканоміка – тая галіна, якая абавязана забяспечыць людзей жыллём, прадуктамі харчавання, іншымі са­цыяль­нымі дабротамі. Таму прысутным у зале цікава было даведацца, на якім узроўні ў параўнанні з іншымі знаходзіцца іх гаспадарка, пра што і паведаміў начальнік аддзела арганізацыйна-эканамічнага, прававога і кадравага забеспячэння райсельгасхарчу Анатоль Давыдовіч. Лічбы, якія ён прыводзіў у параўнанне, не радавалі вяскоўцаў. Гаспадарка па колькасці зямельных угоддзяў — адна з самых вялікіх у раёне, і бал зямлі не нізкі – 27,5, і сучасная ферма, пабудаваная з нуля, ёсць, а многія паказчыкі – адны з самых нізкіх. Скажам, тэмп росту вытворчасці валавой прадукцыі за 2016 год склаў 101%, у той час, як раённы паказчык – 111%, а ў асобных гаспадарках ён значна вышэйшы. Валавая вытворчасць малака — на 10% ніжэйшая да ўзроўню года папярэдняга. Надоена малака на карову – 4090 кілаграмаў (трэцяе месца знізу ў раённай зводцы), сярэднясутачныя прыбаўленні ў вазе – 404 г (другое месца знізу), ураджайнасць зерневых невысокая – 21,6 ц/га (па раёне — 29,4 ц/га). Ад рэалізацыі прадукцыі гаспадарка зарабіла на 14% менш, чым у 2015 г. Усяго толькі 8% малака прададзена гатункам “экстра”, 45 тон яго вернута назад. 1,5 млрд.рублёў недаатрымана з-за продажу малака нізкай якасці. Адпаведна і зарплата работнікаў ААТ “Макраны” адна з самых нізкіх – 369 тысяч рублёў (па раёне — 458 тысяч).
— Рэзервы ў вас ёсць, — звяртаўся да працаўнікоў Анатоль Мікалаевіч, адначасова пахваліўшы за нядрэнныя паказчыкі па рэалізацыі мяса, па валавой вытворчасці зерня. Летась, напрыклад, макранцы па гэтым паказчыку абышлі ДзП “Ра­дзежскае”, СВК “Дарапеевічы”, ААТ “Чырвоны партызан”. У параўнанне галоўны эканаміст аграрнай галіны раёна прыводзіў прыклады, на якія трэба раўняцца, і лічбы, да якіх макранцам трэба імкнуцца. Маларыцкі раён займае пятае месца ў вобласці па надоях малака ад каровы – летась атрымана 5523 кілаграмы, а СВК “Дарапеевічы” па гэтым паказчыку займае сёмае месца сярод гаспадарак вобласці. СУП “Савушкіна” ўваходзіць у дзясятку лепшых (9 месца) гаспадарак вобласці па сярэднясутачных прыбаўленняў у вазе жывёлы. І сярэдняя заработная плата ў гэтых гаспадарках за 2016 год склала адпаведна больш за 500 і 600 тысяч рублёў.
ААТ “Макраны” спрацавала летась са стратамі. Вядома, былі на гэта і аб’ек­тыўныя прычыны. Анатоль Мікалаевіч выказаў на­дзею, што сёлета справы павінны паправіцца, бо для гэтага ёсць рэзервы, а задачы перад гаспадаркай стаяць выканальныя.
На сустрэчы прысутнічалі і прадстаўнікі раённага ад­дзела ўнутраных спраў, пагранічнай службы, аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, старшыня Макранскага сельскага Савета. Завязаўся адкрыты дыялог, у час якога вяскоўцы высвятлялі ў членаў інфармацыйна-прапагандысцкай групы, у прыватнасці, куды ідуць сродкі транспартнага збору, якая частка іх застаецца ў мясцовым бюджэце, ці будуць рамантавацца дарогі, наконт дакументаў, што пацвярджаюць права на знаходжанне ў пагранічнай зоне і паласе, цікавіліся перспектывай рамонту Макранскага Дома культуры і інш. Такая актыўнасць мясцовых жыхароў сведчыла пра тое, што праблем у жыцці гэтага прыгранічнага населенага пункта яшчэ хапае. Як яны будуць вырашацца – пакажа час.
Ніна СВІЦЮК.

НА ЗДЫМКУ: у час Дня інфармавання ў ААТ “Макраны”.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано ГЧ № 15 от 22.02.17 г.

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!