Славянскі прыцэл на гандбол

У мінулыя выхадныя на базе Дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы раёна прайшоў ІІ міжнародны мужчынскі турнір па гандболе сярод аматарскіх каманд. Падчас урачыстага адкрыцця спаборніцтва да яго ўдзельнікаў са шчырымі словамі прывітання звярнуўся Вадзім Шпетны, намеснік старшыні райвыканкама.
— Гэтае мерапрыемства мае высакародныя мэты: наладжванне і ўмацаванне сяброўскіх сувязей паміж спартсменамі розных рэгіёнаў Беларусі і краін былога СССР, а таксама прапаганду здаровага ладу жыцця, — сказаў Вадзім Паўлавіч. — Перакананы, што сённяшняя сустрэча паспрыяе далейшаму развіццю гандбола ў нашым рэгіёне, папулярызацыі яго сярод насельніцтва.
…Дзяўчаты і хлопцы падносяць капітанам каманд хлебныя караваі. Апладысментамі віталі прысутныя таксама выступленне танцавальнага ансамбля “Ладалея” (Хаціслаўскі СДК, кіраўнік Алена Люльковіч). Пасля таго, як прагучалі Дзяржаўныя гімны Расіі, Украіны і Беларусі, пачаліся гульні.
Спаборніцтвы праходзілі ў 2 групах. У групе “А” гулялі каманды “Маларыта” (г.Маларыта), “Заходні рэгіён” (г.Брэст), “Маскоўскі дзяржаўны ўніверсітэт” (г.Масква), “Легіён ХХІ” (г.Кіеў, Украіна), у групе “Б” – “Тарнада” (г.Бровары, Украіна), “Дружына” (г.Мінск), “Слуцк” (г.Слуцк), “Алімп” (г.Гродна).
Наогул за два дні на турніры было згуляна 16 матчаў. За час спаборніцтваў маларыцкія аматары гандбола правялі 4 гульні, з іх – 1 выйгралі, 3 — прайгралі.Першымі на пляцоўку выйшлі каманды “Заходні рэгіён” і “Маларыта”. Гульня прайшла з адчувальнай перавагай маларыцкіх гандбалістаў, якія і святкавалі перамогу з лікам 14:21. У другім матчы з камандай “Маскоўскі дзяржаўны ўніверсітэт” нашы спартсмены прайгралі з лікам 9:19, з камандай “Легіён ХХІ” – таксама прайгралі з лікам 10:13. Па выніках гэтых праведзеных матчаў маларыцкія гандбалісты ў групе “А” занялі другое месца. За нашу каманду ігралі Андрэй Гарбацэвіч, Аляксандр Агаркаў, Віталій Струнец, Віктар Сезік, Сяргей Крупскі, Дзмітрый Піліпёнак, Станіслаў Семянюк, Аляксандр Захожы, Васіль Ляўчук, Арцём Дулуб, Павел Рачкоўскі, Юрый Бурштын. За ІІІ-ІV месца ў выніковай турнірнай табліцы нашы гандбалісты правялі гульню з камандай “Дружына”, якая ў групе “Б” таксама заняла другое месца. Матч закончыўся з лікам 18:22 на карысць гандбалістаў з Мінска. У фінале ж турніру сустракаліся мацнейшыя каманды — “Маскоўскі дзяржаўны ўніверсітэт” і “Тарнада”. Ва ўпартай барацьбе з лікам 11:17 першае месца на спаборніцтвах занялі масквічы.

Вадзім Шпетны, намеснік старшыні рай­выканкама, пераможцаў узнагародзіў кубкамі і дыпломамі.

Акрамя таго, па выніках турніру былі вызначаны лепшы лінейны, лепшы варатар, абаронца, левы і правы крайні, бамбардзір, разыгрываючы, левы і правы паўсярэдні.
Наш Дзмітрый Піліпёнак атрымаў званне “Лепшы варатар турніру”. Узнагароды намінантам таксама ўручаў Вадзім Шпетны.
— Прымаць удзельнікаў міжнародных спаборніцтваў па гандболе сярод мужчынскіх аматарскіх каманд – для нашага горада вялікі гонар і адказнасць, — гаворыць Мікалай Бойка, дырэктар ДЮСШ. — Мы імкнуліся стварыць для спартсменаў усе неабходныя ўмовы і для адпачынку, і для выніковай гульні. Мерапрыемства, перакананы, атрымалася запамінальным і відовішчным.
Удзельнікі турніру выказваюць падзяку Маларыцкаму райвыканкаму, кіраўніцтву і калектыву Дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы Маларыцкага раёна за добрую ар­га­нізацыю мерапрыемства і цёплы прыём.
Пра высокі ўзровень мерапрыемства сведчыць і той факт, што ўдзел у ім прымалі вядомыя спартсмены. Напрыклад, спецыяльна ў Маларыту прыехаў сустрэцца з гандбалістамі Міхаіл Якімовіч, алімпійскі чэмпіён (1992), сярэбраны прызёр чэмпіянату свету (1990), заслужаны майстар спорту СССР (1992), уладальнік Кубка еўрапейскіх чэмпіёнаў у складзе клуба СКА (Мінск) (1987, 1989, 1990) і іспанскіх клубаў “Тэка Кантабрыя» (1994) і “Сан-Антоніа” (2001). За каманду “Легіён ХХІ” іграў Генадзій Дзіхцяр, майстар спорту СССР па гандболе, за “Заходні рэгіён” – Юрый Карпук, майстар спорту СССР міжнароднага класа па гандболе, чэмпіён свету сярод моладзі (1989) у складзе зборнай СССР, двухразовы пераможца Кубка Еўрапейскіх чэмпіёнаў у складзе каманды “СКА-Мінск” (1989, 1990), трохразовы чэмпіён СССР у складзе каманды “СКА” (Мінск), за “Маскоўскі дзяржаўны ўніверсітэт” – Васіль Філіпаў, майстар спорту міжнароднага класа па гандболе, і Ягор Еўдакімаў, майстар спорту міжнароднага класа па гандболе, і інш.
Мікалай НАВУМЧЫК.

На здымкУ: у час турніру.
Фота аўтара.

Опубликовано ГЧ № 16 от 25.02.17 г.

Поделиться:
  •  
  • 2
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!