На фартэпіяннай вышыні

Маргарыта Рэян­товіч – настаўнік па класе фартэпіяна Маларыцкай дзіцячай школы мастацтваў. Вось ужо 10 гадоў яна перадае свае ве­ды і ўменні вучням, развівае іх творчыя здольнасці, далучае да чароўнага свету музыкі, вучыць чуць, разумець і захапляцца ёю. Маргарыта Сяргееўна – чалавек творчы, ініцыятыўны, шчы­ры. Для яе характэрны майстэрства і любоў да музыкі, няспынны творчы пошук, старанне і прафесіяналізм. Таму і не дзіўна, што ў скарбонцы дасягненняў яе вучняў ужо больш за 50 дыпломаў, грамат, спе­цыяльных прызоў, атрыманых на творчых спаборніцтвах абласнога, рэспубліканскага і міжнароднага ўзроў­няў.З перамогай нядаўна вярнуліся тры вучаніцы Маргарыты Сяргееўны з ХІ міжнароднага фестывалю дзіцячай і юнацкай творчасці “Мы разам”. Творчае спаборніцтва, заснавальнікамі якога выступілі Брэсцкі абласны цэнтр маладзёжнай творчасці і ТДА “Інтурсервіс”, праводзілася пры афіцыйнай падтрымцы ўпраўлення адукацыі, а таксама ўпраўлення па фізічнай культуры, спорту і турызму Брэсцкага абласнога выканаўчага камітэта. Маргарыта Федарук па выніках фестывалю ў намінацыі “Інструментальная музыка” (сола, малодшая група) узнагароджана дыпломам лаўрэата І ступені за віртуознае выкананне на фарпэпіяна двух рознапланавых твораў ”Забаўлянкі” і “Рускія перазвоны”. Фартэпіянны ансамбль “Сугучча” ў складзе Маргарыты Федарук і Лізаветы Піліпук у намінацыі “Інструментальная музыка” (дуэт, малодшая група) атрымаў дыплом лаўрэата ІІ ступені за выкананне музычных твораў “Закінуты дом” і “Пішучая машынка”. Яшчэ адна ўдзельніца творчага спаборніцтва – Кацярына Бурштын – узнагароджана дыпломам лаўрэата ІІІ ступені ў намінацыі “Інструментальная музыка” (сола, малодшая група). На суд прафесійнага журы яна прадставіла выкананне двух твораў на фартэпіяна: “Пастараль” і “Аўтадром”.Творчае спаборніцтва закончылася. Аднак Маргарыта Рэянтовіч, як і яе вучні, разумее, што, каб і далей пісаць старонкі творчых поспехаў і дасягненняў, каб уздымацца да вяршынь прафесійнай дасканаласці і майстэрства, каб спазнаць таямніцы чорна-белых клавішаў, неабходна карпатлівая і штодзённая напружаная праца. Гэта выдатна рузумеюць Маргарыта Федарук, Лізавета Піліпук, Кацярына Бурштын і іншыя вучні Маргарыты Сяргееўны.

Мікалай НАВУМЧЫК.

На здымку: Маргарыта Рэянтовіч са сваімі вучаніцамі — Маргарытай Федарук, Лізаветай Піліпук і Кацярынай Бурштын.
Фота аўтара.

Опубликовано ГЧ № 17 от 1.03.17 г.

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!