…І свой сямейны відэаканал
“Мы – шматдзетная сям’я Варабей, жывем у Беларусі, у невялікім маляўнічым горадзе Маларыта. У нас пяцёра дзетак: трое сыночкаў – Сярожа, Яўген і Ціхан і дзве дачушкі – Ганна і Іванка”, – такім прывітаннем сустракае сям’я Алены і Васіля Варабей гасцей і падпісчыкаў свайго ютуб-канала.
Калі хто не ведае, ютуб (youtube.com) – гэта інтэрнэт-платформа, на якой захоўваюцца відэаматэрыялы з усяго свету. На ім кожны чалавек можа адкрыць свой канал і дзяліцца цікавымі і карыснымі відэаролікамі. Запісваць відэа аб жыцці сваёй сям’і, вандраваннях, захапленнях, выхаванні і развіцці дзяцей, парады для гаспадынь і заўзятых дачнікаў і выкладваць іх у інтэрнэт Алена Варабей пачала амаль год таму. З гэтага часу на канал сям’і Варабей падпісалася ўжо 1500 чалавек, некаторыя відэаролікі набралі па 30-50 тысяч праглядаў.
Цяпер на канале сям’і Варабей вы знойдзеце каля 130 аўтарскіх відэаролікаў. Сярод іх – сюжэты пра гатаванне дамашніх страў, майстар-класы па вырабу прыгожых рэчаў з падручных матэрыялаў сваімі рукамі. А таксама ролікі пра дачнае жыццё, добраўпарадкаванне і вырошчванне ўраджаю, выхаванне і развіццё дзяцей (а ў гэтым бацькам вопыту не пазычаць). Сям’я расказвае пра самыя цікавыя моманты з жыцця, пра свае экскурсіі і вандраванні.
Але не толькі відэабло-гінг цікавіць гаспадыню сям’і. Ён, можна сказаць, падвынікоўвае ўсе цікавыя для яе захапленні. А іх нямала, нягледзячы на тое, што на выхаванне пяцярых не дарослых яшчэ дзяцей патрэбна шмат часу і сіл. З маленства Алену цікавілі рэчы, якія можна зрабіць сваімі рукамі. Яшчэ ў школьныя гады яна шыла дэкаратыўныя падушкі. Зразумеўшы, што для таго, каб зрабіць прыгожую рэч, патрэбна толькі фантазія, жаданне і абрэзкі тканіны, паперы ці іншыя матэрыялы, якія ёсць пад рукой, Алена больш не развітвалася з творчасцю. Хоць некалькі хвілін, нават у самы цяжкі дзень, выдзяляе на справу для душы. Рабіць нешта рукамі – сапраўдная асалода для шматдзетнай маці. Калі дзеці кладуцца спаць ці ёсць свабодная гадзіна – з’яўляецца магчымасць ствараць.
Спрабуе Алена Варабей свае сілы ў розных дэкаратыўна-прыкладных накірунках. У яе творчым партфоліа шмат розных вырабаў, але дома яны не затрымліваюцца. Вынікі сваёй творчасці жанчына дорыць сваякам і сябрам. Дачушкам, якім цяпер 7 і 4 гады, падабаецца, што мама захапляецца ўпрыгажэннямі ручной працы. Банты са стужак Канзашы, заколкі з кветкамі з падкладачнай тканіны, абручы-кароны, абручы-капялюшыкі ёсць у іх “жаночай скарбонцы”.
– Ні для каго не сакрэт, што матэрыялы для творчасці каштуюць не танна. Таму я шукаю аналагі, якія маюць не горшы выгляд, але не так б’юць па кашальку. Напрыклад ,стужкі Канзашы замяняю падкладачнай тканінай. З яе тыя ж ружы выглядаюць больш аб’ёмнымі. Фетр для вырабу мяккіх цацак замяняю сурвэткамі для прыбірання. Калі не ведаць, як выглядае фетр, можна і не адрозніць два гэтыя матэрыялы, – дзеліцца творчымі сакрэтамі Алена Варабей.
Нават непрыдатныя матэрыялы ў руках жанчыны набываюць другое жыццё. У хатнім ужытку сям’і – пуфікі з пластыкавых бутэлек, камоды і шафы з картону, ёсць нават дэкаратыўны камін. Матэрыялам для творчасці становяцца коркі, камяні, запальніцы. Важная частка творчага працэсу – навучанне. Цяпер у інтэрнэце можна знайсці шмат карыснай інфармацыі. Натхніўшыся ёй, майстрыха і сама пачала здымаць майстар-класы, каб яшчэ большая колькасць людзей змагла сваімі рукамі ствараць прыгожыя сувеніры, карысныя для быту і сям’і рэчы. Для відэаблога, як адзначае жанчына, не патрэбна дарагая відэакамера, самай простай дастаткова. Галоўная ўмова – даступна паказваць на сваім прыкладзе працэс стварэння, да прыкладу, банта для выпіскі з радзільнага дома, тлумачыць усе дробязі. Тады і відэа атрымае добрыя водгукі.
Алене Віктараўне падабаецца кожны раз ствараць нешта новае, таму на нейкім адным творчым накірунку спыняцца яна не жадае.
– Ідэі прыходзяць спантанна. Пабачыш недзе цікавую рэч, і хочацца зрабіць нешта арыгінальнае, сваё. Прастора для творчасці неабмежаваная, цяпер вось шыю цацку ”прызнанне ў каханні”, з такой і прапанову “рукі і сэрца” можна цікава зрабіць. А спецыяльна да вашага візіту зрабіла “Дрэва шчасця” – тапіарый. Да трох гадзін ночы працавала над ім. На самой справе, настолькі пагружаюся ў работу, што час ляціць непрыкметна.
Галава сям’і Васіль Варабей падтрымлівае сваю жонку ў яе захапленні. Калі патрэбна яго дапамога, ніколі не адмовіць, наадварот параіць нешта. Далучаюцца да творчага працэсу і старэйшыя дзеці, а малодшыя, Ціхан і Іванна, пакуль самі патрабуюць больш увагі. Але дзеці, на думку шматдзетнай маці, ніколі не становяцца перашкодай для самаразвіцця. Гледзячы на іх, жанчыне наадварот хочацца ствараць нешта новае, фантазіраваць. Так, замест шкляных і пластыкавых цацак на ёлку Алена вырашыла зрабіць цацкі з тканіны, якія бяспечныя для дзяцей і выглядаюць вельмі арыгінальна.
У сям’і Варабей ёсць яшчэ адно на ўсіх захапленне – добраўпарадкаванне свайго дачнага ўчастка. Тут яны і адпачываюць, і працуюць: вырошчваюць гародніну, кветкі. Алене больш за ўсё падабаюцца лілеі, іх на дачы высаджана нямала. На ўчастку знаходзяць прымяненне і творчыя здольнасці гаспадароў. Разам з садовымі дрэвамі “растуць” і дрэвы з пластыкавых бутэлек. Дарожкі выкладзены каменнем, у доме размясцілася карціна з коркаў. А вырашчаная гародніна затым трапляе ў відэасюжэты Алены па нарыхтоўцы на зіму кансерваванай прадукцыі.
Ці трансфармуюцца творчыя захапленні ў будучым у рамесніцкую справу, каб можна было яшчэ і прадаваць свае вырабы, Алена пакуль не думала. Але ідэй і напрацовак, якія майстрыха жадае ўвасобіць у жыццё, шмат. Напрыклад, рабіць мяккія імянныя літары, заняцца дэкупажам і многае іншае.
Дар’я ПАЎЛЯНКОВА.
На здымку: некаторыя творчыя работы Алены Варабей.
Фота аўтара.
Опубликовано Гч № 17 от 1.03.17 г.