Загартаваная лютым ветрам жыцця

Валянціна Кузьмінічна Белавусава прывыкла да цішыні. Трое дзяцей, якіх выгадавала яна годнымі людзьмі, хоць ніколі не забываюць пра маці, тэлефануюць, але ж прыехаць могуць зрэдку. Мікалаю з Масквы і Святлане з Магілёва дадому шлях няблізкі. Толькі Яўген, які жыве ў Брэсце, у матчынай хаце бывае часцей. І калі ў дзень яе 90-годдзя ў дом да Валянціны Кузьмінічны завіталі не толькі самыя блізкія – дачка з зяцем і сын, але і госці з тэрытарыяльнага Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, юбілярка проста свяцілася ад радасці. Ёй хацелася кожнаму сказаць шчырае дзякуй за ўвагу, за падарункі, за цёплыя словы і добрыя пажаданні. Яны для сціплай пажылой жанчыны, якая пабачыла і перажыла многае, былі эліксірам на раны душы…
Напачатку лютага 1927 года Валянціна Белавусава з’явілася на свет. Сцюжы і завеі, якія ўласцівы гэтаму зімняму месяцу, іншаму здаюцца лютымі, толькі не ёй – чалавеку, які прайшоў праз лютую жорсткасць фашысцкага лагера, зведаў і цяжкую працу, і голад, і здзекі.
Тады на дварэ быў таксама люты, толькі ўжо 1943 года. 16-гадовую Валянціну з Арлоўскай вобласці, дзе дзяўчына жыла, немцы на таварным эшалоне прывезлі ў Берлін.
— Маладых, такіх, як я, было шмат. Усіх паставілі ў рад і пачалі выбіраць, хто больш моцны. Іх забралі працаваць на фабрыкі. А нас, кволых, пакінулі ў лагеры, як чорнарабочых для расчысткі горада пасля бамбёжак, – успамінае Валянціна Кузьмінічна.
Пра два гады, перажытыя за калючым дротам, рас­казваць былому вязню было вельмі цяжка.На работу вадзілі, як рабоў, ахоўваючы аўчаркамі, кармілі поліўкамі з бруквы ды нават і гэтай ежы давалі мала, хацелася, каб лінулі хоць крыху больш, бо ад голаду сіл працаваць не хапала, Яе хваляванне выдавалі рукі, якія ўсё папраўлялі пасівелыя ад гадоў і пакут ва­ласы, і голас, што час ад часу зрываўся амаль што ў плач. Але пажылая жанчына стрымлівала сябе. Бо без гэтых успамінаў, разумела яна, малюнак яе біяграфіі будзе з вялікай белай плямай.
Калі паміралі такія ж, як яна, вязні лагера, не спадзявалася ўжо Валянціна Кузьмінічна, што вытрымае пакуты, застанецца жывой, дачакаецца вызвалення. Але яно ўсё ж прыйшло ў маі 1945-га. Валянціна вярнулася дамоў. Ды лёсам было наканавана ёй зноў пакінуць свае родныя мясціны і знайсці новую маленькую радзіму на Маларытчыне. Тут і прайшлі лепшыя гады жыцця – у сямейных радасцях, у працы, а працоўная біяграфія Валянціны Кузьмінічны звязана з аддзелам адукацыі. Выраслі дзеці. Раз’ехаліся хто куды. А 20 гадоў назад не стала і мужа. Для Валянціны Кузьмінічны цяпер адзіная радасць – сустракаць у доме дзяцей, унукаў, праўнукаў. А юбілей — якраз добрая нагода сабрацца ўсім разам.
Святлана МАКСІМУК.
НА ЗДЫМКУ: з 90-гадовым юбілеем маларытчанку Валян­ціну Белавусаву віншуюць работнікі тэрытарыяльнага Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.

Опубликовано ГЧ № 17 от 1.03.17 г.

Поделиться:
  •  
  • 9
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!