Малады ўчастковы

Алег Чырук, лейтэнант міліцыі, — участковы інспектар Велікарыцкага сельсавета. Цяпер ён абслугоўвае 12 населеных пунктаў, а таксама ўсе аб’екты чыгуначнага транспарту, якія знаходзяцца на адміністрацыйнай тэрыторыі, станцыі і пункты прыпынку, тры садовыя таварыствы… Алег Алегавіч паспеў заваяваць аўтарытэт, хоць працуе нядаўна. Кіраўніцтва райаддзела міліцыі характарызуе Алега Чырука як адказнага і дысцыплінаванага супрацоўніка. Сярод калег яго выдзяляюць такія якасці характару, як добрасумленнасць, старанне, настойлівасць, абавязковасць, надзейнасць, дысцыплінаванасць…

У дзяцінстве Алег Чырук нават і не думаў аб тым, што сваё жыццё можа звязаць з праваахоўнымі органамі. Юнак марыў паступіць вучыцца ў Мінскі медыцынскі ўніверсітэт. Ён хацеў стаць урачом-тэрапеўтам. А яшчэ марыў служыць ва Узброеных Сілах.
-Аднак у 11 класе перад Новым годам я, вучань Макранскай школы, прымаю рашэнне звязаць сваё далейшае жыццё са службай у органах унутраных спраў, — гаворыць Алег Алегавіч. – Гэта асабісты выбар.
Алег Чырук рос без бацькі. Маці, Таццяна Васільеўна, сама выхоўвала траіх дзяцей. Юнак добра разумеў, што ёй самой цяжка будзе ўсіх падняць на ногі, даць добрую адукацыю. А ў Акадэміі Міністэрства ўнутраных спраў — поўнае дзяржаўнае забеспячэнне на перыяд навучання… Гэта, напэўна, і стала адной з галоўных прычын выбару самастойнага жыццёвага шляху.
Пасля заканчэння ВНУ на першае месца працы Алег Чырук прыехаў у Маларыцкі райаддзел міліцыі, дзе і быў назначаны на пасаду ўчастковага.
-Участковая служба — гэта свое­асаб­лівы пункт для прафілактыкі пра­ва­парушэнняў і зла­чынстваў, бо ніхто не ведае столькі аб мясцовых жыхарах і апошніх здарэннях, як участковы ін­спектар міліцыі, — кажа Дзяніс Лебедзеў, намеснік начальніка рай­аддзела мі­ліцыі па ідэа­лагічнай рабоце і кадравым забеспячэнні. – Службовыя абавязкі ўчаст­ковага прадугледж­ваюць непа­срэд­ную і штодзённую працу з жыхарамі ўчастка. Міліцыянеру часта даводзіцца адначасова быць у адной асобе следчым, аператыўнікам, дазнаўцам, экспертам, патрульным паставым, псіхолагам… Стаць участковым інспектарам міліцыі не складана, больш цяжка даказаць сваю пра­фесійную адпаведнасць. Між іншым, пры адборы на службу ўчастковым прымаюцца да ўвагі не толькі стан здароўя, адукацыя, але і маральныя, валявыя якасці, вернасць службоваму абавязку і закону, чулыя і ўважлівыя адносіны да людзей.
-Участковых інспектараў мі­лі­цыі жартоўна называюць універ­сальнымі вартавымі парадку, — гаворыць Алег Чырук. – Яны заўсёды ва ўсіх на вачах. Участковых усе ведаюць, ды і яны знаёмы з кожным. Участковы інспектар — першы памочнік і абаронца грамадзян на даручанай яму тэрыторыі. Гэта толькі знешне праца ўчастковага здаецца будзённай і аднатыпнай. Ад яго ў значнай ступені залежаць захаванне парадку, бяспекі і спакою на замацаванай адміністрацыйнай тэрыторыі. Аператыўна ад­рэагаваць на ўсё, што адбываецца на ўчастку, значыць, папярэдзіць узнікненне новых злачынстваў, супра­цьпраўных дзеянняў.
За няпоўны год работы ўчаст­ковым інспектарам зразумеў, што тут не можа быць фармальнага падыходу да службовых абавязкаў.
— Алег Алегавіч, напэўна, не заўсёды ўсё ідзе так, як хацелася б, у маладога ўчастковага. Нярэдка бывае, калі неабходна кансультацыя па тым ці іншым пытанні. Хто дапамагае ў такіх выпадках?
-Калі і ўзнікаюць нейкія “праблемныя” моманты, то за парадай, падказкай звяртаюся да калег, свайго кіраўніцтва і заўсёды знаходжу разуменне, падтрымку. Менавіта ў іх вучуся, пераймаю багаты вопыт і прафесійнае майстэрства.
Мікалай НАВУМЧЫК.На здымку: Алег Чырук, участковы інспектар Велікарыцкага сельсавета.

Опубликовано ГЧ № 18 от 4.03.17г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!