Эмоцыі рыфмуюцца ў вершы

“Наши судьбы прошиты дождём”… Гэты прыгожы і глыбокі па свайму сэнсу радок з верша Таццяны Ефлаковай настройвае на рамантычную хвалю. Адразу ў думках усплываюць вобраз дарагога чалавека (а такі ёсць у кожнага), які падораны лёсам за гады чакання, тысячы расчараванняў, перажытыя няўдачы. Гэтая фраза і стала назвай першага зборніка маладой паэтэсы Таццяны Ефлаковай, якая ўжо сёмы год жыве на Маларытчыне. У яго ўвайшлі больш за 50 вершаў аб каханні ў самым шырокім разуменні гэтага слова, простых жыццёвых радасцях, маральных каштоўнасцях. Гэта шчырыя, адкрытыя рыфмаваныя гісторыі, у якіх адлюстроўваюцца пачуцці, эмоцыі і думкі аўтара.

Родам Таццяна Ефлакова з Камянеччыны. Вучылася яна ў звычайнай вясковай школе. Прыхільнасць да паэзіі праявілася ўжо ў школе. Першыя свае вершы Таццяна прысвячала сябрам, аднакласнікам. Але філолагам яна сябе не бачыла. Ёй больш падабалася хімія. Яна настолькі захапіла на той час ужо студэнтку Брэсцкага дзяр­жаў­нага ўніверсітэта імя А. С. Пушкіна, што на паэзію ў вучэбным працэсе не хапала ні сіл, ні часу. За “пяро” Таццяна зноў узялася толькі ў Маларыце (у наш раён яна прыехала пасля ўніверсітэта па размеркаванні), калі ў яе нарадзілася першая дачка. Ночы без сну, як гэта часта бывае з маленькімі дзецьмі, далі штуршок для творчасці.
— Пад падушкай у мяне ляжаў блакнот. Калі прачыналася, пісала, бывала, скрозь сон прыдумвала нейкія радкі і запісвала іх амаль што на- вобмацак. У зборнік “Наши судьбы прошиты дождём” і ўвайшлі самыя раннія мае вершы. Некаторыя з іх пра мяне і маіх блізкіх, у аснову іншых леглі гісторыі знаёмых людзей, якія мяне закранулі. Гэта эпізоды, якія ці былі, ці маглі быць у жыцці, прычым не-абавязкова ў маім. Мне часта даводзіцца прасіць знаёмых, каб яны не праецыравалі ўсе вершы на маё жыццё. За 6 гадоў напісана больш за 200 вершаў, а яшчэ і апавяданні. У маім жыцці проста не зной­дзецца столькі падзей, пра якія напісана ў маіх творах, — дзеліцца паэтэса.
Па некаторых вершах знаёмыя Таццяны лёгка адгадаюць, што гэта гісторыі з яе жыцця. Ёсць сярод іх сакральныя, у якіх адкрываецца яе жаночая душа. Іх асабліва цяжка было аддаваць у друк. Першыя вершы аўтар зборніка адкрывала толькі свайму мужу. Ён даваў ім незалежную ацэнку. Менавіта муж і пераканаў Таццяну, што яе вершы па­вінны ўбачыць свет, гучаць з газетных старонак, выклікаць у людзей эмоцыі, усё, што пажадана, толькі не “маўчаць” у шафе.
— Першыя вершы з’явіліся ў газеце “Голас часу”. Памятаю, як перажывала з гэтай нагоды, бо надрукаваць верш, гэта значыць упусціць чытачоў у сваю душу. Ужо пяць гадоў мае творы друкуюцца не толькі ў нашай “раёнцы”, але і ў газетах “Заря”, “Навіны Камянеччыны”. Таму эмацыянальна я падрыхтавалася да выхаду зборніка. Дарэчы, сабраны ўжо вершы яшчэ для двух зборнікаў. Другі — “Самым близким по секрету”, напрыклад, будзе прысвечаны дзецям. Магчыма, пазней выйдзе і зборнік маіх апавяданняў.
Таццяна шмат піша пра дзяцей і для дзяцей. Мацярынства, зразумела, змяняе светаўспрыманне жанчыны, параджае ў ёй новыя думкі. Гэта можа заўважыць чытач і ў радках Таццяны. Натхняюць на дзіцячую паэзію, зразумела, дачушкі. Бывае і так, што першы радок агучыць нехта з дзяўчынак, а матуля працягвае яго. Такія вершы, як расказвае паэтка, пішуцца ў адно імгненне. Але бываюць у яе і такія творы, на напісанне якіх ідзе шмат часу. На якую б тэму ні выказвалася Таццяна, вершы яна прапускае праз сваю душу. Тады нават надуманыя гісторыі набываюць рэалістычнасць, праўдзівасць.
— Вершы добра пішуцца ў трох станах: калі табе вельмі добра ці зусім дрэнна, альбо калі нешта хочацца сказаць людзям, а вершы — ідэальны для гэтага сродак. Нагодай напісаць верш становяцца розныя сітуацыі ці сустрэчы з людзьмі. А таксама сям’я, падзеі, якія адбываюцца вакол мяне. У маёй групе ў сацыяльнай сетцы “УКантакце” ёсць такі заклік “Пазнай сябе ў адным з радкоў”. І ведаеце, многія людзі пішуць, што да іх жыцця можна прымяніць нават не адзін радок, а цэлы верш. Гэта вельмі стымулюе далей пісаць для людзей. Як і добрыя водгукі аб творчасці нават незнаёмых людзей.
Захапленне паэзіяй, якое нечакана вярнулася да Таццяны 6 гадоў таму, цяпер стала неад’емнай часткай яе жыцця.
Вось як у прадмове да збор­ніка гаворыць аб унутраным закліку пісаць сама паэтэса: «А ведаеце, часам так хочацца выгнаць гэтыя рыфмаваныя радкі з галавы… Толькі нагадвае мне гэта тапельца: ты быццам і ўмееш плыць, і атрымліваецца гэта часам нядрэнна, але сіл не застаецца на барацьбу з патокам — патанаеш… І ў нейкі момант, магчыма, апошні, раптам узнікае такое жаданне перамагчы абставіны, што, сабраўшы ўсю волю ў кулак, ты зноў працягваеш плыць…»
Умоўна першы свой збор­нік Таццяна падзяляе на дзве часткі – гэта, як ужо было сказана, першая яе спроба пяра, а таксама філасофскія вершы. А вось вершаў аб прыродзе ці надвор’і вы не сустрэнеце ні ў гэтым зборніку, ні ў наступных. Таццяну не цікавяць тыя сюжэты, дзе няма сапраўдных пачуццяў і перажыванняў. Любімым вершам са свайго зборніка паэтэса называе той, што тоіцца на самым яго “дне”, на апошняй старонцы – “Я ухожу ”. Прачытаўшы яго, адразу разумееш, што толькі моцныя эмоцыі могуць так горача маляваць карціну ўзаемаадносін дваіх людзей.
Дар’я ПАЎЛЯНКОВА.
На здымку: свой першы зборнік “Наши судьбы прошиты дождём” прэзентуе Таццяна Ефлакова.
Фота аўтара.

Опубликовано ГЧ № 19 от 7.03.17 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Эмоцыі рыфмуюцца ў вершы: 4 комментария

  • 14.03.2017 в 10:06 пп
    Permalink

    Одна не точность Татьяна не по распределению попала в Малориту а вышла замуж в Малориту еще будучи студенкой за Ефлакова Валентина

  • 18.03.2017 в 1:40 пп
    Permalink

    Все факты в статье достоверны. А Вы, уважаемая однофамилица, не вмешивайтесь, пожалуйста, в чужую жизнь!

  • 19.03.2017 в 12:48 дп
    Permalink

    Я не однофамилица а приятель Вашего мужа читаю статью и вижу одну не точность решил подсказать автору может быть это ошибка а Вы так категорично и грубо . Ваша жизнь мне не нужна но до распределения Вы уже два года были замужем в Малорите это правда .

  • 19.03.2017 в 8:29 дп
    Permalink

    Я два года жила с мужем в Бресте! А по распределению приехала работать в Черняны.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.