Маладыя душой

Маларыцкі раённы савет ветэранаў, які аб’ядноўвае лю­дзей мудрых, з багатым жыццёвым вопытам, адзначыў 30-годдзе. На ўрачыстую “сустрэчу пакаленняў” з нагоды юбілею сабраліся актывісты арганізацыі і шматлікія гос­ці.
Трыццаць гадоў – па ўсіх мерках узрост даволі малады. Але арганізацыя, як адзначала ў прывітальным выступленні намеснік стар­­шыні раённага савета ве­тэранаў Соф’я Якубчык, мае ўжо сваю багатую гісторыю. І яна складаецца не толькі з розных цікавых падзей, якіх за тры дзесяцігоддзі адбылося нямала, але і з біяграфій людзей, якія застаюцца на перадавой у справах патрыятычнага выхавання моладзі, захавання гісторыі мінулага сваёй маленькай радзімы. 25 гадоў ветэранаў раёна аб’ядноўваў актыўны, ініцыятыўны, неабыякавы па сваім характары чалавек, ветэран Вялікай Айчыннай вайны Васіль Піліпавіч Маркаў. За гэты час былі сабраны матэрыялы для кніг “Памяць. Маларыцкі раён” і “Апаленыя вайной”, папаўняліся новымі экспанатамі і даку­ментамі музеі баявой славы, праводзілася работа па ўвекавечванні памяці загі­нуўшых, было наладжана цеснае супрацоўніцтва з навучальнымі ўста­новамі раёна, іншымі аргані­зацыямі.Пяць гадоў назад савет ветэранаў узначаліў Уладзімір Андрэевіч Бойка. Працягваючы добрыя традыцыі захавання памяці аб баявым мінулым і ўдзелу ў патрыятычным выхаванні моладзі, новы кіраўнік актывізаваў работу з ветэранамі працы. Усе добрыя справы савета ўвойдуць у летапіс гісторыі арганізацыі, напісанне якога пачалося ўжо.

Самыя розныя мерапрыемствы – урокі мужнасці, вечары памяці, паездкі, акцыі, у якіх абавязкова прымаюць удзел ветэраны, і ёсць тая вялікая работа, якая праводзіцца для выхавання маладога пакалення. На гэтым засяродзіла ўвагу ў сваім выступленні госць юбілейнай сустрэчы — намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Валянціна Жалнерык. Жывое слова ветэранаў, тых мудрых людзей, хто змагаўся за мірную будучыню, хто ўсё жыццё сумленна і старанна працаваў – гэта вельмі важная складаемая ў патрыятычным выхаванні.
На працягу многіх гадоў раённы савет ветэранаў цесна супрацоўнічае з калектывам тэрытарыяльнага Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Аб тым, якую ролю адыгрываюць ветэраны ў насычэнні цікавым зместам многіх мерапрыемстваў Цэнтра, і тым, як дапамагае клуб для пажылых людзей “Незгасальны агеньчык” разнастаіць будні ветэранаў, распавяла загадчыца ад­дзялення сацыяльнай адаптацыі і рэабілітацыі Цэнтра Таццяна Сацюк.
Пасля заканчэння працоў­най дзейнасці з выхадам на пенсію, як адзначала яна, амаль кожны чалавек адчувае спусташэнне. За­поўніць яго дапамагаюць новыя захапленні. Сустрэчы ў клубе для пажылых лю­дзей, навучанне азам работы на камп’ютары, цікавыя мерапрыемствы, удзел у акцыях і майстар-класах – усё гэта дапамагае вярнуць цікавасць да жыцця, зразумець, што на пенсіі жыццё набывае новы сэнс. Удзельнікі юбілейнай сустрэчы змаглі пазнаёміцца з прэзентацыяй работы клуба “Незгасальны агеньчык”, дзе на слайдах многія з ветэранаў пазналі сябе.
Не выпадкова госцем юбілейнай сустрэчы стала і старшыня раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі фонд міру” Людміла Бурштын. Нярэдка прадстаўнікі грамадскіх арганізацый выступаюць партнёрамі ў правядзенні розных мерапрыемстваў. Вопытным заслужаным людзям, у кожнага з якіх было, а ў некаторых застаецца, сваё поле дзейнасці, яна дзякавала за актыўнасць, а ветэранам вайны – за спакойнае мірнае жыццё, дзеля якога яны цярпелі пакуты. Ад грамадскага аб’яднання многія ўдзельнікі святочнай сустрэчы атрымалі падарункі і кветкі.
Кожны з ветэранаў працы – часцінка асобнага калектыву. У час працоўнай дзейнасці кожны меў непасрэднае дачыненне да прафсаюзнай арганізацыі. А таму ўсім было цікава даведацца з расказа старшыні раённага аб’яднання прафсаюзаў Сяргея Строка аб сённяшнім жыцці прафсаюзаў.
Любы юбілей – гэта нагода ўспомніць мінулае. Пра тых людзей, з кім некалі даводзілася працаваць на Маларытчыне, аб тых падзеях, якія засталіся ў далёкай гісторыі, шчыра ўспаміналі госці – прадстаўнікі абласнога савета ветэранаў – Аляксей Мікалаевіч Кот і Мікалай Мікалаевіч Ні­кан­чук. За актыўную дзей­­насць ад абласной арганізацыі яны ўручылі ўзнагароды старшыні раённай арганізацыі былых вязняў фашызму Аляксею Крываблоцкаму і кіраўніку музея Мельніцкай школы Пятру Ківачуку.
Павіншаваць раённую арганізацыю ветэранаў з юбілеем прыйшоў на сустрэчу намеснік старшыні райвыканкама Вадзім Шпетны. Гісторыя захоўваецца праз жыцці і лёсы людзей. Кожны з ветэранаў вайны і працы ствараў і працягвае ствараць летапіс раёна. Прыемна, як адзначыў Вадзім Паўлавіч, што многія ветэраны па-ранейшаму актыўныя. Хто выходзіць з ракеткай на тэнісны корт, хто праводзіць майстар-клас у яблычным садзе – усё гэта прыклад для падрастаючага пакалення. А адна з галоўных задач сёння — працаваць з моладдзю, правільна выхоўваць яе. За плённую дзейнасць у развіцці ветэранскага руху Пісьмо падзякі ад райвыканкама атрымаў старшыня пярвічнай ветэранскай арганізацыі КУШВП ЖКГ “Маларыцкая ЖКГ” Уладзімір Ганчар.
Яшчэ доўга працягвалася святочная сустрэча. Ветэраны не толькі ўспаміналі, але і дзяліліся планамі, цікавымі задумамі. Адна з іх – стварэнне народнага фотаальбома. Ініцыятар ідэі — Валерый Савасціёнак. А калі ёсць планы – значыць, многае яшчэ наперадзе.
Святлана МАКСІМУК.

НА ЗДЫМКУ: у час юбілейнай сустрэчы.

Фота
Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано ГЧ № 20 11.03.17 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!