Тры «сонейкі» Панядзельнікаў

Складаемых шчас­ця шмат. Сустрэць сваю па­лавінку – надзейнага чалавека, з якім жыццё набывае новы сэнс, ажыццявіць запаветную мару, рэалізаваць сябе ў прафесіі, дабіцца поспеху – усё гэта шчасце. Але самае вялікае яно, у чым без долі сумненняў упэўнена гераіня замалёўкі Люд­міла Панядзельнік, – у дзецях. І гэтага шчасця давялося цярпліва чакаць жанчыне цэлых сем гадоў. Увесь гэты час з ёю побач быў любімы чалавек – муж Мікалай, які не даваў страціць надзею, кахаў і падтрымліваў. Цяпер у іх вялікая сям’я – тата, мама і тры дачушкі-прыгажуні. Усе яны сагрэты ўзаемнай любоўю. І хоць, як у кожнай сям’і, у іх хапае жыццёвых праблем, Людміла Васільеўна і Мікалай Уладзіміравіч адчуваюць сябе шчаслівымі. Бо маюць тое, без чаго самае заможнае і бестурботнае жыццё губляе сэнс, –любімых дзетак.
Яны пазнаёміліся ў час вучобы: калі абое набывалі ў тэхнікуме прафесію ветэрынара. Калі стварылі сям’ю, Мікалай ужо быў выпускнік, а Людміла – студэнтка апошняга курса. Дамоў, у Камень-Кашырскі раён, што ва Украіне, малады спецыяліст вярнуўся не толькі з дыпломам, але і з жонкай. Толькі вось работы ў сваёй вёсцы не знайшлося. А ў Маларыце жыла родная сястра Мікалая. Наведваючыся да яе, прыглядаўся малады чалавек да тутэйшых мясцін, цікавіўся, ці не знойдзецца тут для яго работа. І яна знайшлася. Праўда, спачатку не па спецыяльнасці. У Чарнянах Мікалая ўзялі ў будаўнічую брыгаду. А Людміле прапанавалі работу на цялятніку. Маладая сям’я адважылася на пераезд. І аб гэтым Панядзельнікі не пашкадавалі. Яны сумленна і старанна выконвалі даручаныя ім справы, не крыўдзіліся, што не “ацанілі” адразу іх адукацыю. І праз год Мікалай працаваў ужо галоўным ветурачом. Знайшлося прымяненне і ведам Людмілы. Ёй даручылі адказную справу – узначаліць калектыў фермы “Горы”. Вось тут спатрэбіліся маладой загадчыцы і набытае ад маці яшчэ ў школьныя гады ўменне даіць кароў, і веды па ветэрынарыі. У выніку ферма “Горы” выйшла ў лідары па надоях малака. А сама Людміла, як і яе муж Мікалай, неаднаразова заслужана атрымлівалі падзякі ад кіраўніцтва гаспадаркі.
Работа, якая задавальняе, любімы чалавек побач – усё гэта давала душы асалоду. Для поўнай гармоніі не хапала толькі радасці мацярынства. І лёс зрабіў сям’і такі падарунак. Прычым і без таго вялікае шчасце памножылася адразу на два. Без малога дзевяць гадоў назад у Людмілы і Мікалая нарадзіліся адразу дзве дачушкі – Марыя і Соф’я. З’явіліся на свет яны заўчасна. Адну з дзяўчынак адразу накіравалі ў рэанімацыю. Таму маладым бацькам давялося перажыць яшчэ нямала хваляванняў. Усе яны з часам забыліся, засталося толькі пачуццё шчасця, доўгачаканага, ні з чым не параўнальнага.
– З дзецьмі жыццё набывае новы сэнс. Хочацца працаваць, ствараць утульнасць, нешта набываць, – разважае Людміла.
Мікалай і Людміла з малых гадоў ведалі, што такое вялікая сям’я. Шасцёра дзяцей было ў бацькоў Людмілы, пяцёра – у сям’і Мікалая. А таму, калі Марыя і Соф’я падраслі, вырашылі: трэба думаць пра папаўненне. Цяпер ужо самай маленькай у сям’і – Ганначцы – два годзікі. Яна – любіміца ўсіх.
Пакуль Людміла і Мікалай рас­казвалі пра сям’ю, Маша і Соф’я падбіралі ўборы, каб быць прыгожымі на сямейным фота­здымку.
– Дзяўчынкі яны самастойныя, сур’ёзныя, але па характары, хоць і двайняты, вельмі розныя,- заўважае Людміла. – У Машы настойлівы характар, Соф’я больш падатлівая і да вучобы цягнецца.
…Перабіраю стос грамат, якія захоўваюцца ў “сямейным архіве”. Разам з граматамі таты і мамы акуратна складзены і падзякі за вучобу Соф’і. У такі момант у чарговы раз разумееш: прыклад бацькоў для дзяцей вельмі важны. А Людміла і Мікалай Панядзельнікі для сваіх дзяцей прыклад не толькі ў прафесійных поспехах, але і ў працавітасці дома. У іх хатняй гаспадарцы свінні, авечкі, індыкі, качкі, куры, ёсць свой трактар, на гектары зямлі сеюць зерне, садзяць бульбу, ёсць усё, што трэба для вялікай сям’і і на агародзе. Летам усе разам бацькі і дзеці адпраўляюцца ў лес, каб назапасіць ягад.
– Вы не думайце, мы не толькі працуем, мы і адпачываць паспяваем. Любім у Кобрын паехаць ці на рыбалку схадзіць, – з усмешкай заўважае Мікалай.
Як высветлілася, рыбалку любіць уся сям’я. Праўда, маме з вудай адпачыць магчымасць амаль не выпадае, за рыбацкім “джэк-потам” звычайна адпраўляецца тата са старэйшымі дзяўчынкамі. А маме спраў хапае на кухні. Хочацца ж парадаваць вялікую сям’ю смачненькім.
– У мамы такія тоненькія блінчыкі атрымліваюцца, і піца смачная, і дранікі, і торт “Чорны прынц”, – з захапленнем расказвае Соф’я.
– А яшчэ галубцы яна ўмее гатаваць, і боршч, аж пальчыкі абліжаш, – дадае Марыя.
У тым, што Людміла ўмелая гаспадыня, сумненняў ужо не было. Ды і зразумела, мнага­дзетнай маме ў доме заўжды работа знойдзецца. Між іншым, дом у вёсцы Горы выдзеліла сям’і мясцовая гаспадарка. Спачатку, як прызнаюцца, крыху шкадавалі, што не ў Чарнянах. Але ж у дзіцячы сад і школу дзяцей дастаўляе аўтобус, вёска Горы, можна сказаць, перспектыўная, тут шмат маладых сем’яў, шмат дзяцей. А таму вырашылі прыватызаваць жыллё, каб застацца тут назаўжды. Ды і не важна дзе жыць, лічаць Панядзельнікі, важна як і з кім.
– Умовы для жыцця сам чалавек сабе стварае, і ў таго, хто стараецца, усё атрымліваецца, – заўважае Мікалай.
– Галоўнае, каб згода была ў доме. Каб любімы чалавек быў побач, каб дзіцячымі галасамі дом поўніўся, тады і будзе чалавек адчуваць сябе шчаслівым, – дапаўняе мужа Людміла.
Вось такі ён – рэцэпт шчасця Панядзельнікаў.
НА ЗДЫМКУ: дружная сям’я Панядзельнікаў.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано ГЧ № 25 от 29.03.17 г.

Поделиться:
  •  
  • 4
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий