Увага даражэйшая за золата

Заняты ў віры паўся­дзённых праблем і пра­фесійных абавязкаў, чалавек адчувае сябе важнай часткай грамадства. Але надыходзіць час выхаду на заслужаны адпачынак, і ён “выпадае” са звыклага жыцця і былога кола зносін. І якая важная ў той час, калі актыўная праца даўно ў мінулым, увага былых калег. У чарговы раз даць адчуць такую ўвагу і было мэтай мерапрыемства, якое ў рамках падрыхтоўкі да святкавання 30-гадовага юбілею рэспубліканскай ветэранскай арганізацыі прайшло ў тэрытарыяль­ным Цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насель­ніцтва. Гасцямі Цэнтра на гэты раз сталі ветэраны сацыяльнай службы.

Сустрэча, што сабрала людзей, жыццё якіх было непасрэдна звязана з сацыяльнай работай, пачалася з падарожжа ў гісторыю. Вядучая праграмы, загадчыца аддзялення сацыяльнай адаптацыі і рэабілітацыі Таццяна Сацюк напомніла асноўныя даты заснавання і станаўлення службы — ад аддзялення сацыяльнай дапамогі да адкрыцця тэрытарыяльнага Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, які значна пашырыў пералік паслуг і катэгорый людзей, што маглі імі скарыстацца. Гэтая гісторыя – частка біяграфій тых, хто быў непасрэдна звязаны з прафесіяй сацыяльнага работніка. Удзельнікам сустрэчы было прыемна пачуць словы прывітання ад свайго былога кіраўніка Мікалая Мішчанкі. Успамінаючы гады працы, ён шчыра падзякаваў за адданасць справе ўсім, хто многія гады жыў чужымі праблемамі і быў гатовы раздзяліць чужы боль. Аб сённяшнім дні службы, асноўная задача якой падтрымліваць чалавека ў розных складаных жыццёвых сітуацыях, гаварыла ў сваім выступленні дырэктар Цэнтра Людміла Алесік. Верш, прысвечаны прафесіі, з якой былі звязаны многія гады, прапанавала ўвазе прысутных былы сацыяльны работнік Надзея Хоміч.
Не мог не прыйсці на сустрэчу з ветэранамі сацыяльнай службы старшыня раённага савета ветэранаў Уладзімір Бойка. Словы ўдзячнасці ён выказаў спецыялістам Цэнтра за цеснае супрацоўніцтва з грамадскай арганізацыяй у пытаннях арганізацыі адпачынку пажылых людзей, а самім ветэранам пажадаў і далей падтрымліваць актыўную жыццёвую пазіцыю, дзяліцца сваім каштоўным вопытам. Падтрымліваць цесную сувязь з арганізацыяй, у якой працавалі, заклікала ветэранаў і старшыня прафсаюзнай пярвічкі тэрытарыяльнага Цэнтра Дар’я Уласюк. Выхад на заслужаны адпачынак, адзначалася ў выступленні, – не прычына адасоблівацца ад свайго калектыву, а наадварот магчымасць у новым рэчышчы накіроўваць сваю энергію на важныя справы.
Шмат прыемных эмоцый падарылі гасцям выхаванцы аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў, якія падрыхтавалі канцэртную праграму, што кранала душу. А яшчэ ўсіх чакала чаяпіцце з прыемнымі размовамі і ўспамінамі.
Святлана МАКСІМУК.


НА ЗДЫМКУ:
у час сустрэчы.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано ГЧ № 26 от 1.04.17 г.

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!